Ключ да паспяховай інтэграцыі

- 10:35Спецыяльная адукацыя

Сярэдняя школа № 111 Мінска прызнана адной з лепшых у сталіцы ў кірунку спецыяльнай адукацыі. З 2013 года тут дзейнічае рэсурсны цэнтр па інтэграваным навучанні і выхаванні, які ўзнік у выніку рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта па фарміраванні талерантных адносін соцыуму школы да навучэнцаў з АПФР. Кіраўнік рэсурснага цэнтра — намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Валянціна Іванаўна Пашкевіч.

“Наша ўстанова была адкрыта ў 2006 годзе, і ў ёй адразу пачалі вучыцца дзеці з АПФР, — расказала Валянціна Іванаўна. — У мінулым навучальным годзе ў школе было 8 класаў інтэграванага навучання і выхавання, дзе займаліся 18 вучняў з АПФР (цяжкасцямі ў навучанні, цяжкімі парушэннямі маўлення, інтэлектуальнай недастатковасцю (па праграме першага аддзялення дапаможнай школы), у тым ліку 10 дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату). Нашы педагогі рэалізоўваюць некалькі праграм спецыяльнай адукацыі. На кожнага навучэнца заведзена карта, у якой адлюстроўваецца работа па яго індывідуальным адукацыйным маршруце”.

Ва ўстанове працуюць кваліфікаваныя кадры, створана належнае навукова-метадычнае забеспячэнне, інфармацыйныя і тэхналагічныя рэсурсы, матэрыяльна-тэхнічная база, безбар’ернае асяроддзе (пандусы, ліфт, туалетныя пакоі са спецыяльнымі поручнямі). Вучэбныя кабінеты аснашчаны аднамеснымі вучнёўскімі партамі, крэсламі і сталамі-канторкамі з рэгулятарамі вышыні, прыборамі для забеспячэння вучэбнай дзейнасці навучэнцаў з рухальнымі парушэннямі. У школе абсталяваны 3 кабінеты настаўніка-дэфектолага, памяшканне для заняткаў адаптыўнай фізкультурай з дзецьмі з парушэннямі функ­цый апорна-рухальнага апарату, сенсорны пакой. На факультатыўных занятках “Мадэляванне малых форм інтэр’ера” вучні зрабілі трэнажоры для рухальнага развіцця дзяцей, а таксама для развіцця лагічнага мыслення, памяці, уяўлення. На рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ў 2017 годзе іх работа атрымала дыплом II ступені.

“Самае галоўнае, што ў калектыве пераадолены псіхалагічны і інфармацыйны бар’еры ў зносінах з асаблівымі дзецьмі, сфарміраваны талерантныя адносіны, заснаваныя на ўзаемаразуменні, — гаворыць Валянціна Іванаўна. — Наш рэсурсны цэнтр — гэта не асобнае памяшканне з добрым тэхнічным аснашчэннем, а перш за ўсё комплекс мер, мерапрыемстваў, накіраваных на арганізацыю інтэграванага навучання і выхавання і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту”.

Асноўнымі кірункамі дзейнасці рэсурснага цэнтра з’яўляюцца: 1. Выкарыстанне інфармацыйных камунікацыйных тэхналогій пры навучанні дзяцей з АПФР. 2. Выкарыстанне элементаў LEGO-канструявання ў адукацыйным працэсе. 3. Арганізацыя вучэбных заняткаў у рэжыме анлайн на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. 4. Аказанне сацыяльна-
педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі вучням з АПФР.

“Галоўны наш рэсурс — кваліфікаваныя педагогі,— адзначае Валянціна Іванаўна. — У склад творчай групы ўстановы ўваходзіць 21 спецыяліст. Гэта настаўнікі асноўнага класа, настаўнікі-дэфектолагі, настаўнікі-прадметнікі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, а таксама кіраўніцтва школы. Спецыялісты пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю і прафесійны ўзровень, удзельнічаюць у рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Неаднаразова нашы педагогі ўзнагароджваліся прэміямі і грантамі Мінгарвыканкама”.

На базе школы праводзяцца гарадскія і рэспубліканскія канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, майстар-класы. Ладзіліся метадычныя мерапрыемствы ў рамках праекта INOVEST Tempus. Установа рэалізавала рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання спецыяльных прафесійных кампетэнцый пры рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў педагагічных работнікаў з дапамогай сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі”. Сеткавае ўзаемадзеянне арганізавана з мэтай кансультавання кіраўнікоў школьных метадычных аб’яднанняў Ленінскага раёна Мінска, педагогаў раёна і горада. Школа супрацоўнічае з МГІРА, АПА, Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, Мінскім гарадскім ЦКРНіР у рамках гарадскога метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў. Сёлета рэсурсны цэнтр ладзіў метадычныя мерапрыемствы са слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў адукацыі АПА і выпускнікамі 4 курса БДПУ імя Максіма Танка з мэтай правядзення лабараторных работ па пытаннях арганізацыі спецыяльнай адукацыі.

Інфармацыя аб дзейнасці рэсурснага цэнтра размешчана на афіцыйным сайце сярэдняй школы № 111 Мінска. Тут можна атрымаць кансультацыю спецыялістаў, прыняць удзел у прафесійных дыскусіях, адшукаць неабходныя матэрыялы ў электронным партфоліа рэсурснага цэнтра і медыятэцы.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.