Класная і яе зорачкі

- 12:06Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Для Святланы Яўгенаўны ДАЎГІХ, выдатніка адукацыі Беларусі, настаўніцы гісторыі, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Гродзенскай гарадской гімназіі імя А.І.Дубко, сёлетні выпуск 11 “Б” ужо шосты.

У працоўнай кніжцы Святланы Даўгіх — адна ўстанова адукацыі. У гэтым годзе споўнілася 40 гадоў, як яна прыйшла на той час у сярэднюю школу № 1 Гродна працаваць настаўніцай музыкі. Да гэтага, калі была навучэнкай Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча, на працягу года ўдзельнічала ў рэалізацыі эксперыментальнай праграмы імя Д.Кабалеўскага. Так і засталася. Выкладала не толькі музыку, але і сусветную мастацкую культуру. Затым быў гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. І ў педагагічную скарбонку настаўніцы дабавілася яшчэ адна цікавая дысцыпліна.

З дзяцінства педагог марыла стаць урачом, але ў выбары прафесіі вялікую ролю адыгралі бацькі. Вучылася ў музычнай школе, і бацькі параілі паспрабаваць паступіць у музычна-педагагічнае вучылішча. Паступіла і ніколі не пашкадавала, бо гэтая ўстанова адукацыі дала не толькі добрую адукацыйную базу. Тут, як прызнаецца Святлана Яўгенаўна, навучылі вучыцца. Потым у жыцці так і склалася, што трэба было пастаянна вучыцца, бо прафесія педагога патрабуе гэтага. Сёння дзеці валодаюць сучаснымі камунікацыямі і часам ведаюць больш за настаўніка. А класнае кіраўніцтва нават ­дапамагае ўдасканальвацца ў прадмеце, знаходзячыся ўвесь час ­сярод дзяцей, якія шмат ведаюць.

— Класнае кіраўніцтва — гэта вялікая праца, — лічыць Святлана Яўгенаўна. — Ты пачынаеш зжывацца з гэтым калектывам. Бярэш дзяцей з 5 класа і выхоўваеш да 11-га, калі яны ўжо становяцца юнакамі і дзяўчатамі, кожны са сваім характарам, светапоглядам. Да гэтага іх трэба весці, а гэта цэлае жыццё, і яны становяцца часткай твайго жыцця, тваёй сям’і. Хочаш ты ці не, але ўвесь час думаеш пра іх, клапоцішся. Класны кіраўнік выконвае шмат функцый, на ім вялікая адказнасць. Часам ты забываеш пра сябе як прадметніка, адыходзіш на другі план, бо цалкам аддаешся свайму класу. І працаваць трэба не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі.

Зразумела, грамадства развіваецца, і калі 20 гадоў назад гэта было адно пакаленне, то сёння ў школу прыходзіць фармацыя дзяцей з іншымі поглядамі і іншымі бацькамі. Таму класны кіраўнік павінен умець размаўляць з іх мамамі і татамі, а часам і з бабулямі і дзядулямі.

— Усе мае калегі ў Гродзенскай гарадской гімназіі — высакакласныя класныя кіраўнікі, — упэўнена Святлана Даўгіх. — У нас нават група ў сацыяльных сетках называецца “Самыя класныя класныя кіраўнікі”. Кожны вельмі добрасумленна займаецца сваёй справай. Да кожнага можна звярнуцца па параду, пераняць пэўны вопыт, новы метад, які выкарыстоўваецца ў рабоце. Усе працуюць на энтузіязме, не толькі выкладаючы свой прадмет, але і як высакакласныя, кваліфікаваныя класныя кіраўнікі. І вельмі радуе, што прыходзіць маладое пакаленне педагогаў і адразу добра заяўляе аб сабе. Прыемна працаваць з такімі калегамі, якія могуць пераняць твой вопыт, а ты можаш у іх павучыцца. 

Святлана Яўгенаўна вельмі добра памятае свой першы выпуск. На той час установа адукацыі была ліцэем “Альфа” з фізіка-матэматычным напрамкам. Адкрыўся і культуралагічны клас, у якім педагог стала класным кіраўніком.

— Гэта былі асаблівыя дзеці. КВЗ, выставы, паездкі, культпаходы — усё трэба было з імі паспець. Былі і шматлікія турыс­тычныя паходы, экскурсіі па Беларусі і за мяжу, наведванне тэатраў і музеяў. У падарожжах дзеці атрымлівалі вялікі багаж ведаў і затым маглі прымяніць іх на практыцы. Сёлета споўнілася 20 гадоў, як яны скончылі школу. Жывуць у розных краінах свету і, калі дасылаюць свае віншаванні з рознымі святамі, прызнаюцца, што ім у жыцці вельмі дапамаглі веды, атрыманыя ў культуралагічным класе, падчас нашых экскурсій. Мне вельмі шанцавала на выпускі, у мяне заўсёды былі цудоўныя вучні. Я памятаю ўсіх па імёнах. Многія ўжо прывялі ў нашу гімназію сваіх дзяцей. Вельмі прыемна, што яны аддаюць дзяцей у нашу ўстанову адукацыі — з традыцыямі, дзе заўсёды пануе асаблівы дух, — расказала С.Я.Даўгіх.

Цяперашнія выпускнікі, на погляд педагога, не менш творчыя і цікавыя, чым яе першы выпуск. Гэтыя дзеці ў свой час здавалі экзамены, каб паступіць у 5 клас, таму прыйшлі з усяго горада. 

— Асаблівасць у тым, што ў адным класе сабраліся ўсе зорачкі, — падкрэсліла педагог. — Безумоўна, кожны са сваім светапоглядам, іскрынкай. І такія ж цікавыя ў іх бацькі. У гэтым класе я ўпершыню правяла эксперымент, аддаўшы шмат увагі супрацоўніцтву з бацькамі. Два гады запар мы рабілі цэлую серыю класных гадзін, на якія запрашалі бацькоў гімназістаў для таго, каб яны расказалі пра сваю работу. А прафесіі ў іх унікальныя. Дарослыя чыталі вершы, дэманстравалі школьную форму, знаёмілі з прафесіяй эканаміста і іншымі. Мы запрасілі практычна ўсіх бацькоў, і дзеці даведаліся, хто чым займаецца. Атрымалася цікавае трыадзінства: я як класны кіраўнік, дзеці і іх бацькі.

Святлана Яўгенаўна падкрэсліла, што бацькі яе цяперашніх выпускнікоў актыўна ўдзельнічаюць у жыцці класа. Педагог заўсёды на сувязі з імі, паміж імі склаліся сапраўды цёплыя адносіны.

— Мой цяперашні выпуск настолькі паспяховы, што кожны вучань унікальны ў нечым сваім, — з гордасцю расказала С.Я.Даўгіх. — Я назвала б іх парадам зорак. З 25 чалавек 10 прэтэндуюць на медаль, агульны сярэдні бал класа ўжо складае 9,26. Мае вучні ўдзельнічалі ў алімпіядным руху, навукова-практычных канферэнцыях, атрымлівалі дыпломы па розных прадметах. Кожны з іх асоба са сваімі здаровымі амбіцыямі, хобі. Нехта бачыць сябе ў кінематографе, творчай прафесіі, а нехта марыць пра касмічныя прасторы.

Святлана Яўгенаўна ўпэўнена, што класны кіраўнік павінен быць для вучняў сябрам, разумець іх і самае галоўнае — быць сумленным, ніколі не хлусіць. Тады дзеці будуць давяраць педагогу.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.