Клумба ў выглядзе зоркі і дуб — сімвал школьнай гісторыі. У чым адметнасць тэрыторыі Пархімаўскай школы?

- 11:12На пользу дела, Новости

Клумба ў выглядзе зоркі, якая здалёк прыцягвае ўвагу сотняй пунсовых цюльпанаў на фоне яблыневага саду… Такой карцінай радуе вяскоўцаў Пархімаўская базавая школа Бераставіцкага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Кожны год мы прымаем удзел у рэспубліканскім конкурсе “Упрыгожым Беларусь кветкамі”. У 2022-м станавіліся прызёрамі ў намінацыі “Сад карысных раслін”. Выкарыстоў­ваем усе магчымасці працоўнага і экалагічнага выхавання школьнікаў і робім гэта на радасць усім жыхарам нашага краю, — падзялілася настаўніца пачатковых класаў Галіна Уладзіміраўна Арцюхевіч, якую ў Пархімаўскай школе справядліва называюць галоўным кветкавым архітэктарам.

У 2023 годзе ініцыіраваны ёй праект па добраўпарадкаванні “Вясновы сад” стаў адным з лепшых у вобласці. У 2024-м напярэдадні 9 Мая тут упершыню зацвіла згаданая клумба-зорка.

— Вабіла фарбамі яна на працягу ўсяго сезона. Як толькі адцвілі цюльпаны, іх месца занялі чырвоныя бягоніі. Такую змену кветкавых дэкарацый рыхтуемся забяспечыць і ў гэтым годзе, — працягвае педагог, паказваючы на гаршочкі з расадай для будучых клумб.

Апошнія, дарэчы, разбіты на ўсёй тэрыторыі школы. З вясны да позняй восені любуюцца імі школьнікі і педагогі.

— Абедаць нашы дзеці ходзяць у асобна размешчаны будынак сталовай, і ў пару цвіцення гэты шлях заўсёды напоўнены яркімі фарбамі і духмянасцю. Усё гэта не толькі прывівае густ. Догляд школьных насаджэнняў — задача ў тым ліку і для дзяцей. Садзейнічаюць гэтаму бацькі і адміністрацыя школы, — адзначае Галіна Арцюхевіч.

Дарэчы, установу адукацыі ўзначальвае самы малады дырэктар у раёне Святлана Войшэль. Яе прыклад — доказ таго, што ў педагогіцы перад моладдзю адкрыты ўсе дзверы.

— Творчасць, ініцыятыўнасць у нашай прафесіі не застаюцца незаўважанымі. Усяго праз некалькі гадоў работы была ўключана ў рэзерв кіруючых кадраў. Заўсёды адчувала падтрымку раённага аддзела адукацыі. На чацвёртым годзе стажу мне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара, а яшчэ годам пазней узначаліла педагагічны калектыў, — адзначае Святлана Анатольеўна.

Сёння адукацыйны працэс тут будуецца ў інтарэсах амаль трох дзясяткаў навучэнцаў. Акрамя ведаў па прадметах, педагогі Пархімаўскай базавай школы вучаць дзяцей любові да малой радзімы. Той любові, пра якую прынята гаварыць: “Не словам, а справай”.

— Добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі — наша агульная і актуальная на працягу ўсяго года задача. Разам высаджваем кветкі і даглядаем іх, назіраем за цікавымі змяненнямі. Так, аднымі з першых мае пачаткоўцы заўважылі такі факт. У нас каля школы расце дуб, які з’яўляецца яе равеснікам. Паласавацца дарамі амаль 55-гадовага волата заўсёды прыляталі сойкі. Частымі гасцямі былі і вавёркі. Але амаль у адзін момант зніклі і тыя, і другія. І прычына аказалася ў залішняй стараннасці новага дворніка: каля дрэва яна — зразумела, з найлепшых памкненняў — пазбірала ўсе апалыя жалуды… Разам з дзецьмі пастараліся выправіць сітуацыю і прынеслі такія ласункі з лесу. Сойкі вельмі хутка вярнуліся, а вавёрачку ўсё яшчэ чакаем, — з усмешкай гаворыць пра дзіцячую назіральнасць Галіна Ула­дзіміраўна.

Цікавы выпадак стаў падставай для яшчэ аднаго пачынання — даследчага праекта з рабочай назвай “Дрэвам доўгі век”. Прысвечаны ён ролі дрэў у экасістэме на прыкладзе школьнага дуба.

У рамках праекта трое пачаткоўцаў Галіны Уладзі­міраўны завіталі ў госці да ветэрана педагагічнай працы, якая раней узначальвала калектыў школы, Ніны Аляксандраўны Багуцкай. У яе дамашнім архіве знайшліся фотаздымкі, дзе школьны дуб яшчэ зусім маладое дрэўца.

Ужо сёння вучні Галіны Уладзіміраўны веда­юць, якім будзе адзін з галоўных вынікаў даследчага праекта. У лепшых традыцыях доб­раўпарадкавання тут плануюць высадзіць дзетак дуба — маладыя парасткі са школьнага гадавальніка.

— Гэты дуб стаў своеасаб­лівым сімвалам нашай установы адукацыі. Ужо на працягу некалькіх гадоў на яго фоне робяць памятны здымак выпускнікі, што бу­дзе сімвалічным момантам у 55-ю гадавіну школы, — падсумоўвае размову Галіна Арцюхевіч.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы