Пытанні арганізацыі бяспечнага і эфектыўнага адукацыйнага працэсу з улікам стану здароўя навучэнцаў абмяркоўваліся на сумесным пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі і ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама і санітарна-эпідэміялагічнага савета пры галоўным дзяржаўным санітарным урачы Гомельскай вобласці.
Функцыі розныя, задача адна
Сумесная калегія праходзіла пры дапамозе селектарнай сувязі, што дазволіла сабраць дастаткова вялікую аўдыторыю зацікаўленых. Актуальнасць тэматыкі вымагала сур’ёзнай размовы.
Іншы раз даводзіцца чуць нараканні маіх калег аб тым, што наша задача — вучыць, а лячыць і займацца прафілактыкай захворванняў павінны органы аховы здароўя, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Жанна Ждановіч. — Усё так, але, па-першае, калі дзіця хворае ці мае шкодныя звычкі, то і да навучання яно абыякавае. Па-другое, значную частку часу дзеці праводзяць ва ўстанове адукацыі, а значыць, павінны быць правільныя дзеянні педагогаў па фарміраванні здаровага ладу жыцця. І, нарэшце, па-трэцяе, паняцце здароўезберажэння значна шырэйшае за просты аналіз захваральнасці дзяцей і прафілактычныя мерапрыемствы.
Зразумела, у кожнай структуры свая ступень адказнасці і функцыі ў гэтых пытаннях. Аднак відавочна, што станоўчы вынік можна атрымаць толькі ў цесным узаемадзеянні. Калі кожны будзе цягнуць коўдру на сябе, нейкіх дасягненняў у вырашэнні гэтай задачы чакаць не прыйдзецца. З задавальненнем можна адзначыць, што на Гомельшчыне разладу няма, міжведамаснае ўзаемадзеянне тут даўно наладжана і пастаянна ўдасканальваецца, у тым ліку і паміж адукацыяй, аховай здароўя і санэпідэмслужбай. Гэта далёка не першая сумесная калегія трох структур. Сёння зноў наспелі пытанні, якія неабходна было абмеркаваць разам, каб будаваць і далей эфектыўную работу.
Усё тыя ж граблі
Правядзенню калегіі папярэднічаў маніторынг дзейнасці ўстаноў адукацыі вобласці ў гэтым кірунку, а таксама вывучаліся меркаванні і прапановы як педагогаў, так і медыцынскіх работнікаў. Як адзначыла ў сваім выступленні Жанна Анатольеўна, ёсць шмат станоўчых прыкладаў работы па арганізацыі бяспечнага і эфектыўнага адукацыйнага працэсу ва ўсіх установах адукацыі, ад дзіцячых садкоў да каледжаў. Недзе ёсць недапрацоўкі. Не ўсе валодаюць, а значыць, і не прымяняюць на практыцы палажэнні нарматыўнай базы. Недзе парушаюцца патрабаванні размеркавання нагрузкі на аднаго вучня і па днях тыдня з улікам шкалы цяжкасці прадметаў, патрабаванні да рэжыму дня ў групах прадоўжанага дня і г.д.
Колькі ўжо вялося размоў адносна харчавання дзяцей, але давесці да ідэалу пакуль не атрымліваецца. Калі адны ідуць наперад, то другія цягнуць уніз, палічыўшы, што парушэнні санітарных норм у частцы якасці і бяспекі харчавання — не самая надзённая праблема і яе вырашэнне можна адкласці на пасля.
На жаль, такія парушэнні мелі месца ў 90% устаноў, якія былі наведаны ў верасні — кастрычніку гэтага года ў ходзе маніторынгу. Спектр заўваг шырокі: санітарны стан абедзеннай залы і харчаблока, тэхналогія прыгатавання страў, адсутнасць новых форм арганізацыі харчавання, што прыводзіць да павелічэння адходаў, і інш. Ці падштурхнуць заняцца, нарэшце, навядзеннем парадку ў харчаванні кіраўнікоў устаноў і іх падначаленых вымовы, заўвагі і пазбаўленне прэмій — пакажа час. Але ж, скажам прама, штогод такія пакаранні даходзяць да соцень, а змены пакуль што невялікія. Здавалася б, няма больш простай задачы, чым навесці чысціню і парадак у сталоўцы і цэхах прыгатавання ежы: у сябе ж дома кожны гэта робіць, а на рабочым месцы чамусьці аказваюцца абыякавымі.
Іншая размова, калі неабходна вырашаць пытанні, якія патрабуюць значных грашовых затрат. Адна з вострых цяпер — правядзенне гарачай праточнай вады. У старых будынках устаноў адукацыі, узведзеных 60—80 гадоў назад, такія даброты жыцця прадугледжаны не былі. Час змяніўся, змяніліся патрабаванні. Вядома, размова ідзе не пра тры капейкі грошай. Вось і атрымліваецца, што ў санітарна-эпідэміялагічных службаў свае патрабаванні, а ў кіраўніцтва адукацыі свой клопат: дзе браць грошы. Згадзіцеся, калі гэта невялічкая вясковая школа, то і спонсараў знайсці цяжка, і бацькоўскія заробкі не такія высокія, каб дапамагчы школе. Праўда, ніхто не сядзіць склаўшы рукі, нейкае выйсце шукаюць. Так, па словах намесніка галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача па Гомельскай вобласці Святланы Саварынай, праблема з гарачай праточнай вадой вырашана ў 16 з 21 раёна вобласці.
У сваім выступленні на пасяджэнні калегіі Святлана Аляксандраўна паведаміла, што ў ходзе праверкі работа некаторых памяшканняў устаноў адукацыі была прыпынена з-за неадпаведнасці санітарным нормам, у школьных буфетах значыўся забаронены тавар. Яна прапанавала ў найбліжэйшай перспектыве правесці сумесную калегію ці іншае мерапрыемства, куды б былі запрошаны прадстаўнікі ўпраўлення гандлю і аблспажыўсаюза. Начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын падтрымаў гэтую ідэю.
Роля медработніка
Не сакрэт, што здароўе дзяцей сёння даволі слабае. Таму ўзаемасувязь і ўзаемаразуменне паміж адукацыяй і аховай здароўя вельмі важныя. Прыходзіцца вырашаць шмат пытанняў: ад забеспячэння ўстаноў адукацыі медыцынскімі кадрамі, правядзення медыцынскіх аглядаў выхаванцаў і навучэнцаў да выдачы розных медыцынскіх справак і графікаў працы медыцынскіх работнікаў.
Забяспечанасць медыцынскімі кадрамі ўстаноў адукацыі — адно з самых вострых пытанняў. Поўнасцю яно закрыта пакуль толькі ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці. Медыцынскімі работнікамі сярэдняга звяна забяспечаны амаль 75% дашкольных устаноў. Значна горш складваецца сітуацыя ў школах: усяго 43% устаноў маюць медыцынскіх сясцёр. Для некаторых раёнаў гэтая праблема асабліва актуальная. Пэўныя цяжкасці існуюць таксама ў сельскіх установах адукацыі, дзе адсутнічаюць медыцынскія работнікі, а абслугоўванне насельніцтва праводзіцца праз ФАП.
Адсутнасць медработнікаў не дазваляе ў поўнай меры спраўляцца з некаторымі задачамі, у ліку якіх арганізацыя правільнага харчавання дзяцей і атрыманне рэкамендацый па арганізацыі адукацыйнага працэсу з навучэнцамі з улікам стану іх здароўя. Разам з тым, як заўважыў на сумеснай калегіі С.І.Парошын, многія дзеці маюць кішэчныя хваробы, схільнасць да развіцця дыябету і г.д. Гэта вельмі сур’ёзная тэма, аб якой нельга маўчаць.
Упраўленне аховы здароўя, якое на калегіі прадстаўляў намеснік начальніка Дзмітрый Папкоў, возьме на кантроль забеспячэнне кожнай установы адукацыі медыцынскім работнікам. Дарэчы, гэтае пытанне характэрна не толькі для Гомельшчыны. Такая сітуацыя склалася ва ўсіх рэгіёнах краіны, менавіта таму аб гэтым будзе ісці гаворка ў снежні на сумесным пасяджэнні калегіі міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя.
Ёсць праблемы і там, дзе, здавалася, іх проста не можа быць: у выдачы медыцынскіх даведак.
Так, у даведцы правядзення штогадовага агляду паказваецца група здароўя навучэнцаў, група для заняткаў па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, але часта ў ёй не агучваюцца рэкамендацыі, якія педагагічным работнікам неабходна ўлічваць пры ўзаемадзеянні з дзіцем, якое мае адхіленні ў здароўі. Калі ў настаўніка няма дасканалых рэкамендацый, яму цяжка рэгуляваць тыя нагрузкі, якія дазваляюцца навучэнцу згодна з яго станам здароўя.
Свае праблемы ёсць і адносна даведак, якія выдаюцца абітурыентам, што паступаюць ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як правіла, звычайна даецца простая фармулёўка: “прыдатны да навучання”. Гэта значыць, што юнак ці дзяўчына могуць атрымліваць названую прафесію або спецыяльнасць. Што адбываецца далей?
— Ёсць выпадкі, калі пасля заканчэння навучання выпускнік праходзіць медыцынскую камісію і высвятляецца, што, улічваючы яго стан здароўя, ён можа навучацца, але не можа працаваць па абранай прафесіі, — звярнула ўвагу на праблему Ж.А.Ждановіч.
Жанна Анатольеўна прывяла некалькі рэальных прыкладаў. Так, дзяўчынка на выдатна скончыла ліцэй па спецыяльнасці “Лабарант хімічнага аналізу”, аднак, атрымаўшы размеркаванне, не змагла аформіць медыцынскае заключэнне для паступлення на працу з-за праблем са здароўем, якія былі ў яе і на момант паступлення ў ліцэй. Яшчэ прыклад. Абітурыент паступае ў педагагічны каледж, а ў яго сур’ёзныя праблемы з маўленнем — заіканне. Як потым ён зможа выкладаць дзецям?
— Падобныя прыклады, на жаль, не адзінкавыя, — рэзюмавала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі. — Як бачым, да выдачы даведак і заключэнняў нельга ставіцца фармальна. І рэгуляваць гэтыя пытанні нам неабходна сумеснымі намаганнямі.
***
На пасяджэнні абмяркоўваліся і многія іншыя пытанні, бо здароўезберагальнае асяроддзе ўключае ў сябе шэраг кампанентаў. Акрамя харчавання, медыцынскіх паказанняў, гэта яшчэ асвятленне, колер сцен у класах, школьных калідорах, прытрымліванне інструкцый пры правядзенні ўрокаў, асабліва ўрокаў фізкультуры і працы, парадак на прышкольнай тэрыторыі. У рашэнні сумеснай калегіі дакладна прапісаны задачы, накіраваныя на вырашэнне ўсіх тых праблем, якія былі акрэслены падчас пасяджэння. Хочацца спадзявацца, што на месцах да дакумента паставяцца сур’ёзна і дзейнічаць пачнуць неадкладна.
Завяршылася пасяджэнне калегіі на прыемнай ноце. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын уручыў узнагароды пераможцам абласнога агляду-конкурсу па паляпшэнні якасці і бяспечнасці харчавання. Прыемна, што сярод іх нямала маладых кіраўнікоў устаноў адукацыі, кіраўнікоў раённых і сельскіх школ і дзіцячых садкоў.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.