Ключ да тэхналогій заўтрашняга дня

Прыкладная навука пераўтварае сучаснасць, а фундаментальная — стварае будучыню. Часам нават самі даследчыкі не могуць прадказаць, у што выльюцца іх навуковыя пошукі. Жарэс Алфёраў, напрыклад, атрымаў Нобелеўскую прэмію за свае работы 30-гадовай даўнасці. Спатрэбіўся час, каб прыкладная навука, тэхналогіі, грамадства дараслі і змаглі скарыстаць плён працы вучонага-тэарэтыка.

Работа вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтра нанаэлектронікі і новых матэрыялаў БДУІР доктара фізіка-матэматычных навук Ганны Крывашэевай таксама скіравана ў будучыню. Тое, чым яна займаецца сёння, знойдзе практычнае прымяненне заўтра. Што гэта можа быць? Новыя магчымасці, меншыя памеры, іншыя хуткасці прывычнай нам тэхнікі? Або ўвогуле штосьці новае і непрадбачанае? З часам даведаемся…

Ганна Крывашэева — рафінаваны навуковец. Яшчэ будучы студэнткай БДУІР, яна прыйшла на кафедру мікра- і нанаэлектронікі (тады, як і цяпер, там праводзіліся самыя перадавыя даследаванні) і з галавой акунулася ў навуку. Атрымаўшы дыплом, засталася працаваць на кафедры, тут жа заканчвала аспірантуру і дактарантуру.

— У навуку я прыйшла, бо знайшоўся добры кіраўнік, — усмі­хаецца Ганна Уладзіміраўна. — Загадчык нашай кафедры прафесар Віктар Яўгенавіч Барысенка вёў вельмі цікавы прадмет, звязаны з мадэляваннем тэхналагічных працэсаў стварэння iнтэгральных схем. І калі ён прапанаваў праца­ваць у сваёй лабараторыi, я зацiкавiлася. Трэба сказаць, Віктар Яўгенавіч — выбітны вучоны, і ўсе, хто побач з ім, актыўна працуюць і растуць як навукоўцы. За сваю кар’еру Віктар Яўгенавіч падрыхтаваў 26 кандыдатаў і 7 дактароў навук. Нездарма прафесару нядаўна ўручылі дзяржаўную ўзнагароду — медаль “За працоўныя заслугі”.

Ганна Уладзіміраўна прызнаецца, што ў дактарантуру не збіралася, але Віктар Яўгенавіч пераканаў. Гаварыў: “У цябе так шмат напрацовак, шкада кідаць. Трэба ўсё аформіць, каб быў завершаны вынік”.

Вядома, доктарская дысертацыя — гэта каласальная праца. Далёка не ўсе пагаджаюцца некалькі гадоў жыцця прынесці на алтар навукі. Ганна Уладзіміраўна пагадзілася. Сваю дысертацыю яна абараніла яшчэ да 40 гадоў, летась атрымала дыплом доктара фізіка-матэматычных навук.

— Я займаюся тэарэтычным мадэляваннем, — расказвае Ганна Крывашэева. — Працую выключна з камп’ютарам і спецыяльнымі праграмамі, якія дазваляюць разлічваць электронныя, аптычныя, магнітныя ўласцівасці паўправадніковых злучэнняў нанапамерных і больш буйных форм. Аналізую іх і на аснове гэтага прапаноўваю практычнае прымяненне згаданых злучэнняў: у якіх прыборах і для якіх мэт яны могуць выкарыстоўвацца.

Вынікі даследаванняў Ганны Крывашэевай публікуюцца ў рэйтынгавых еўрапейскіх і амерыканскіх навуковых часопісах. Сёння яе індэкс Хірша (адзін з найважнейшых паказчыкаў паспяховасці ў навуцы) — 11. Лічыцца, што ў фізіцы h-індэкс, роўны 10—12, можа служыць вызначальным фактарам, каб прадаставіць даследчыку пастаяннае месца ў буйным даследчым універсітэце.

У Ганны Крывашэевай шмат навуковых камандзіровак, звязаных з канферэнцыямі і тэарэтычнай работай. Так, нядаўна яна працавала ў Славакіі, дагэтуль — у Швецыі, Германіі, Францыі (у тым ліку даволі працяглы перыяд — ад месяца да года). Для даследчыка такога ўзроўню атрымаць грант на навуковую паездку не так складана (напрыклад, праз еўрапейскую праграму “Мост”). Аднак дзе б ні была Ганна Крывашэева, якія б прапановы ні атрымлівала, яна заўсёды вяртаецца ў БДУІР.

Я спытала ў Ганны Уладзіміраўны: “А што цяпер? Дысертацыя, якая займала ўвесь час, завершана, можа, настаў час пісаць манаграфію?”

— Я спрабавала пачынаць, але пакуль перадумала, — прызнаецца даследчыца. Напэўна, ёй трэба невялікі адпачынак перад тым, як зноў паглыбіцца ў вялікую працу.

Ганна Крывашэева супрацоўнічае з навукоўцамі Сінгапура, Францыі, якія спрабуюць эксперыментальна даказваць яе тэарэтычныя выкладкі. Зараз пачынаецца актыўнае супрацоўніцтва з кітайскімі вучонымі. І ўжо нават падалі сумесную заяўку на фінансаванне вельмі цікавага праекта. Гаворка ідзе пра новыя матэрыялы для новых прыбораў.

— Фундаментальныя даследаванні каштоўныя тым, што з часам з іх прарастае штосьці нечаканае. Кітайскiя калегі атрымлі­ваюць матэрыялы з цікавымі ўласцівасцямі, мы спрабуем мадэляваць іх паводзіны ў розных умовах, — гаворыць Ганна Уладзіміраўна.

У што гэта можа выліцца глабальна?

— Зараз я займаюся двухмернымі дыхалькагенідамі тугаплаўкіх металаў, — на канкрэтным прыкладзе тлума­чыць даследчыца. — Гэта захапляльная работа. Матэрыялы са структурай графена, але, у адрозненне ад яго, паўправадніковыя (графен, як вядома, мае металічныя ўласцівасці). На базе гэтых матэрыялаў можна ствараць новы клас прыбораў для оптаэлектронікі, спінтронікі — тыя ж транзістары, але з іншымі падыходамі. Паколькі матэрыялы маюць атамарную таўшчыню, то і памеры новых транзістараў будуць вельмі маленькімі. Гэта абяцае яшчэ большую мініяцюрызацыю. Хацелася б таксама, каб вырасла магутнасць прыбораў.

Адметна, што Ганна Уладзіміраўна, працуючы ва ўніверсітэце, не займаецца педагагічнай дзейнасцю. Быў час, калі яна кіравала дыпломнымі і іншымі праектамі, але зараз сканцэнтравана выключна на навуцы. Для студэнтаў і магістрантаў (і асабліва для дзяўчат), якія прыходзяць на кафедру, Ганна Крывашэева— прыклад таго, што вялікая навука ёсць не толькі за акіянам. У наш век глабалізацыі вялікая навука там, дзе ёсць светлыя галовы, нястомная праца, зацікаўленасць і падтрымка.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.