Кластар — эфектыўны механізм узаемадзеяння

- 12:14Суразмоўца

На пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, прысвечаным вынікам дзейнасці сістэмы адукацыі за мінулы год, павышаная ўвага была ўдзелена развіццю прафесійнай школы, падрыхтоўцы кадраў, якія адпавядаюць патрабаванням сённяшняй эканомікі. Намеснік прэм’ер-міністра краіны Н.І.Качанава пацвердзіла, што гэта магчыма толькі пры цесным супрацоўніцтве сістэмы прафесійнай адукацыі і наймальнікаў кадраў. Такая выснова стала ключавой пры абмеркаванні кадравых пытанняў у рамках круглага стала, які адбыўся ў Магілёве на базе Архітэктурна-будаўнічага каледжа ў складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. У пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Д.І.Семянкевіч, рэктар РІПА А.Х.Шкляр, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, кіраўнікі будаўнічых арганізацый і навучальных устаноў. Як сёння складваюцца адносіны прафесійнай школы з наймальнікамі кадраў, як вядзецца работа па аптымізацыі сістэмы кваліфікацый кадравага складу нашай эканомікі, расказвае начальнік аддзела развіцця кваліфікацый РІПА А.П.КАНАНОВІЧ.

— Ася Пятроўна, не сакрэт, што супрацоўніцтва паміж сістэмай прафесійнай адукацыі і заказчыкамі кадраў у падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў складваецца няпроста. Крокаў насустрач адно аднаму зусім мала. Якая карціна назіраецца сёння? Ці пачаўся, нарэшце, працэс узаемадзеяння?
— Узаемадзеянне прафесійнай адукацыі з галінамі заўсёды з’яўлялася адзіным правільным шляхам да павышэння якасці прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі менавіта тых кадраў, якія адэкватна адпавядалі б запатрабаванням наймальнікаў. Але асаблівую значнасць гэта набывае ва ўмовах інавацыйнага развіцця эканомікі.
Нашы ўзаемаадносіны з наймальнікамі кадраў заснаваны на прынцыпе “праўда заўсёды на баку заказчыка”. Аднак мы нярэдка выслухвалі абвінавачванні з боку наймальнікаў, што мы рыхтуем не тых і не так. А чаму так адбывалася? Адна з прычын у тым, што сістэме прафесійнай адукацыі не хапае правільна сфарміраванага заказу, прычым заказу не па колькасці кадраў, неабходных для той ці іншай галіны нашай эканомікі, і які, дарэчы, цяжка спрагназаваць у сувязі з імклівым змяненнем тэхналогій, арганізацыі працы. Нам патрэбна аператыўная інфармацыя аб змяненнях на канкрэтных рабочых месцах, аб новых тэхналогіях і абсталяванні, новых формах арганізацыі працы. Вось гэта і ёсць адна з асноўных задач узаемадзеяння з заказчыкамі кадраў і ўмова аператыўнага абнаўлення зместу і тэхналогіі адукацыі. Зыходзячы з гэтага неабходна фарміраваць і новыя кваліфікацыйныя патрабаванні да адпаведных кваліфікацый. Да нядаўняга часу мы бралі за аснову існуючыя класіфікатары, дзе сфарміраваны кваліфікацыйныя патрабаванні да пасад, якія, па сутнасці, сёння ўжо састарэлі. Таму і атрымлівалася, што вялася падрыхтоўка не заўсёды запатрабаваных спецыялістаў, а ў большасці сваёй кадраў масавых прафесій. Такая неадпаведнасць запытам рынку працы і зматывавала нас на тэрміновае абнаўленне кваліфікацыйных патрабаванняў да рабочых і спецыялістаў. Цяпер Міністэрства адукацыі, непасрэдна РІПА разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, галіновымі міністэрствамі і прафесійнымі аб’яднаннямі вядуць актыўную работу па абнаўленні кваліфікацыйнай структуры кадраў. У гэтым працэсе задзейнічаны і непасрэдныя наймальнікі кадраў. Трэба сказаць, што за апошні час наша работа па развіцці ўзаемадзеяння з наймальнікамі, на наш погляд, дасягнула вынікаў у прафесійным супрацоўніцтве, што паўплывала на фарміраванне канкрэтных патрабаванняў да прафесійнай адукацыі. Мы з нашымі партнёрамі прыйшлі сёння да грунтоўнай размовы і сумесна абмяркоўваем пытанне, што трэба зрабіць, каб наш выпускнік прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай установы адукацыі прыходзіў на рабочае месца з высокай ступенню гатоўнасці да выканання сваіх функцый. Нашы наймальнікі пачынаюць разумець, што ў рамках прафесійнай адукацыі немагчыма падрыхтаваць такога рабочага і спецыяліста, які б, як пад кальку, адпавядаў патрэбам вытворчасці. У большай ступені навучальныя ўстановы могуць даць тэарэтычны курс падрыхтоўкі і першачарговыя прафесійныя навыкі, а далейшае больш дасканалае засваенне прафесіі, безумоўна, патрабуе вытворчых плошчаў. Нам патрэбны практычны вопыт, які можна атрымаць толькі ў рэальнай вытворчасці, непасрэдна ў працоўным калектыве. Мы дастаткова ўдала спрабуем даваць практычныя навыкі навучэнцам на базе высокатэхналагічных вучэбных і рэсурсных цэнтраў, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца ў прафесійнай падрыхтоўцы, але ўсё ж гэтага не дастаткова. Тут неабходны выхад на канкрэтныя рабочыя месцы, а гэта задача ўжо наймальніка. Сёння РІПА актыўна шукае формы ўзаемадзеяння з прадпрыемствамі і арганізацыямі, каб стварыць умовы для рэальнай практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах вытворчасці.

— Усё больш актуальнае значэнне ў сістэме адукацыі набывае стварэнне адукацыйных кластараў. Скажыце, ці можа кластар стаць найбольш эфектыўнай структурай узаемадзеяння прафесійнай адукацыі і наймальнікаў?
— Сапраўды, так. Сусветная практыка сведчыць, што нацыянальныя інавацыйныя сістэмы нельга пабудаваць без развіцця супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі, даследчымі цэнтрамі, органамі дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, патэнцыяльнымі інвестарамі. На сённяшні дзень адным са шляхоў аб’яднання намаганняў наймальнікаў, органаў кіравання галін, навукова-праектных арганізацый, сістэмы адукацыі і канкрэтнага прадпрыемства з’яўляецца такая структура ўзаемадзеяння, як кластар. Адукацыйны кластар павінен, на мой погляд, не толькі фармальна аб’яднаць адукацыю, навуку і вытворчасць, але і стварыць умовы для развіцця партнёрства, супрацоўніцтва, дыялогу паміж яго ўдзельнікамі. У адукацыйны кластар па профілі павінны ўвайсці органы дзяржаўнага кіравання, установы адукацыі ўсіх узроўняў — прафесійна-тэхнічнага, сярэдняга спецыяльнага, вышэйшага, а таксама сістэма падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў і нават агульнаадукацыйныя школы. Акрамя таго, у кластар мэтазгодна ўключыць навукова-праектныя і навукова-даследчыя арганізацыі, якія стануць жыватворным падсілкаваннем для сістэмы прафесійнай адукацыі ў сферы інфармацыйнага забеспячэння па новых тэхналогіях, па новых кірунках арганізацыі працы, па новых распрацоўках. Хочацца спадзявацца, што стварэнне кластараў паспрыяе падрыхтоўцы менавіта такіх рабочых і спецыялістаў, якія будуць не толькі адпавядаць сучаснай вытворчасці, але ўвогуле ўплываць на развіццё эканомікі. Падкрэслю і тое, што адукацыйны кластар — гэта не самазамкнёная сістэма, створаная назаўсёды, яна гнуткая, мабільная і адкрытая для ўсіх зацікаўленых. У цэлым кластар звязвае ў кадравай палітыцы дзяржаву, эканоміку, адукацыю і асобу чалавека.

