Клецкая ардынацыя

Ведаем, што Пінск — сталіца Палесся, Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці, Мазыр — беларуская Швейцарыя, Нясвіж — некаранаваная сталіца ВКЛ. А што скажам пра Столін — суседні з Пінскам райцэнтр? Што ведаем пра Верхнядзвінск, які, як і Полацк, знаходзіцца на беразе Заходняй Дзвіны? Што чулі пра Калінкавічы, ад якіх да Мазыра рукой падаць? Нарэшце, чым славіцца Клецк, у гісторыі якога Радзівілы адыгралі такую ж важную ролю, як і ў гісторыі Нясвіжа?

Выйсці з ценю

Каб адказаць на гэтыя пытанні, многія з нас звернуцца па дапамогу да Гугла. Сорамна? Канечне. Аднак апраўдацца можна: Беларусь жа вялікая, адных райцэнтраў у ёй 118, і ў гэтым лабірынце гарадоў і гарадскіх пасёлкаў вельмі лёгка заблукаць, а каб спазнаць адметнасці кожнага населенага пункта гарадскога тыпу, наогул спатрэбіцца цэлае жыццё. Хаця жыхарам таго ж Століна ўсё роўна непрыемна, калі пры знаёмстве ў іх перапытваюць: “Адкуль вы? Са Слоніма?” Апошнія гады падобныя пытанні задаюць не так часта. Шматлікія фестывалі, актывізацыя школьнай краязнаўчай справы спрыяюць папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу малых гарадоў, яны паступова выходзяць з ценю старэйшых братоў.

З ценю старэйшага брата Нясвіжа выходзіць і Клецк. Хаця наконт старэйшага брата можна паспрачацца. Сёлета Клецк адзначыў 890-годдзе, а гэта значыць, што ён на цэлых 319 гадоў афіцыйна старэйшы за Нясвіж. Чаму брата, а не проста суседа? Справа ў тым, што парадніў Клецк і Нясвіж славуты род Радзівілаў. Аднак у 1690 годзе пасля смерці Станіслава Казіміра, які не пакінуў нашчадкаў, лінія клецкіх Радзівілаў згасла. Клецкая ардынацыя перайшла да яго дзядзькі Дамініка Мікалая Радзівіла. Уся слава славутага роду дасталася Нясвіжу. Клецк адышоў у цень. “Час выходзіць з ценю”, — вырашыў у 60-я гады былы настаўнік геаграфіі сярэдняй школы Клецка адзін з заснавальнікаў спачатку школьнага, а потым і раённага краязнаўчага музея Дарафей Максімавіч Чорны. Дзякуючы яго зацікаўленасці, нястомнасці, пачалося вяртанне Клецку гістарычнай славы.

Бізнес-выхаванне

Прадаўжальнікі справы Дарафея Максімавіча (юныя экскурсаводы клецкай сярэдняй школы № 2 і іх настаўніца гісторыі Жанна Георгіеўна Цітко) раскажуць пра родны горад не менш цікава і захапляльна, чым супрацоўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка пра славуты Нясвіж. Наогул, педагогам-краязнаўцам, якія жывуць у невялікіх райцэнтрах, пашчасціла. Поле для краязнаўчай дзейнасці ў іх шырокае і, вобразна кажучы, амаль не ўзаранае. Калі пра Мінск, абласныя цэнтры або ўсё той жа Пінск, Полацк, Мазыр, Нясвіж вядома ў гістарычным плане практычна ўсё, то пра Клецк можна расказаць вельмі мала. Параўнальна мала, бо, дзякуючы матэрыялам, якія сабралі клецкія краязнаўцы, гэтае “вельмі мала” можа доўжыцца некалькі гадзін.

Тры-чатыры гадзіны мінімум — менавіта столькі часу патрэбна для знаёмства з турыстычна-экскурсійнымі маршрутамі “Месцы, дзе ажывае памяць”, “Нам засталася спадчына”, “Сучасныя святыні горада”, створанымі ў рамках школьнай бізнес-кампаніі “Ад веку да веку”. Як паведаміла дырэктар клецкай сярэдняй школы № 2 Галіна Васільеўна Дулуб, працуе бізнес-кампанія з мінулага навучальнага года. На працягу летніх канікул вучні старшых класаў распрацоўвалі пад кіраўніцтвам Жанны Георгіеўны экскурсійныя маршруты, а ў жніўні прэзентавалі іх для ўдзельнікаў раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў.

Адна з галоўных мэт бізнес-кампаніі — атрыманне грашовага прыбытку ад аказання турыстычна-экскурсійных паслуг. Галоўная, але не першасная. Першасным з’яўляецца выхаваўчы момант. Па словах Галіны Васільеўны, у рамках рэалізацыі праекта важна пазнаёміць навучэнцаў з гісторыка-культурнымі славутасцямі горада, пашырыць веды пра мінулае Клецка, развіваць інтэлектуальны і творчы патэнцыял экскурсантаў.

Горад-таямніца

Гарады бываюць розныя. Велічныя сваёй гісторыяй і архітэктурай, як Гродна і Полацк, ахутаныя легендамі і паданнямі, як Заслаўе і Магілёў, гарады, якія могуць навяваць настальгічныя сны-ўспаміны пра мінулае, як Навагрудак, Мір і Нясвіж. А ёсць гарады, якія, здаецца, нічым не могуць здзівіць выпадковага госця. Жыццё ў іх, на першы погляд, манатоннае і павольнае, нічым не характэрнае і не затрымае вас надоўга. Але вы нават не здагадваецеся, колькі ўсяго цікавага прыхоўваецца за старымі сценамі будынкаў, у старых вулачках і закутках. Да такіх гарадоў адносіцца і Клецк — горад-воін, горад-працаўнік, горад-таямніца, горад са шматвяковай гісторыяй. У любую пару года светлы, прыгожы і ўрачысты. Яго трэба толькі ведаць, адчуваць, любіць…

Гэта не мае словы, словы госця, які прыехаў у камандзіроўку на некалькі гадзін, завітаў у горад, дзе, на першы погляд, пануе манатоннае і павольнае жыццё. Выпадковы госць і не здагадаўся б, колькі ўсяго цікавага прыхоўваецца за старымі сценамі будынкаў, у старых вулачках і закутках, калі б маімі спадарожнікамі не сталі аўтары гэтых прыгожых слоў, якія ведаюць, адчуваюць і любяць Клецк. Пасля такога незвычайнага лірычнага знаёмства з Клецкам старшакласнікі разам з Жаннай Георгіеўнай Цітко прапанавалі бліжэй пазнаёміцца з горадам-воінам, горадам-працаўніком, горадам-таямніцай і адправіцца па мясцінах, дзе, згодна з назвай турыстычна-экскурсійнага маршруту, ажывае памяць.

— Першая мясціна, па якой мы пройдзем, — вуліца Гагарына. На працягу сваёй шматвяковай гісторыі яна была і Лебядзінская, і Ланская, і Слонімская. Шыльда, размешчаная на будынку школы, сведчыць пра яшчэ адну з гістарычных назваў — Віленская. Першыя дакладныя звесткі пра клецкія вуліцы адносяцца да 1552 года, калі быў складзены першы гарадскі інвентар. Паводле яго, у Клецку было чатыры вуліцы, сярод якіх і Віленская. У інвентары 1683 года зафіксаваны яе падзел на дзве часткі. Адна называлася Віленскай, а другая Ромнішча. Інвентар 1694 года па-ранейшаму адзначае вуліцу Ромнішча, а вось Віленская стала называцца Замкавай. Інвентар 1713 года называе вуліцу Віленская ўжо Жыдоўскай. Дарэчы, тэрмін “жыд” не меў негатыўнага адцення. У пачатку XIX стагоддзя ў інвентары фіксуюць новую назву — Слонімская. У 20-я гады ХХ ст. абедзве часткі вуліцы аб’ядноўваюцца пад назвай Слонімская. На той час гэта была адна з галоўных вуліц горада. На ёй знаходзілася сінагога, іешыва, касцёл Святой Тройцы, будынак суда, фотаатэлье Мілера, шэраг прадуктовых і прамысловых крам. У гады нямецкай акупацыі частка вуліцы ўвайшла ў склад яўрэйскага гета. Пасля Вялікай Айчыннай вайны яе давялося адбудоўваць літаральна з нуля. На Слонімскай з’явіліся двухпавярховыя “хрушчоўкі”, прыватны сектар, у 1958 годзе была пабудавана трохпавярховая школа. Доўгі час яна была адзінай у горадзе. У 1979 гозе побач з ёй з’явіўся будынак музея. У аснове праекта — домік паляўнічага на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў. Ёсць дзве версіі адносна паходжання сучаснай назвы вуліцы Гагарына: у гонар славутага касманаўта і ў гонар Івана Васільевіча Гагарына, камандзіра батарэі 1-й асобнай Слуцкай артбрыгады, якая вызваляла Клецк. Супрацоўнікі музея прытрымліваюцца першай версіі, — паведамлялі экскурсаводы, калі мы падыходзілі да будынка Музея гісторыі Клеччыны.

