Клуб цікавых сустрэч

- 15:40Нам пішуць

Другі год у сярэдняй школе № 7 Смаргоні працуе клуб цікавых сустрэч, удзельнікамі якога з’яўляюцца вучні 4 “А” класа. Заняткі ў клубе дапамагаюць глыбей пазнаёміцца з геаграфіяй і гісторыяй свайго горада і раёна, з мінулым і сучасным нашага краю. А Смаргоншчына вельмі багата гісторыяй.

На першае пасяджэнне запрасілі супрацоўніка Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, які правёў завочную экскурсію па знакамітых мясцінах Смаргонскага раёна.

У першае міні-падарожжа мы адправіліся ў гарадскі парк, дзе наведалі помнік загінулым воінам у гады Вялікай Айчыннай вайны, помнік Ф.Багушэвічу і скульптурную кампазіцыю “Смаргонская мядзведжая акадэмія”. Напярэдадні пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення гэтых помнікаў.

Наступнай была экскурсія ў музей-сядзібу М.К.Агінскага, дзе мы даведаліся пра жыццё і творчасць вядомага ўсяму свету нашага земляка кампазітара М.К.Агінскага.

А колькі таямніц захавалі руіны Крэўскага замка. Яго цікавая гісторыя так захапіла, што мы наведалі яшчэ Мірскі і Гальшанскі замкі.

Цікавіць нас і сучаснае жыцце Смаргоншчыны. З экскурсій у Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, Смаргонскі РАУС, лясгас, на ліцейна-механічны завод, чыгуначны вакзал Смаргоні мы даведаліся, як жыве наш горад, чым займаюцца яго жыхары. Яны таленавітыя і працавітыя. Гэта засведчыў кожны госць нашага клуба.

Цікавай была сустрэча з работнікамі падраздзялення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Яны не толькі расказалі аб сваёй нялегкай працы, але і правялі майстар-клас на выратавальнай тэхніцы. Вучні змаглі пазнаёміцца з пажарнай машынай, яе магчымасцямі і нават прымералі спецадзенне ратавальніка.

На сустрэчы з дзіцячым урачом даведаліся, як папярэдзіць многія захворванні, вучыліся аказваць першую дапамогу.

Інспектар па справах непаўналетніх расказала аб правапарушэннях і як іх пазбегнуць. На сустрэчы запрашалі таксама бацькоў вучняў нашага класа, якія расказвалі аб сваіх прафесіях.

Ведамі дзелімся з вучнямі 1—3 класаў. Рыхтуем віктарыны, конкурсы, запрашаем на свае сустрэчы.

Заняткі ў клубе цікавых сустрэч падабаюцца ўсім. Тут не толькі цікава — вучні набываюць карысныя веды, адпрацоўваюць уменні на практыцы. Малодшыя школьнікі адкрываюць для сябе таленавітасць нашага народа, прыгажосць роднага краю і вучацца адчуваць гонар за сваю Радзіму.

Ірына БЕЗЛЯПОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні.