Клапоцімся пра здароўе

Наша школа займае актыўную пазіцыю ў выхаванні ў дзяцей здаровага ладу жыцця. Акцэнт робіцца на фарміраванне жадання быць здаровымі душой і целам, імкненні прымяняць веды дзеля свайго здароўя, выпрацоўваць элементарныя гігіенічныя паводзіны. Менавіта таму мы актыўна ўключыліся ў раённую акцыю “Дзень адзіных дзеянняў “PRO- здоровье”.

У рамках раённай акцыі на працягу ўсяго тыдня ў нашым класе праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне каштоўнаснага стаўлення да ўласнага здароўя, гульні, пазнавальныя мерапрыемствы, КВЗ, віктарыны.

Напрыклад, тэматычная інфармацыйная гадзіна “Дзе здароўе, там і поспех” была прысвечана правілам правільнага харчавання, догляду за зубамі і вачыма. На маё пытанне “Што вы робіце, каб быць здаровымі?” вучні адказвалі актыўна, эмацыянальна. І я зразумела, што мае субяседнікі сапраўды клапоцяцца пра сваё здароўе.

На працягу трох гадоў навучэнцы з задавальненнем наведваюць факультатыўныя заняткі “Здаровы лад жыцця”, дзе вучацца, як беражліва ставіцца да здароўя. Формы правядзення такіх заняткаў самыя розныя: займальныя гутаркі, гульні, практычныя заняткі, аздараўленчыя хвілінкі, разгадванне крыжаванак. Тэарэтычныя звесткі чаргуюцца з практычнымі формамі работы.

Упэўнена, што кожныя нашы новыя заняткі, прысвечаныя здароўю, прынясуць дзецям пачуццё задавальнення, лёгкасці і радасці, жаданне заўсёды быць здаровым.

Галіна КАЛЕНДА,
педагог Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.