— Сёння вядзецца маштабная мадэрнізацыя айчыннай вытворчасці, адбываецца ўкараненне новага абсталявання і сучасных тэхналогій, таму адным з важных кірункаў кадравай палітыкі для многіх галін з’яўляецца забеспячэнне кадрамі па эксплуатацыі і абслугоўванні новай тэхнікі. Як вы адрэагавалі на гэтыя захады?
— Калі раней мы ў большай меры рыхтавалі рабочых-выканаўцаў, а сярэдняе звяно прадстаўляла пераважна тэхнікаў як праекціроўшчыкаў і арганізатараў працы, то сёння востра стаіць пытанне, якія кадры змогуць забяспечыць сённяшнюю мадэрнізацыю вытворчасці і непасрэдна абслугоўваць новую тэхніку. Аб гэтым сведчаць і запыты наймальнікаў кадраў. Напрыклад, у галіне сельскай гаспадаркі Дзяржаўная праграма развіцця малочнатаварных фермаў, аўтаматызаваных ферм з робататэхнікай прадугледжвае падрыхтоўку адпаведных кадраў. Таму разам з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, з вытворцамі абсталявання РІПА распрацаваў новую кваліфікацыю — “наладчык аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі”, якая ўяўляе сабой рабочага пятага разраду для аграпрамысловага комплексу. Мы маем шмат прыкладаў, калі ў той ці іншай галіне набыта сучаснае айчыннае або замежнае абсталяванне, а на ім няма каму працаваць. Такая сітуацыя, напрыклад, склалася ў галіне лесанарыхтовак. Айчыннымі распрацоўшчыкамі была створана высокатэхналагічная машына, па сутнасці, завод на калёсах па апрацоўцы драўніны, але на практыцы з-за адсутнасці адпаведных кадраў выкарыстоўвалася не больш за 30 працэнтаў магчымасцей гэтай машыны. Таму кіраўніцтва лесанарыхтоўчай галіны звярнулася за дапамогай да сістэмы адукацыі падрыхтаваць гэтыя кадры. РІПА сумесна з наймальнікамі кадраў распрацаваў кваліфікацыйныя патрабаванні да новых спецыялістаў, і цяпер ужо адкрыта падрыхтоўка машыністаў па абслугоўванні гэтых машын з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у Барысаўскім лесаагратэхнічным каледжы, куды прыязджаюць вучыцца з усіх куткоў краіны. Такая ж работа вядзецца для мэблевай вытворчасці, для лагістыкі і іншых галін. Сёння мы ахопліваем практычна ўсе галіны.

— Як вядома, цеснае ўзаемадзеянне прафесійнай адукацыі і наймальнікаў кадраў даўно наладжана ў галіне аўтасэрвісу.
— Мы цесна працуем з гэтай галіной ужо некалькі гадоў. Пацвярджэннем супрацоўніцтва з’яўляюцца сумесныя праекты аўтамабільнай сферы і прафесійна-тэхнічнага каледжа, які ўваходзіць у склад РІПА. На сёння аўтасэрвіс нашай краіны прадстаўлены больш як 3 тысячамі прадпрыемстваў, малых, сярэдніх, прыватных, большасць з якіх працуюць па прамых кантактах з пастаўшчыкамі. Пры непасрэдным удзеле Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў, партнёраў з вучэбных цэнтраў Volkswagen, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў класіфікатар былі ўведзены прафесіі кузаўшчыка, аўтамеханіка з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Акрамя таго, пры ўдзеле Міністэрства гандлю была распрацавана новая кваліфікацыя па арганізацыі і тэхналогіі аўтасэрвісу. Гэта зусім новая мадэль спецыяліста, які будзе валодаць тэхнічнай, тэхналагічнай падрыхтоўкай, добра ведаць аўтамабіль, працэс тэхналогіі сэрвісу, выконваць функцыі менеджара і, па сутнасці, з’яўляцца пасрэднікам паміж заказчыкам і выканаўцам рамонтных работ. Апорай цеснага супрацоўніцтва РІПА і машынабудаўнічай галіны стала прафесія мехатронік. Сёння яна вельмі запатрабавана ў эканоміцы, і попыт на такія кадры расце з кожным годам.

