Клопат пра асобу не мае межаў

У нядаўнім інтэрв’ю з намеснікам міністра адукацыі Віктарам Віктаравічам ЯКЖЫКАМ мы дамовіліся, што зноў сустрэнемся і працягнем размову ўжо аб удасканаленні сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і яе ролі ў правядзенні Года культуры. Сёння ж у гутарцы будуць закрануты пытанні кадраў, абазначаны новыя кірункі і больш эфектыўныя формы развіцця дадатковай адукацыі.

— Віктар Віктаравіч, статусам, які нададзены пэўнаму году, нельга размежаваць высакародную місію сістэмы адукацыі вучыць і выхоўваць. Кожны такі статус для сістэмы адукацыі, безумоўна, значны і ганаровы, але ў асноўным усё ж умоўны. І Год моладзі, і Год культуры для педагогаў былі і ёсць перыядамі напружанай працы, штодзённага клопату пра асобу кожнага навучэнца, пра фарміраванне ў ім найлепшых якасцей патрыёта і грамадзяніна. У многім гэтая задача ўскладваецца і на ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таму спачатку хацелася б даведацца, якія рысы характэрны для гэтага віду адукацыі. Якія задачы ставяцца перад ёй у гэтым годзе?

— Сёння сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі складаецца з 305 устаноў, у якіх раскрывае свае здольнасці кожны трэці вучань сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтай сферы працуюць высокакваліфікаваныя кадры, прафесійныя і таленавітыя педагогі, якія любяць сваю справу. Разам з тым ва ўстановы дадатковай адукацыі неабходна пастаянна прыцягваць маладыя кадры з улікам адкрыцця новых запатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку ў IT-сферы, тэхнічнага, турысцка-краязнаўчага, эколага-біялагічнага профіляў, развіцця іншых новых кірункаў і ў цэлым, каб павысіць прэстыж устаноў дадатковай адукацыі. Аднак з-за адсутнасці адпаведнай адукацыі існуе праблема атрымання маладымі спецыялістамі кваліфікацыйных катэгорый. Вядома, што вышэйшая і першая катэгорыя — гэта своеасаблівы знак якасці работы педагога, і павышэнне ўдзельнай вагі такіх педагогаў у сістэме дадатковай адукацыі сёння задача нумар адзін.

Вялікае значэнне ў сістэме дадатковай адукацыі надаецца метадычнаму суправаджэнню. У рэгіянальных установах створана амаль сто метадычных службаў, дзе працуюць каля тысячы метадыстаў, якія заняты метадычным забеспячэннем устаноў дадатковай адукацыі. У сваёй рабоце метадычныя службы актыўна выкарыстоўваюць сучасныя інтэрнэт-рэсурсы і найноўшыя тэхналогіі. Акрамя таго, арганізавана мэтанакіраваная работа ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па фарміраванні і развіцці мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара.

Для павышэння прэстыжу прафесіі педагога дадатковай адукацыі наша галіновае міністэрства аднавіла ранейшыя пачынанні і арганізавала правядзенне Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог года дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, які будзе праводзіцца з перыядычнасцю 1 раз у 2 гады. У верасні гэтага года адбудзецца фінал гэтага спаборніцтва. Цяпер у рэгіёнах праводзяцца адборачныя туры.

— Раскажыце, калі ласка, якія задачы пастаўлены на гэты год.

— Патэнцыял сістэмы дадатковай адукацыі з’яўляецца магутным рэсурсам асобаснага развіцця дзяцей і моладзі, дае ім прастору пазнавальнай, творчай, камунікатыўнай самарэалізацыі, і наша задача сёння — не проста захоўваць дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі, але і ўдасканальваць яе, вызначыць вектары развіцця, сугучныя запатрабаванням часу, і тым самым спрыяць павышэнню якасці дадатковай адукацыі. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — значны рэсурс арганізацыі занятасці навучэнцаў у вольны ад вучобы час, таму першараднай задачай, якая ставіцца сёння перад сістэмай дадатковай адукацыі, з’яўляецца забеспячэнне занятасці нашых навучэнцаў у шосты школьны дзень, вячэрні час і канікулярны перыяд з выкарыстаннем магчымасцей устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў культуры, спартыўных аб’ектаў. І надалей будуць укараняцца інавацыйныя формы работы з навучэнцамі па прафарыентацыі, якая з’яўляецца сёння найбольш актуальнай часткай дзейнасці сістэмы адукацыі і якая вельмі запатрабавана сярод навучэнцаў і іх бацькоў.

У шэрагу сельскіх раёнаў на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі створаны занальныя цэнтры па правядзенні мерапрыемстваў шостага школьнага дня для вучняў сельскіх школ. У якасці станоўчага прыкладу можна адзначыць асветніцка-адукацыйны прафарыентацыйны праект “Універсітэцкія суботы” для навучэнцаў 5—11 класаў, педагогаў, бацькоў, які рэалізоўваецца па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі навучэнскай моладзі. Чатыры ўніверсітэты Гомеля праводзяць для школьнікаў займальныя лекцыі, майстар-класы, семінары, лабараторныя заняткі.

Хачу заўважыць, што рэсурсы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі ў арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі ў шосты школьны дзень не вычарпаныя і павінны быць задзейнічаны ў поўнай меры. Таму “Універсітэцкай суботай” неабходна ахапіць усе нашы рэгіёны, каб яна стала для навучэнскай моладзі новым цікавым прафарыентацыйным мерапрыемствам і своеасаблівым днём адкрытых дзвярэй для ўсіх беларускіх універсітэтаў.

З гэтай мэтай установы вышэйшай адукацыі нашай краіны ўжо рыхтуюцца да такой падзеі. Абітурыенты змогуць наведаць шматлікія прэзентацыі таго ці іншага ўніверсітэта, пазнаёмяцца з навуковымі дасягненнямі факультэтаў, сустрэнуцца з педагогамі і студэнтамі. Гэтае тэматычнае мерапрыемства на рэспубліканскім узроўні плануецца правесці 14 мая на базе мінскага Палаца спорту.

— Вядома, што асаблівая ўвага ў бягучым годзе будзе ўдзяляцца адкрыццю ва ўстановах дадатковай адукацыі сучасных аб’яднанняў па інтарэсах, якія ўяўляюць цікавасць для навучэнцаў старэйшага школьнага ўзросту і навучэнскай моладзі. Найбольш папулярнымі кірункамі, якія сёння на слыху ў моладзі, з’яўляюцца WorldSkills і JuniorSkills.

— Так, ужо зусім хутка, у маі, сотні навучэнцаў змогуць прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі на II Нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства, арэна якога стане адкрытай пляцоўкай і для тых навучэнцаў, якія яшчэ не вызначыліся з прафесійным выбарам. Каб вырашыць задачы прафарыентацыі, установы дадатковай адукацыі будуць працаваць над пашырэннем напрамкаў супрацоўніцтва з установамі агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Сёння імкліва расце цікавасць моладзі да інжынерных і рабочых прафесій, да прафесій сучасных, інавацыйных, таму мы павінны развіваць рухі WorldSkills і JuniorSkills, якія заваявалі папулярнасць на міжнароднай арэне і накіраваны на прыцягненне ўвагі дзяцей і маладых людзей да свету прафесій, на аказанне ім дапамогі ў выбары далейшага прафесійнага шляху.

Для гэтага ў нашай краіне плануецца паэтапнае стварэнне на базах Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, абласных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі высокатэхналагічных пляцовак, дзейнасць якіх будзе заснавана на інавацыйным стылі мыслення, што прадугледжвае актыўнае выкарыстанне сучаснай тэхнікі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій і сістэм. Першая высокатэхналагічная пляцоўка адкрыта ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, які з’яўляецца каардынатарам развіцця гэтага руху ў нашай краіне. Сучаснае інфармацыйнае грамадства ставіць перад усімі тыпамі ўстаноў адукацыі, у тым ліку і ўстаноў дадатковай адукацыі, задачу фарміравання інфармацыйнай культуры навучэнцаў, што прыводзіць да адкрыцця новых напрамкаў і форм дзейнасці ўстаноў. Сярод іх — стварэнне ўмоў для развіцця тэхнічнай творчасці навучэнцаў у навукаёмістых і высокатэхналагічных сферах, дзе можна навучыць выхаванцаў самастойна думаць, аналізаваць, генерыраваць новыя ідэі, знаходзіць і выкарыстоўваць інфармацыю.

Неабходнасць стварэння новых магчымасцей для прафарыентацыі і асваення сучасных прафесійных кампетэнцый навучэнцамі паспрыяла арганізацыі і правядзенню шэрага новых мерапрыемстваў. Сярод іх — Рэспубліканскі турнір па робататэхніцы сярод навучэнскай і студэнцкай моладзі, маладзёжны форум “ТэхнаІнтэлект”, які нядаўна праходзіў у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце з мэтай стварэння і развіцця эфектыўных форм даследчай работы сярод студэнцкай моладзі, прыцягнення маладых людзей да заняткаў навукай. Удзельнікамі спаборніцтваў з’яўляюцца навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, прафтэхустаноў, каледжаў, пераможцы і прызёры конкурсаў і алімпіяд рэгіянальнага і рэспубліканскага ўзроўню, гурткоўцы, якія праявілі сябе ў мадэляванні, канструяванні, у навуцы і тэхніцы і маюць схільнасці да навукова-даследчай і эксперыментальнай дзейнасці. Істотны ўплыў на развіццё тэхнічных і творчых ініцыятыў навучэнцаў, безумоўна, акажа Рэспубліканскі конкурс “Праз творчасць — да майстэрства”, які стане своеасаблівым аглядам дасягненняў навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў розных відах творчасці. Заключны этап конкурсу будзе праведзены з 19 па 21 красавіка бягучага года.

— Віктар Віктаравіч, якую ролю вы адводзіце сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў правядзенні Года культуры? Што плануецца правесці?

— У Год культуры, акрамя мерапрыемстваў тэхнічнай накіраванасці, прафарыентацыйнай дзейнасці, будзе працягнута работа па правядзенні сацыяльна значных культурных мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама па падтрымцы творчых ініцыятыў дзяцей і моладзі. Будуць праведзены мерапрыемствы экалагічнага кірунку, дабрачынны марафон “Усе фарбы жыцця для цябе”, Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”, рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” і інш. Усе гэтыя мерапрыемствы ўключаны ў план Года культуры. Шэраг мерапрыемстваў звязаны з выхаваннем экалагічнай культуры ў падрастаючага пакалення, з развіццём цэласнай асобы, неабыякавай да экалогіі роднага краю, здольнай практычна вырашаць экалагічныя праблемы. Гэта вельмі актуальна ў год 30-годдзя чарнобыльскай катастрофы. Мэтай такіх мерапрыемстваў з’яўляецца актывізацыя работы ўстаноў адукацыі па экалагічным выхаванні навучэнцаў, фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы, прыцягненне моладзі да прыродаахоўнай дзейнасці праз практычную работу па азеляненні і добраўпарадкаванні наваколля, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, садзейнічанне іх прафесійнаму самавызначэнню. Заўважу, што Год культуры — гэта год папулярызацыі беларускага мастацтва, неад’емнай часткай якога з’яўляецца дзіцячая і маладзёжная творчасць, мастацкая самадзейнасць, выяўленчае мастацтва. На гэта будуць скіраваны шматлікія мерапрыемствы.

— Вядома, што найбольшы водгук у душы дзіцяці знаходзіць тое, што з’яўляецца прыгожым і гарманічным.

— Сапраўды. На гэта скіраваны мерапрыемствы, якія запланавалі ў Год культуры вядучыя ўстановы дадатковай адукацыі краіны — Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і шэраг іншых. У сувязі з гэтым хочацца расказаць пра праект пад назвай “Упрыгожыць Беларусь кветкамі”. Гэта зусім новае мерапрыемства, якое прымеркавана да Года культуры і праходзіць з сакавіка 2016 года па студзень 2017 года. Яго мэтай з’яўляецца рэалізацыя новых сучасных падыходаў у афармленні наваколля, у тым ліку стварэння мадэльных садоў бесперапыннага цвіцення для больш камфортнага асяроддзя для навучэнцаў.
Падчас рэалізацыі гэтага праекта адбудзецца шэраг мерапрыемстваў па развіцці фларыстыкі ў нашай краіне. Так, у маі гэтага года пройдзе адборачны тур юных фларыстаў сярод юніёраў “Гуканне вясны”, а ў верасні — Рэспубліканскі чэмпіянат па фларыстыцы. Мяркуецца, што ў гэтым праекце прыме ўдзел больш за 700 тысяч школьнікаў, педагогаў, бацькоў.

Адным з мерапрыемстваў праекта з’яўляецца рэспубліканская экалагічная акцыя “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму!”, якая прадугледжвае правядзенне шэрага конкурсаў па фарміраванні маральнай, эстэтычнай і экалагічнай культуры навучэнцаў, iх далучэнні да прыродаахоўнай дзейнасці, навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні садоў і паркаў, экалагічных сцежак. Удзельнікі акцыі далучацца да кампаніі па пасадцы 100 мільёнаў дрэў у рамках міжнароднага праекта “ENO”. Таксама ў межах акцыі пройдзе рэкламная кампанія сярод навучэнцаў, моладзі і насельніцтва па раздзельным зборы смецця, што, несумненна, паспрыяе фарміраванню больш адказных адносін нашых грамадзян да навакольнага асяроддзя.

— Віктар Віктаравіч, на наступным тыдні ў Мінску адбудзецца пасяджэнне Савета па справах моладзі дзяржаў— удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прысвечанае 25-годдзю СНД. Хацелася б даведацца пра гэтую падзею больш падрабязна.

— Калі я ўдзельнічаў у маладзёжным форуме Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС) і ў рэгулярнай сесіі Выканаўчага савета Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), нашы маладзёжныя ініцыятывы ў рамках супрацоўніцтва краін Садружнасці выклікалі вялікую зацікаўленасць у замежных калег. Нават ёсць меркаванне прадстаўніцтва ААН, што мэтазгодна зрабіць гэтае мерапрыемства даступным не толькі для моладзі краін Садружнасці, але і для іншых краін свету і такім чынам ператварыць яго ў маштабную пляцоўку па абмеркаванні пытанняў па тэматыцы ЭКАСАС. Мы цалкам згодны з гэтай ідэяй і, магчыма, у хуткім часе пачнём яе рэалізоўваць. У цэлым маладзёжныя дэлегацыі Беларусі пастаянна прымаюць удзел у традыцыйных нацыянальных і рэгіянальных мерапрыемствах дзяржаў СНД: форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД, міжнародным лагеры студэнцкага актыву “Славянская Садружнасць”, усерасійскім маладзёжным адукацыйным форуме “Селігер”, міжнародным маладзёжным лагеры “Дыялог” і інш.
У мінулым годзе кіраўнікі навукова-метадычных устаноў краін СНД вялі размову аб тым, каб пашырыць супрацоўніцтва паміж краінамі ў вывучэнні праблем моладзі. Гатоўнасць да гэтага выказалі 28 навукова-метадычных устаноў з розных краін Садружнасці. Узнікла ўнікальная ідэя агульнага даследавання “Вобраз мінулага і будучыні ў свядомасці моладзі”. Паводле задумы, будзе праведзены параўнальны аналіз мінулых гадоў, маральных арыенціраў, каштоўнасцей мінулых часоў і сённяшняга дня. Вынікам гэтага даследавання стане адкрыты для доступу матэрыял на электронным носьбіце, які стане каштоўнай інфармацыяй для міжнароднага супрацоўніцтва, а таксама будзе добрым імпульсам для дзейнасці Савета па справах моладзі краін — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У рамках правядзення савета будзе адкрыта тэматычная выстава-прэзентацыя работ пераможцаў акцыі “100 ідэй для Беларусі”.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *