Клопат пра маладых

- 10:57Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Духоўна­-маральнае і патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай праходзіць праз урочную і пазаўрочную дзейнасць устаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Расказвае начальнік аддзела па адукацыі Святлана ЯКУБОЎСКАЯ.

Духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў з’яўляецца першачарговай задачай сучаснай адукацыйнай сістэмы і прадугледжвае станаўленне адносін дзіцяці да Радзімы, грамадства, людзей, да працы, сваіх абавязкаў і да самога сябе і, адпаведна, развіццё якасцей патрыятызму, талерантнасці, таварыскасці, актыўнае стаўленне да рэчаіснасці.

У раёне працуюць рэсурсныя цэнтры па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў на базе Дараўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Падлескага дзіцячага сада — базавай школы, сярэдняй школы № 2 Ляхавіч. Падпісана праграма супрацоўніцтва паміж аддзелам па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама і Ляхавіцкім дабрачыннем Пінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2021—2025 гады. З гэтага навучальнага года ў кожнай установе агульнай сярэдняй адукацыі раёна праводзяцца факультатыўныя заняткі для навучэнцаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”.

— Святлана Канстанцінаўна, чым адметнай была трэцяя чвэрць для сістэмы адукацыі раёна? 

— Мы ганарымся дасягненнямі нашых вучняў і педагогаў. У лютым навучэнка сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Вікторыя Буйко абараняла даследчую работу на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па вучэбным прадмеце “Нямецкая мова” і была адзначана дыпломам ІІІ ступені (кіраўнік Таццяна Маляр). Па выніках заключнага этапу XXXIII Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 2 Ляхавіч Максім Рахманец узнагароджаны дыпломам III ступені (кіраўнік Таццяна Місюк). На XVII Рэспубліканскім фестывалі дзіцячых СМІ “Свежы вецер” каманда медыяцэнтра гімназіі Ляхавіч “ПарталGym” у складзе Яўгена Прыхача, Ангеліны Рокач, Станіслава Мухарэўскага заваявала дыплом II ступені (кіраўнік медыяцэнтра Ірына Мухарэўская). Калектыў навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Ляхавіч быў адзначаны дыпломам ІІ ступені ў заключным мерапрыемстве рэспубліканскай дэкады “Афганістан у лёсах нашых землякоў” (кіраўнік Марына Глушко).

— Як прайшлі ў школьнікаў вясновыя канікулы?

— На базе 6 устаноў адукацыі раёна дзейнічалі аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем для 145 навучэнцаў малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Планы выхаваўчых мерапрыемстваў у аздараўленчых лагерах былі прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, мелі грамадзянска-патрыя­тычную накіраванасць. Была арганізавана работа 2 атрадаў экалагічнай накіраванасці на базе Востраўскай і Тухавіцкай сярэдніх школ. 42 падлеткі былі ўключаны ў другасную занятасць (сярэдняя школа № 1 Ляхавіч, Жарабковіцкая сярэдняя школа імя М.Г.Мінкевіча, Крывошынская сярэдняя школа, Малагарадзішчанскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Ліпская сярэдняя школа). Для дзяцей арганізоўваліся экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы і знакавыя аб’екты нашага раёна і краіны: парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула, Дом-музей А.Міцкевіча (в.Завоссе), Брэсцкая крэпасць-герой і інш. У межах супрацоўніцтва па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцы наведалі вайсковую часць 7404, 61-ю авіяцыйную базу Баранавіч, музей гісторыі ляхавіцкай міліцыі. 

— Якая работа вядзецца ў раёне з маладымі педагогамі, каб яны замацоўваліся на першых працоўных месцах?

— Лічу, што для любога маладога чалавека, які пачынае самастойны прафесійны шлях, самае надзённае пытанне — жыллёвае. Мы стараемся дапамагчы нашым маладым спецыялістам у вырашэнні гэтага пытання. За 2016—2021 гады арэндныя кватэры прадастаўлены 10 пачынаючым педагогам. Акрамя таго, маладым спецыялістам, якія арандуюць жыллё, выплачваецца кампенсацыя за арэнду пры ўмове заключэння дагавора найму. Таксама ім прадастаўляюцца льготныя крэдыты для набыцця тавараў першай неабходнасці, і яны карыстаюцца гэтай магчымасцю. А яшчэ маладым спецыялістам устаноўлена дадатковае павышэнне тарыфнай стаўкі заработнай платы ў памеры 13%.

У раёне вядзецца метадычнае суправаджэнне маладых педагогаў у працэсе іх прафесійнага станаўлення. За кожным маладым педагагічным работнікам першага года работы замацаваны настаўнік з ліку вопытных педагогаў на тэрмін да 2 гадоў. Раённым вучэбна-метадычным кабінетам арганізавана дзейнасць школы маладога настаўніка.

— Што вас сёння больш за ўсё хвалюе як кіраўніка?

— Адна з самых актуальных праблем сістэмы адукацыі — памяншэнне колькасці дзяцей, што непазбежна цягне за сабой неабходнасць аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі.

Яшчэ адна сур’ёзная праблема — востры дэфіцыт настаўнікаў фізіка-матэматычнага цыкла. Мы, вядома, стараемся і самі вырашаць гэтае пытанне. Так, у цяперашні час 2 выпускнікі ўстаноў адукацыі раёна вучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Фізіка. Інфарматыка”. У 2021 годзе педагог нашага раёна быў накіраваны на перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Матэматыка” ў БДПУ імя Максіма Танка за кошт бюджэтных сродкаў. Аддзелам на па­стаяннай аснове наладжана супрацоўніцтва з установамі дадатковай адукацыі дарослых. Заключаюцца дагаворы на перападрыхтоўку спецыялістаў па найбольш запатрабаваных кірунках. У цяперашні час перападрыхтоўку прахо­дзяць 2 чалавекі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.