Кліматычныя змяненні адбываюцца хутчэй, чым сусветная супольнасць паспявае на іх рэагаваць

Урон ад стыхійных бедстваў і катастроф, звязаных са змяненнем клімату, пабіў рэкорд у 2017 годзе і склаў $320 млрд. Як паведамляе ТАСС, пра гэта заявіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, выступаючы на мерапрыемстве высокага ўзроўню па кліматычных змяненнях на палях Генеральнай Асамблеі.

Паводле яго слоў, кліматычныя змяненні адбываюцца хутчэй, чым сусветная супольнасць паспявае рэагаваць і папярэджваць іх. “Ёсць рызыка таго, што мы ўбачым неабарачальны ўрон, які нельга будзе кампенсаваць, калі не будзем дзейнічаць вельмі хутка”, — сказаў Антоніу Гутэрыш.

Генеральны сакратар ААН адзначыў, што для вырашэння праблемы змянення клімату і глабальнага пацяплення ў верасні 2019 года будзе арганізаваны саміт па клімаце, у час якога плануецца мабілізаваць рэсурсы ў дзеянні краін у гэтым напрамку.

Парыжскае пагадненне прынята 12 снежня 2015 года па выніках 21-й канферэнцыі Рамачнай канвенцыі аб змяненні клімату, якая адбылася ў французскай сталіцы. 197 удзельнікаў форуму дамовіліся не дапусціць павышэння сярэдняй тэмпературы на планеце да 2100 года больш як на 2 градусы Цэльсія ў параўнанні з даіндустрыяльнай эпохай. Вучоныя мяркуюць, што больш значны рост тэмпературы можа прывесці да неабарачальных наступстваў для экалогіі. Парыжскае пагадненне павінна прыйсці на змену Кіёцкаму пратаколу, тэрмін дзеяння якога заканчваецца ў 2020 годзе.