Якой версіі прытрымліваюцца музейшчыкі адносна іншых перыядаў гісторыі горада, даведаемся з першых вуснаў. Па словах навуковага супрацоўніка музея Ганны Канстанцінаўны Байрашэўскай, Музей гісторыі Клеччыны — гэта месца, дзе ажывае памяць многіх пакаленняў кляччан. Ля ўваходу наведвальнікаў сустракае створаны скульптарам Уладзімірам Слабодчыкавым бюст Дарафея Максімавіча Чорнага — чалавека, які многае зрабіў для захавання гэтай памяці. У таленавітага настаўніка было шмат захапленняў, але самым галоўным была гісторыя роднага краю. Як ужо адзначалася, ён з’яўляецца ініцыятарам стварэння школьнага, а потым і раённага музея, днём заснавання якога сімвалічна лічыцца 1 верасня. Гэта пацвярджае цесная сувязь музея са школай. Дарафей Максімавіч на летніх канікулах ладзіў са старшакласнікамі краязнаўчыя экспедыцыі, у выніку якіх музейная калекцыя папаўнялася экспанатамі. Некаторыя настаўнік набыў за ўласныя сродкі. Большая частка гэтых прадметаў прадстаўлена ў першым раздзеле экспазіцыі, прысвечаным старажытнай гісторыі.

Радзівілаўская сталіца

Асобны раздзел расказвае пра XVI стагоддзе, калі пасля знакамітай Клецкай бітвы 1506 года Жыгімонт Стары перадаў Клецкае княства сваёй жонцы Боне Сфорцы. На клецкай зямлі пачалося ўкараненне валочнай памеры, Клеччына стала своеасаблівай эксперыментальнай базай аграрнай рэформы 1557 года. Даволі цікавы экспанат раздзела — цэгла-пальчатка з разбуранага касцёла Святой Тройцы, аднаго з найстарэйшых храмаў на Беларусі. Дакладная дата будаўніцтва яго не вядома, аднак дакладна вядома, што ўпершыню ён згадваецца ў дакументах за 1450 год. Дзякуючы Альбрыхту Радзівілу, сыну Мікалая Радзівіла Чорнага, касцёл быў перабудаваны з драўлянага на мураваны. На жаль, падчас Вялікай Айчыннай вайны ён быў пашкоджаны, а ў 50-я гады падарваны. Каталіцкія вернікі адбудавалі ў Клецку новы касцёл таксама ў гонар Святой Тройцы і сімвалічна заклалі ў адну са сцен некалькі цаглінак з былога храма.

— Клецк калісьці быў радзівілаўскай сталіцай. Пасля ад’езду каралевы Боны яе сын, кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, падарыў наш горад разам з навакольнымі землямі свайму паплечніку Мікалаю Радзівілу Чорнаму. Дзякуючы яму, у Клецку пэўны час працаваў Сымон Будны. Першым клецкім ардынатам і заснавальнікам асобнай радзівілаўскай галіны быў Альбрыхт Радзівіл. Князь Альбрыхт праславіўся як юрыст, адзін са стваральнікаў вярхоўнага суда — трыбунала Вялікага Княства. Ён заснаваў у горадзе земскі суд. Валодаў Клецкам юрыдычна з 4 снежня 1577 года. У горадзе пабудаваў мураваны фарны касцёл Святой Тройцы. Другім клецкім ардынатам стаў яго сын Ян Альбрыхт. Пры ім у Клецку быў заснаваны шпіталь пры Траецкім касцёле. 28 кастрычніка 1609 года ён выдаў фундуш, згодна з якім абяцаў штогод выдзяляць на патрэбы шпіталя 39 злотых, некалькі бочак жыта, ячменю, грэчкі, а таксама мяса і дровы. Шпіталь размяшчаўся недалёка ад касцёла, на Гродскай вуліцы. Цяпер гэта вуліца Макаўчука прыблізна да скрыжавання з вуліцай Талстога. У часы Яна Альбрыхта Радзівіла ў Клецку з’явіліся першыя манахі-дамініканцы. Князь нават збіраўся пабудаваць для іх кляштар, але не паспеў. Як і бацька, ён памёр у маладым узросце, — паведаміла Ганна Канстанцінаўна.

