Кітайская мова ў школьнай практыцы

11 сакавіка на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум “Кітайская — мова зносін: культура і традыцыі”. У ім удзельнічалі настаўнікі кітайскай мовы і члены рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў замежных моў з усёй краіны. Яны дзяліліся сваім вопытам і перанялі вопыт іншых.

Удзельнікаў семінара прывітаў рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны. “У Беларусі працуюць ужо 59 настаўнікаў кітай­скай мовы, сярод іх 20 — прадстаўнікі КНР, у асноўным валанцёры, але ёсць і педагогі. Спадзяюся, гэтая колькасць будзе павялічвацца і цікавасць да вывучэння мовы расці. Мы плануем развіваць гэты напрамак і ў акадэміі, я маю на ўвазе, прапаноўваць дадатковыя адукацыйныя праграмы”, — сказаў Андрэй Пятровіч.

На фарміраванні сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў класа Канфуцыя спыніла сваю ўвагу Наталля Лукашэнка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 імя акадэміка Е.Ф.Карскага Гродна. У 2016 годзе пад эгідай МДЛУ ва ўстанове адкрылі клас Канфуцыя. З таго часу кітайская мова вывучалася не толькі на факультатыве ці занятках па інтарэсах, а яшчэ стала вучэбным прадметам. У школе працуюць тры настаўнікі — валанцёры з Кітая. Яны дапамагаюць вучням  авалодаць фанетыкай, граматыкай і лексічным запасам на высокім узроўні, атрымаць веды пра краіну і культуру з першых вуснаў. Фарміраванне сацыякультурнай кампетэнцыі складаецца з трох кампанентаў: вучэбныя заняткі, факультатыўныя заняткі і пазаўрочная дзейнасць. “Далучэнне да традыцый і культуры адбываецца дзякуючы пазаўрочнай дзейнасці, — адзначыла Наталля Анатольеўна. — Адзін з напрамкаў — напісанне даследчых работ. Мы ўжо стварылі работы па тэмах “Кітайскія іерог­ліфы — гармонія з прыродай”, “Параўнальны аналіз выкарыстання лічэбнікаў у беларускіх і кітайскіх прыказках як адлюстраванне нацыянальнай культуры”, “Лінгвакультуралагічныя асаблівасці кітайскіх і рускіх прыказак пра жывёл” і інш.

Традыцыйным стала святкаванне кітайскага Новага года. Цэлы тыдзень праходзяць майстар-класы па вязанні кітайскіх вузлоў шчасця, мастацкім выразанні з паперы, каліграфіі і жывапісе, ладзіцца канцэрт з кітайскімі песнямі і танцамі. Таксама дзеці пагружаюцца ў культуру краіны праз кулінарыю (лепяць кітайскія пельмені дзяодзы), чайную цырымонію, тэатральную студыю “Паднябесная”. Дарэчы, усе метадычныя напрацоўкі класа Канфуцыя знаходзяцца ў адкрытым досту­пе ў сетцы.

Настаўніца кітайскай мовы гімназіі № 23 Мінска Софія Кутузава расказала калегам пра кластарна-асацыятыўную методыку выкладання свайго прадмета. Кейс — гэта спецыяльна падрыхтаваны вучэбны матэрыял, які апісвае канкрэтную праблему і патрабуе калектыўнага вырашэння. “Крыніцамі для вашага кейса можа быць усё: літаратура, рэальныя выпадкі. Чым бліжэй да жыцця, тым цікавей. З чаго складаецца кейс? Спачатку фармулююцца мэты, настаўнік выступае з уступным словам, знаёмячы вучняў з будучай работай. Далей вучні размяркоўваюцца па маленькіх групах, праводзяць мазгавы штурм, прапаноўваюць варыянты вырашэння праблемы, аналізуюць іх і ў канцы прэзентуюць вынікі”. Софія Станіславаўна прывяла прыклад урока па кейс-тэхналогіі на тэму “Школьная форма”, які праводзіла для вучняў 6 класа.

“Далучэнне да культуры іншага народа робіць вывучэнне замежнай мовы больш прывабным і садзейнічае паўнавартаснай камунікацыі, больш дакладнаму разуменню носьбітаў гэтай культуры”, — упэўнена настаўніца кітайскай мовы гімназіі № 1 Ліды Дзіяна Бойка. У гэтай установе кітайская мова вывучаецца першы год і выклікала вялікую ціка­васць з боку вучняў. Падчас заняткаў Дзіяна Сяргееўна выкарыстоўвае розныя метады работы для знаёмства дзяцей з культурай КНР. “На першых уроках знаёмства навучэнцаў з прадметам я расказваю пра ролю кітайскай літаратуры як асновы ўсёй кітайскай культуры, пра традыцыйнае і сучаснае пісьмо. Каб падтрымаць матывацыю да вывучэння замежнай мовы, уводжу гульні з элементамі краіназнаў­ства. Гутаркі пра культуру Кітая можна замяніць, напрыклад, віктарынамі. Яшчэ выкарыстоўваю песні, якія не толькі развіваюць навыкі аўдзіравання і папаўняюць слоўнікавы запас, але і знаёмяць вучняў з элементамі культуры Кітая”. Настаўніца адзначыла, што памочнікамі ў працы з’яўляюцца скорагаворкі, міфы і легенды, жывапіс і навінавы матэрыял.

Таксама на семінары-практыкуме падзялілася вопытам арганізацыі факультатыўных заняткаў па кітайскай мове Вольга Звярок, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 10 Маладзечна,  абмеркавалі ўмовы эфектыўнасці сучаснага ўрока Наталля Радзевіч, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела грамад­ска-гуманітарных дысцыплін Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, і Ван Жуйсінь, настаўнік-валанцёр кітайскай мовы гімназіі № 23 Мінска. Дзмітрый Ятчэня, настаўнік кітайскай мовы сярэдняй школы № 7 Брэста,  расказаў пра культурны кампанент кітайскага іерагліфічнага пісьма як факта культуры. Майстар-клас па тэме “Emoji як эмацыянальна-кагнітыўны кампанент працэсу засваення замежнай мовы” правяла Вераніка Арлова, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра. Усе ўдзельнікі семінара падтрымалі ідэю зноў сустрэцца ў наступным годзе.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.