— Напэўна, пытанне, як падрыхтаваць сучаснага будаўніка, стала асновай размовы на нядаўнім сумесным абмеркаванні за круглым сталом?
— Пасяджэнне круглага стала ў Магілёве стала пацвярджэннем сістэмнай работы гэтай галіны па ўзаемадзеянні з сістэмай прафесійнай адукацыі. Удзел у абмеркаванні праблем прынялі звыш 20 будаўнічых арганізацый, сярод якіх буйныя холдынгі, а таксама малыя і сярэднія будаўнічыя арганізацыі. Нарада прайшла пад старшынствам намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Д.І.Семянкевіча і рэктара РІПА А.Х.Шкляра.
На сённяшні дзень востра стаіць праблема забеспячэння рабочымі кадрамі будаўнічых аб’ектаў. Калі для навукова-даследчых і праектных арганізацый кадры з вышэйшай адукацыяй падрыхтаваны ў дастатковай ступені, то для работы ў будаўнічых арганізацыях, непасрэдна на самой будаўнічай пляцоўцы, кадраў істотна не хапае, а калі яны і ёсць, то якасць іх падрыхтоўкі не задавальняе заказчыкаў кадраў. Сапраўды, гатоўнасць нашых выпускнікоў да работы непасрэдна на будаўніцтве недастатковая. Пры тым, што яны маюць даволі высокую тэарэтычную падрыхтоўку, па-ранейшаму слабым месцам застаецца практыка. Істотны і той факт, што ў нас яшчэ ёсць недахопы ў аснашчэнні ўстаноў прафесійнай адукацыі інавацыйнымі тэхналогіямі і сучасным абсталяваннем, якія адносяцца да будаўнічай галіны. Нягледзячы на тое, што ў галіне наладжаны кантакты з замежнымі і айчыннымі фірмамі, якія вырабляюць будаўнічыя матэрыялы, прадстаўляюць новыя будаўнічыя тэхналогіі, база для іх вывучэння існуе не ў многіх навучальных установах. Мае месца і той негатыўны вопыт, калі практыкантам з ліку навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў даручалі на будаўнічай пляцоўцы толькі што-небудзь паднесці.
Акрамя таго, у будаўнічай галіне існуе супярэчнасць паміж кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да пасад і кваліфікацыі выпускнікоў. Неабходнасць стажу па асобных прафесіях не дазваляе нашым выпускнікам уладкавацца на работу пасля заканчэння ўстановы на пасаду майстра альбо прараба. Галіновае міністэрства мае намер перагледзець кваліфікацыйныя патрабаванні ад простых рабочых да кіраўнікоў будаўніцтва. З гэтай мэтай было вырашана стварыць сумесную групу па распрацоўцы кваліфікацыйнай структуры кадраў на базе Інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белбудцэнтр”, якое з’яўляецца вядучай арганізацыяй у навукова-метадычным забеспячэнні будаўнічай індустрыі.
У магілёўскім рэгіёне плануецца таксама стварыць адукацыйны кластар будаўнічай галіны. З яго дапамогай будуць аб’яднаны намаганні ўсіх зацікаўленых партнёраў як ва ўдасканаленні кваліфікацыйнай структуры, так і ў павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў, але не ў галіне педагогікі і псіхалогіі, дзе ў нас створана трывалая сістэма ў тым ліку і на базе РІПА, а ў тэхналагічнай падрыхтоўцы, вывучэнні імі новых тэхналогій, абсталявання, арганізацыі вытворчасці. З гэтай мэтай будзе арганізавана іх стажыроўка на будаўнічых пляцоўках і ў праектных арганізацыях. Кластар стане своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай для ўзаемадзеяння партнёраў у нарматыўным, фінансавым, рэсурсным кірунках і ў далейшым стане прататыпам для развіцця адукацыйных кластараў у іншых галінах.
Высокую зацікаўленасць выклікала інфармацыя А.Х.Шкляра аб перспектывах стварэння нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і сертыфікацый, распрацоўцы прафесійных стандартаў, што дапаможа аб’ектыўна ацаніць вынікі прафесійнай адукацыі і паспрыяе ўдасканаленню зместу і тэхналогій падрыхтоўкі кадраў. У гэтым кірунку РІПА адводзіць значную ролю ўстановам адукацыі са статусам вядучых па асноўных галінах эканомікі. Сёння інстытут працуе ў рамках міжнароднага праекта і будзе весці адпаведную эксперыментальную работу па апрабацыі гэтага кірунку.
На аснове пастановы Савета Міністраў аб сертыфікацыі будаўнічых арганізацый і будаўнічых кадраў “Белбудцэнтр” разпрацаваў сістэму сертыфікацый, дзе прадстаўлены пералік пасад, якія падпадаюць пад сертыфікацыю, патрабаванні да іх і інструментарый. Вопыт сертыфікацыі кадраў будаўнічай галіны можа стаць прататыпам для распрацоўкі нацыянальнай сістэмы сертыфікацый. Акрамя таго, прадстаўнікі будаўнічай галіны прэзентавалі аўтаматызаваную сістэму ўліку кадраў па патрэбах, кваліфікацыях, стажы, узросце і па ўсіх іншых паказчыках, якія характарызуюць кадравы патэнцыял. А гэта яшчэ раз пацвярджае, што будаўнічая галіна дакладна ведае свае патрэбы ў кадрах. Магчыма, гэтая праграма будзе выкарыстана пры прагназаванні патрэбнасці ў кадрах будаўнічай галіны і пры фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.