Класны кіраўнік для 700 дзяцей

- 11:49Людзі адукацыі

Хто такі педагог-арганізатар? Звычайны педагог —  сябар і паплечнік для дзяцей, а можа, і зусім — трэці з бацькоў. Адно зразумела дакладна: гэты чалавек заўсёды павінен знайсці агульную мову з кожным дзіцем, заўсёды спакойна ісці на кантакт, разумець і прымаць кожнага навучэнца.

Сяргей Генадзевіч Хвайніцкі — харызматычны, таленавіты і добразычлівы чалавек. Ён працуе педагогам-арганізатарам у сярэдняй школе № 62 Мінска, якую сам калісьці скончыў. Сяргей Генадзевіч у прафесіі 15 гадоў і пакуль што не збіраецца яе мяняць. Мерапрыемствы, святы, канцэрты — усё гэта, здавалася б, штодзённасць для педагога-арганізатара ў школе, руціна, але толькі не для яго.

— Для мяне гэта стыль жыцця, — кажа Сяргей Генадзевіч і дадае: — гэта цэлы свет для мяне, я з задавальненнем ха­джу на работу 6 дзён на тыдзень, а бывае, што і ўсе 7. У мяне вялікая колькасц­ь праектаў, шмат узнагарод і неверагодныя дзеці, якія радуюць мяне кожны дзень сваімі аповедамі і ўсмешкамі.

Сяргей Генадзевіч скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Педагагічная псіхалогія”. Да трэцяга курса марыў стаць псіхолагам і пайсці ў навуку. Аднак творчы пачатак узяў сваё: мерапрыемствы, канцэрты, паходы ад універсітэта — усё пералічанае паспрыяла таму, што педагог пачаў развівацца ў творчым рэчышчы, а затым звязаў з гэтым прафесійнае жыццё.

С.Г.Хвайніцкі паспяховы ў прафесіі і пакуль не бачыць неабходнасці прыкладваць сілы для чаго-небудзь іншага. Ёсць шмат кніг, відэа на тэму прафесійнай дзейнасці педагога-арганізатара, але Сяргей Генадзевіч упэўнены ў тым, што калі гэта прызванне, калі гэта норма жыцця, калі ты прачынаешся з нейкімі ідэямі, едзеш на працу з гэтымі думкамі і потым на рабочым месцы іх запісваеш і ўвасабляеш, то гэта тваё адназначна.

Усе мерапрыемствы, выпуск насценгазеты, раённыя і рэспублікан­скія конкурсы — усё цалкам кладзецца на плечы педагога-арганізатара, і менавіта таму чалавек, які займае гэтую пасаду, павінен быць прафесіяналам сваёй справы. Сяргей Генадзевіч ведае кожнае дзіця ў школе, і да кожнага ён ставіцца з душой і цяплом. Часта дапамагаюць і бацькі: у падрыхтоўцы рэквізіту да выступленняў, у пашыве касцюмаў, падвозяць дзяцей на рэпетыцыi, якія праходзяць па-за школай. Безумоўна, і самі падлеткі праяўляюць ініцыятыву і зацікаўленасць у тым, каб канцэрты праходзілі яшчэ лепш і больш сучасна, аднак план работы з дзецьмі першапачаткова складае педагог-арганізатар. І ўсё ж карэкціровак з боку дзяцей вельмі шмат. Напрыклад, Дзень маці, як расказвае Сяргей Генадзевіч, можа рэзка “ўсплыць” якім-небудзь класным і вясёлым мюзіклам.

Падчас дыстанцыйнага навучання (у канцы мінулага навучальнага года) праца не спынілася. Дзеці часта прыхо­дзілі ў школу, а таксама трымалі з педагогам сувязь у Viber і ва “УКантакце”. Нават у перыяд пандэміі Сяргей Хвайніцкі і яго вучні змаглі заваяваць шмат прызавых месцаў у раённых i гарадскiх конкурсах. У гэтым годзе навучэнцы не выступалі на сцэне, а запісвалі відэа з танцамі, песнямі, візітоўкамі і дасылалі іх на конкурс. Дзеці былі вельмі задаволены працай, фарматам і, вядома ж, сваімі вынікамі.

Праца ў школе для Сяргея Генадзевіча — гэта вельмі яркі калейдаскоп па­дзей, у яго няма руціны, яго сёння не падобнае на заўтра, а заўтра не падобнае наогул ні на што.

Сяргей Генадзевіч любіць удзельнічаць у розных праектах. У 2019 го­дзе педагог перамог у гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог-арганізатар”, да гэтага ён удзельнічаў у названым конкурсе аж у 2015 годзе, заняўшы тады 4-е месца. А нядаўна ён заваяваў прэмію Мінгар­выканкама за праект “Выяўленне лідараў і стварэнне ўмоў для развіцця лідарства ў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднаннях, вучнёўскім самакіраванні”. Вялікай базай для гэтага праекта стала тое, што кожны год 62-я школа прымае ўдзел у конкурсе “Лідар года” (з 2012 го­да і дагэтуль — чэмпіёны), а таксама тое, што педагог-арганізатар прадстаўляе на ім дзіцячыя і маладзёжныя аб’яднанні.

У дадзенай рабоце педагога-арганізатара прадстаўлены матэрыялы па стварэнні ўмоў для развіцця лідар­ства ў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднаннях, вучнёўскім самакіраванні; абагульняецца практычны вопыт дзейнасці, накіраваны на фарміраванне ў падрастаючага пакалення не толькі лідарскіх якасцей, але і патрыятычных перакананняў, грамадзянскай свядомасці, творчай індывідуальнасці, на самарэалізацыю, самавызначэнне, сацыяльную адаптацыю вучняў. У дадатку прадстаўлены метадычныя распрацоўкі па фарміраванні лідарскіх якасцей у навучэнцаў, сцэнарыі агітбрыгад — пераможцаў і прызёраў раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх этапаў конкурсаў “Лідар года”, “Піянер года”, “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагог-арганізатар”, “СуперТройка” за 2016—2019 гады.

Гэтае даследаванне, па словах Сяргея Генадзевіча, адрасуецца педагогам-арганізатарам, класным кіраўнікам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і іншым спецыялістам устаноў адукацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па кірунку “Выхаванне патрэбы ў развіцці і самарэалізацыі асобы, развіццё дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, вучнёўскага самакіравання”.

“Пры напісанні работы я сутыкаўся з некаторымі цяжкасцямі, аднак жаданне атрымаць добры вынік перасільвала ўсе пачуцці. Безумоўна, мне дапамаглі курсы пры МДАІРА па напісанні праекта, жаданне і, несумненна, падтрымка калег і блізкіх мне людзей. Пры складанні праекта мне дапамагала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Марына Тадэвушаўна Краўцова, з якой мы працуем ужо на працягу 10 гадоў. Метадычны складнік, настаўніцкая частка — гэта яе заслуга. Таксама я прапрацаваў шмат метадычнай літаратуры, псіхолага-педагагічных аспектаў па фарміраванні лідарства. У мяне была добрая база, жаданне і вопыт для таго, каб увасобіць свае думкі ў рэальнасць. І гэта ў мяне атрымалася, — дзеліцца педагог і дадае: — У чым жа плюс працы педагога-арганізатара? Мы кожны год атрымліваем новыя конкурсы. І гэта зноў жа новы вопыт, новая вялікая метадычная работа, да якой трэба прыкладаць максімум намаганняў і ведаў. Гэта новая пастановачная праца, якая ніколі не прымусіць сумаваць. І гэта менавіта тое, што неабходна, калі працуеш з дзецьмі”.

Лізавета КАСТЭНКА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.