Дзякуючы Радзівілам, Клецк на пачатку XVII стагоддзя быў адлюстраваны на гравюры Тамаша Макоўскага. Гэта від прыкладна з боку дарогі на Ляхавічы. На гравюры — рака Лань, касцёл, праваслаўная царква, драўляны замак і княжацкі палац. Не кожны горад можа пахваліцца гравюрай. Гэта яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што Клецк мае багатую і цікавую гісторыю. Дзякуючы Дарафею Максімавічу Чорнаму, была зроблена перамалёўка знакамітай гравюры, бо, акрамя геаграфіі, ён выкладаў чарчэнне. Перамалёўку зрабіла адна з яго вучаніц. Не так даўно яна прыходзіла ў музей і расказала гісторыю сваёй працы над цікавым праектам. Гравюра была зроблена падчас панавання Міхала Караля Радзівіла. Пры ім Клецк набыў асаблівы росквіт. Памяць пра “залатыя часы” доўга жыла ў памяці кляччан. А 27 жніўня 1652 года клецк атрымаў герб. У ім зашыфравана гісторыя горада. Княжацкая карона сведчыць пра тое, што ён быў цэнтрам удзельнага княства, а паляўнічы рог з’яўляецца адным з элементаў родавага герба Радзівілаў. У 1656 годзе Міхал Радзівіл памёр. Ён так і не паспеў аднавіць горад пасля шматлікіх войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя. Гэтую справу давялося працягваць яго нашчадкам. Клецкая галіна Радзівілаў згасла на Станіславе Казіміры, які памёр у 1690 годзе, не пакінуўшы нашчадкаў.

Калі навука ідзе туга

Экскурсія, якая суправаджаецца лагодным голасам экскурсавода, — выдатны спосаб далучыць навучэнцаў да багатага мінулага роднага краю. Калі нешта не зразумела, дзеці могуць задаць пытанні і атрымаць спакойны грунтоўны адказ. Але так было не заўсёды. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, калі навука, як казаў Я.Колас, ішла туга, дапамагала не толькі бацькава папруга, але і настаўніцкія розгі, а таксама іншыя віды пакарання. Такім негуманным, як сказалі б сучасныя педагогі, але даволі эфектыўным, як запярэчылі б настаўнікі той эпохі, пакаранням і прысвечана часовая музейная выстава, адкрытая з нагоды Дня ведаў.

Тут ёсць не толькі розгі, але і гарох. “Дык гэта ж масаж”, — з усмешкай гаварылі на гарох першыя наведвальнікі выставы. “Гэта масаж, калі стаяць на ім на каленях некалькі хвілін, а калі цэлы ўрок…” — адказвала ім Ганна Канстанцінаўна. Акрамя розгаў, гароху і даволі жахлівых карцін пра тагачасныя сродкі прывіцця дысцыпліны, на выставе прадстаўлены падручнікі часоў Расійскай імперыі, ХХ стагоддзя. Ёсць і фотаздымкі навучэнцаў клецкай беларускай гімназіі, у якіх адметнай рысай адзення былі капелюшы з металічнай эмблемай установы. Прадстаўлены пасляваенныя фотаздымкі савецкіх школьнікаў, падручнікі таго часу. Цікавы экспанат — дзённік вучня Ёдчыцкай школы, заведзены напярэдадні вайны. Цікавасць у наведвальнікаў выклікае магчымасць папісаць пяром або чарнільнай ручкай. Пры гэтым дзецям абавязкова расказваецца, што за нечыстапісанне вучні калісьці маглі пачуць не толькі строгае настаўніцкае слова, але і атрымаць па руках.

