Клопат аб ветэранах

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобным катэгорыям грамадзян будзе аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога ў сувязі са святкаваннем 75-годдзя перамогі савецкага народа. Адпаведны указ № 491 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Мяркуецца, што агульная колькасць атрымальнікаў грашовай дапамогі складзе каля 20 тысяч чалавек. Яе плануецца выплачваць з 1 красавіка па 1 мая 2020 года.

Матэрыяльная дапамога бу­дзе аказвацца дыферэнцыравана. Героям Савецкага Саюза будзе выплачана Br2,5 тысячы. Дапамогу ў памеры Br1,7 тысячы акажуць інвалідам і ўдзельнікам вайны, асобам, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года і ў размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943—1945 гадах.

Узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу i бездакорную воiнскую службу ў тыле, працаваўшым на аб’ектах проціпаветранай абароны, будаўніцтве абарончых збудаванняў, ваенных аб’ектаў у межах тылавых граніц дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках дарог, на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях у гады блакады Ленінграда і ўзнагароджаным медалём “За абарону Ленінграда”, асобам, узнагароджаным знакам “Жыхару блакаднага Ленінграда”, выплацяць Br900.

Дапамогу ў памеры Br700 акажуць членам сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі або прапалі без вестак у гады вайны, былым вязням фашысцкіх канцлагераў, турмаў і гета, інвалідам з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд вайны або з наступ­ствамi ваенных дзеянняў.