Кітайскае свята вясны ў Мінску

“Вясёлае свята вясны”, прысвечанае кітайскаму Новаму году, адбылося 16 студзеня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Свята вясны — адно з самых старажытных у Кітаі, яго адзначаюць больш за 4 тысячы гадоў. Такая традыцыя мае багатую культурную аснову і адмысловы філасофскі сэнс, які адлюстроўвае светапогляд кітайскага народа і сімвалізуе гармонію, абнаўленне прыроды і чалавека. Геаграфія выдатнай традыцыі даўно выйшла за межы Паднябеснай. Штогод свята вясны ахоплівае некалькі дзясяткаў краін, у тым ліку Беларусь.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін адзначыў, што такая ўрачыстасць до­рыць магчымасць народам Кітая і Беларусі ста ць больш блізкімі адзін да аднаго, умацоўвае сяброўскія адносіны і дапамагае развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. “Зараз двухбаковыя адносіны паміж Кітаем і Беларуссю знаходзяцца ў росквіце, бо кіраўнікі нашых краін наладзілі выдатнае стратэгічнае супрацоўніцтва, якое развіваецца ва ўсіх сферах, у тым ліку ў культуры, — сказаў ён. — Свята вясны мы праводзім ужо некалькі гадоў пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. Першае такое мерапрыемства было праведзена ў 2013 годзе, пасля ў 2016-м мы стварылі Цэнтр кітайскай культуры ў Мінску, а ў 2017-м у Пекіне адкрыўся Цэнтр беларускай культуры. Свята вясны для нас вельмі важнае, бо яно ў нас  як у вас Новы год. Толькі ў Кітаі ён надыдзе 25 студзеня. Дзякуючы такому мерапрыемству, беларускія школьнікі знаёмяцца з кітайскай культурай і нашым мастацтвам”.

Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі далучыўся да свята вясны ўжо шосты раз. Намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая адзначыла, што такое тэатралізаванае навагодняе мерапрыемства стала ўжо добрай традыцыяй у межах культурнага супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі Кітая і Беларусі. “За 6 гадоў фармат мерапрыемства змяніўся, стала больш прэзентацый, майстар-класаў, і нашы навучэнцы могуць непасрэдна паўдзельні­чаць у гульнях, паказах, могуць паспрабаваць зрабіць выцінанку, але не беларускую, а кітайскую. Таксама ёсць магчымасць павучыцца пісаць іерогліфы, адчуць, наколькі гэта складана, і такім чынам акунуцца ў вывучэнне шматвяковай усходняй культуры, — дадала яна. — Сёння тут шумна і весела і дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у свяце”.

Танец дракона і жывапіс гохуа, каліграфія, чайная цырымонія, мастацкае выразанне з паперы, пляценне вузлоў, кітайскія галаваломкі і шахматы сянцы — усё гэта дазволіла сотням хлопчыкаў і дзяўчынак больш чым на дзесяці пляцоўках да­крануцца да кітайскай культуры. Асабліва зацікавіла юных беларусаў гульня сянцы. “Яна садзейнічае развіццю памяці, трэніруе ўвагу і ўменне прадумваць свае дзеянні. Дзецям вельмі цікава. Каб па­чаць гуляць, дастаткова вывучыць каля сямі іерогліфаў, — расказаў старшыня Федэрацыі кітайскіх шахмат сянцы ў Беларусі Сяргей Карчыцкі. — Дарэчы, алімпіяды па гуманітарных прадметах і матэматыцы часта выйграюць краіны, у якіх вельмі моцна развіта гульня сянцы: Кітай, Сінгапур, Ганконг, Японія, Карэя”.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін.

На адной з пляцовак у прыгожым касцюме стаяў валанцёр, студэнт факультэта журналістыкі Белдзяржунівер­сітэта Канстанцін, у вобразе кітайскага матылька. “У Кітаі ёсць легенда пра дваіх закаханых Лян Шаньбо і Чжу Інтай. Яны своеасаблівыя Рамэа і Джулье­та. Аднаго з іх я і паказваю, — патлумачыў ён. — Свята вельмі насычанае. Вось побач дзеці займаюцца іерогліфамі. Між іншым у кітайскіх іерогліфаў ёсць свая магія, і той, хто становіцца майстрам, не проста добра іх піша, а стварае са­праўдныя творы мастацтва”.

На наступнай пляцоўцы супрацоўніца Кітайскага культурнага цэнтра Кацярына Разанкова праводзіла майстар-клас па традыцыйным кітайскім жывапісе гохуа і каліграфіі. “Нашы заняткі праходзяць штотыднёва, і наведаць іх могуць усе жадаючыя: як дзеці, так і дарослыя. Заняткі развіваюць цярпенне, увагу да прыроды. Напрыклад, калі вы падарожнічаеце, то, валодаючы гохуа, зможаце намаляваць тое, што ўбачылі, па памяці. І кожны ваш малюнак будзе ўнікальны. Але абавязкова ўвесь жывапіс павінен падтрымлівацца каліграфіяй. Нават калі вы напішаце іерогліф з памылкамі, галоўнае, каб вы яго напісалі, а з кожным разам будзе атрымлівацца ўсё лепш”, — гаво­рыць яна ўважлівым хлопчыкам і дзяўчынкам.

Акрамя наведвання інтэр­актыўных пляцовак і розных майстар-класаў, для юных гледачоў быў падрыхтаваны святочны канцэрт. А дарослыя змаглі бліжэй пазнаёміцца з кітайскай культурай 17 сту­дзеня ў Белдзяржфілармоніі, дзе адбыўся гала-канцэрт з удзелам Тэатра песні і танца правінцыі Цзянсі і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.