Розгі, гарох, карціны з даволі непрыемнымі сцэнамі выхаваўчага працэсу мінулых часоў… Навошта ўсё гэта расказваць вучням ХХІ стагоддзя? Ганна Канстанцінаўна адказала так: “Сапраўды, як мяркуюць псіхолагі, такое выхаванне адмоўна адбівалася на фізічным і маральным стане вучняў. У настаўнікаў была і такая тактыка: нават калі ты быў чыста апрануты, рэгулярна выконваў дамашняе заданне, уважліва слухаў настаўніка, то раз на тыдзень маглі ў прафілактычных мэтах па тваёй пятай кропцы або спіне прайсціся розгамі. Дарэчы, у некаторых краінах свету да сённяшняга часу існуюць такія спосабы фізічнага пакарання вучняў. Канечне, мы не заклікаем практыкаваць такія віды пакарання. Аднак знаёмства дзяцей з выставай не праходзіць бясследна. Пра дысцыпліну яны дакладна задумваюцца. Значыць, выстава патрэбная”.

Але вернемся да сучасных сродкаў выхавання навучэнцаў — музейных. Па словах Ганны Канстанцінаўны Байрашэўскай, першыя музейна-педагагічныя заняткі праводзяцца для выхаванцаў старшых груп дзіцячага садка. Ужо ў першым класе дзеці ведаюць, што такое музей, экспанаты, экспазіцыя. Акрамя традыцыйных экскурсій і музейна-педагагічных заняткаў, для вучняў малодшых класаў праводзіцца гульня-квест “Знайдзі прадмет”, а да 890-годдзя горада ладзіўся квест “Клецк таямнічы”.

Камандзіроўка з працягам

Турыстычны патэнцыял Клецкага раёна не абмяжоўваецца толькі аб’ектамі райцэнтра. Ёсць чым пахваліцца і калектыву Галынкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Як паведаміла дырэктар установы Ларыса Анатольеўна Пухнач, настаўнікі і вучні вывучаюць ваколіцы Галынкі на працягу многіх гадоў. Асноўнымі кірункамі дзейнасці школы ў краязнаўчым плане з’яўляецца навукова-даследчая і пошукавая работа, а таксама правядзенне масавых мерапрыемстваў, звязаных з вывучэннем гісторыі роднага краю.

— Калі гаварыць пра пошукавую работу, то варта адзначыць, што мы сабралі звесткі і пра нашых землякоў, і пра школу, і пра гісторыю помнікаў. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў навукова-даследчых работах навучэнцаў пачатковага, сярэдняга і старшага звяна. На тэрыторыі нашага раёна шмат гістарычных помнікаў, і нядрэнна было б, каб дзеці ведалі пра іх. Навукова-даследчая работа якраз дазваляе вырашыць гэтае пытанне. Сваіх гасцей мы спачатку знаёмім з даволі арыгінальным помнікам, аналагаў якому, напэўна, няма ў краіне. Гэта месца, дзе на перакрыжаванні дарог каля былога панскага маёнтка сустракалі родных з руска-японскай і Першай сусветнай вайны. З цягам часу ў гонар жанчын, якія там маліліся і чакалі сваіх мужчын, і з’явіўся помнік, — паведаміла Ларыса Анатольеўна.

Нельга прыехаць у Галынку і не ўбачыць гэты помнік. Як нельга прыехаць у Галынку і не наведаць рэшткі былой сядзібы Вендорфаў, пастаяць каля старых драўляных храмаў, адправіцца ў лес і разам з вучнямі і настаўнікамі ўскласці кветкі да помніка на месцы бою спецатрада “Сокалы”, які адбыўся 17 лютага 1943 года. Нельга не паведаміць і пра дзейнасць фотавідэагуртка, якім кіруе настаўнік фізічнай культуры Вячаслаў Віктаравіч Бобка. Так што наша падарожжа на Клеччыну атрымалася з працягам. Цікавым працягам. У гэтым вы, паважаныя чытачы, абавязкова пераканаецеся на старонках “Настаўніцкай газеты”.

Невядомая зямля

На Беларусі 118 райцэнтраў. Пра якую колькасць райцэнтраў мы больш-менш падрабязна раскажам у геаграфічным, гістарычным, культурным плане? Адкажам шчыра: прыкладна 18. Астатняя сотня гарадоў і гарадскіх пасёлкаў застаецца для многіх з нас тэра інкогніта. Адкладзём убок клавіятуру, мышку, пакінем дапамогу Гугла для іншай нагоды, а самі, калі з’явіцца вольны час, адправімся спазнаваць таямніцы невядомай роднай зямлі. Невялікія гарады вартыя таго, каб выйсці з ценю старэйшых братоў, і Клецк — выдатны прыклад.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.