Клас МНС урачыста адкрылі ў СШ № 1 Жыткавіч імя Р.М.Тураўца. Профільны клас для хлопчыкаў і дзяўчынак 5 “А” — яскравы падарунак да 55-годдзя школы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Клас МНС складаецца з 26 школьнікаў, якія спачатку стануць удзельнікамі тэматычных акцый, мерапрыемстваў, наведаюць факультатыўныя заняткі, што правядуць інспектары МНС. У будучыні школьнікі паглыблена будуць вывучаць матэматыку і фізіку — прадметы, неабходныя для паступлення ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. У старшых класах іх таксама чакаюць профільныя заняткі: медыцынская падрыхтоўка, навыкі валодання пажарным абсталяваннем, пажарна-выратавальны спорт. А пакуль пяцікласнікі ўрачыста прамовілі клятву: высока несці гонар і годнасць, праяўляць міласэрнасць, прыходзіць на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
— Наша супрацоўніцтва з РАНС пачалося ў 2022 годзе, калі сумесна пад дахам установы адкрылі пакой па бяспецы, які наведваюць як нашы выхаванцы, так і дзеці з іншых устаноў адукацыі раёна, — гаворыць дырэктар школы Вольга Туравец. — Вырашылі на дасягнутым не спыняцца і працягнулі работу па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Сёлета на другім паверсе зрабілі тэрыторыю бяспекі: устанавілі стэнды і банеры, якія чарговы раз нагадваюць дзецям аб правілах паводзін дома і ў грамадскіх месцах. Важнай падзеяй стала адкрыццё профільнага класа для пяцікласнікаў. Прафарыентацыйная работа ва ўстанове выбудоўваецца такім чынам, каб у старшых класах вучні адчувалі сябе больш падрыхтаванымі, робячы адказны выбар на карысць будучай прафесіі.
Па словах дырэктара, каб трапіць у профільны клас, жадаючыя прайшлі адбор, дзе ўлічваліся паспяховасць і фізічныя даныя. Неаднаразова педагогі заўважалі дзіцячую зацікаўленасць, як толькі размова заходзіла аб ратавальніках-пажарных.
Акрамя таго, сярод бацькоў навучэнцаў ёсць тыя, хто працуе ў падраздзяленнях РАНС. Так ці інакш, дзеці з ранніх гадоў адчуваюць гордасць, што залічаны ў рады профільнага класа. Разумеюць, што ратавальнік — не проста прафесія, а вялікая адказнасць, стыль і лад жыцця. Дарэчы, у раёне гэта першы клас МНС, які адкрыўся для навучэнцаў другой ступені базавай адукацыі.
— Школа заключыла дагавор з РАНС. Мы распрацавалі дадатковую праграму факультатываў, у рамках якіх спачатку будзе вывучацца бяспека, потым акцэнт зробім на медыцыне, — працягвае Вольга Уладзіміраўна. — Атрымалі дазвол на нашэнне спецыяльнай формы, якая была пашыта для кожнага дзіцяці індывідуальна і ў дакладнасці нагадвае форму прадстаўнікоў службы. Бацькі, як і іх дзеці, натхніліся новым профільным напрамкам, былі рады, што іх дочкі і сыны валодаюць сілай і адвагай.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 1 Жыткавіч