Ключ маладзёжнай сталіцы — у Магілёве

- 10:38Актуально, Апошнія запісы

Сімвалічны ключ і памятны знак “Магілёў — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2018” перададзены гораду на Дняпры ў межах цырымоніі адкрыцця аднайменнага рэспубліканскага свята. Урачыстае прысваенне ганаровага статусу адбылося ў абласным цэнтры творчасці. Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі органаў улады, лідары маладзёжных арганізацый, маладыя спецыялісты, вучоныя, лаўрэаты міжнародных конкурсаў з ліку студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.

— Сёння моладзь — самая актыўная, матываваная, адукаваная частка грамадства, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, адкрываючы рэспубліканскае свята. — Па сутнасці, гэта стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця нашай краіны, бо менавіта маладым трэба будзе прымнажаць эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял Беларусі, захоўваць яе ўнікальную гісторыка-культурную спадчыну, клапаціцца пра мірную будучыню. Упэўнены, што маладыя людзі з гонарам працягнуць лепшыя традыцыі старэйшых пакаленняў, зробяць усё неабходнае для росквіту нашай краіны.

Таксама Ігар Васільевіч выказаў спадзяванне, што Магілёў, як і яго папярэднікі, з гонарам і годнасцю пранясе эстафету маладзёжнай сталіцы. Тым больш што гэты статус — пэўны штуршок у развіцці крэатыўных ідэй і творчых падыходаў, а таксама выдатная магчымасць унесці свежыя павевы ў рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне.

— Маладзёжная сталіца — ініцыятыва, народжаная ў Год моладзі, — сказаў міністр адукацыі. — Першай маладзёжнай сталіцай Беларусі сталі Баранавічы, другой — Полацк. Абодва гарады з годнасцю пранеслі гэтую эстафету. Сёння мы ўшаноўваем Магілёў — горад са старажытнай гісторыяй, які не толькі шануе традыцыі, але і ўпэўнена глядзіць у будучыню. Гэта рэгіён, які дынамічна развіваецца, дзе вельмі многа цікавай і творчай моладзі.

Сімвалічны ключ і памятны знак маладзёжнай сталіцы старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей Іваноў прыняў з рук старшыні Полацкага раённага Савета дэпутатаў Іосіфа Грыбовіча. Прадстаўнік Віцебскай вобласці адзначыў, што ў статусе маладзёжнай сталіцы ў Полацку было рэалізавана больш за 40 праектаў, прымеркаваных да розных падзей, мерапрыемстваў і беларускіх дзяржаўных свят. Полацкая моладзь прыклала максімум намаганняў, каб справіцца ў 2017 годзе з пастаўленымі перад ёй задачамі. Магіляўчане таксама павінны ўпэўнена пацвердзіць гэты статус, падкрэсліў Іосіф Францавіч.

У сваю чаргу Сяргей Іваноў адзначыў, што прысваенне звання маладзёжнай сталіцы краіны — знакавая падзея для Магілёва. Аднак гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. Прысваенне такога высокага звання — пэўны аванс і стымул для далейшага развіцця маладзёжных ініцыятыў, творчых праектаў, рэалізацыі крэатыўных ідэй. Таксама Сяргей Барысавіч выказаў упэўненасць, што, нягледзячы на ўсе цяперашнія дасягненні, галоўныя перамогі і поспехі ў юных жыхароў прыдняпроўскага рэгіёна яшчэ наперадзе.

У канцы выступлення Сяргей Іваноў перадаў статусную сімволіку лепшым прадстаўнікам моладзі абласнога цэнтра: выкладчыку, члену Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, лаўрэату прэміі Магілёўскага гарвыканкама “Дасягненне-2017” Вользе Бяловай і курсанту інстытута МУС пераможцу абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года — 2017” Максіму Патарэнку.

Працягваючы мерапрыемства, Ігар Васільевіч Карпенка ўручыў падзякі Міністэрства адукацыі і прэміі Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту пераможцам і прызёрам летняй ХХІХ Сусветнай універсіяды ў Тайбэі. На магілёўскай сцэне ўшаноўвалі цяжкаатлетку Дар’ю Навумаву, плыўца Ілью Шымановіча, лёгкаатлетку Эльвіру Герман, гімнастак Ганну Бажко і Марыю Трубач, кідальніцу молата Ганну Малышчык. Таксама міністр адукацыі ўзнагародзіў пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу сацыяльнай рэкламы “Маладзёжны погляд”.

За час свята “Магілёў — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2018” на пляцоўках абласнога цэнтра прайшоў Рэспубліканскі форум “Моладзь — надзея і будучыня Беларусі”, адбылося пасяджэнне Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, арганізаваны правядзенне акцыі “Моладзь разам з алімпійцамі” ў рамках адкрыцця ХХІІІ зімовых Алімпійскіх гульняў, работа інтэрактыўных пляцовак, флэш-мобы, майстар-класы, экскурсіі.

Цырымоніі адкрыцця свята папярэднічала выстава дасягненняў “Моладзь Магілёва: традыцыі і будучыня”, дзе быў прэзентаваны праект “WorldSkills — старт у будучыню”, накіраваны на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій і ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі. Акрамя таго, удзельнікі мерапрыемства наведалі экспазіцыю пра ўдзел дэлегацыі Беларусі ў ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы.

Паралельна на базе магілёўскіх устаноў вышэйшай адукацыі працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі. Так, таленавітая моладзь Беларуска-Расійскага ўніверсітэта здзіўляла гасцей інавацыямі і навуковымі ідэямі. Студэнты ўніверсітэта харчавання прадставілі праекты па фарміраванні прафесійнай кампетэнтнасці будучых маладых спецыялістаў на прыкладзе чатырох секцый: “Кулінарны брэнд Магілёўшчыны”, “Дранік-фэст”, “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”, “Масленіца”. У сваю чаргу навучэнцы ўніверсітэта імя А.А.Куляшова прэзентавалі выставу “Маладосць. Актыўнасць. Поспех”. Мерапрыемствы першага дня скончыў танцавальны форум-рух “Ёсць кантакт!”.

“Маладзёжная сталіца” — статус, які прысуджаецца па выніках рэспубліканскага конкурсу тэрмінам на адзін год. На працягу гэтага часу горад атрымлівае магчымасць прадэманстраваць сваю прыхільнасць сучаснай маладзёжнай культуры, лепшыя практыкі па развіцці сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай актыўнасці моладзі. Арганізатарам і ідэйным натхняльнікам спаборніцтва выступае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У статусе маладзёжнай сталіцы Магілёў папоўніць каляндар мерапрыемстваў яркімі і запамінальнымі падзеямі. Самымі значнымі сярод іх стануць Другі форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Магілёўскі маладзёжны форум “#Труд_Крут” для камандзіраў, камісараў і ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў, начальнікаў штабоў працоўных спраў устаноў адукацыі, форум для працуючай моладзі “Новае пакаленне”, злёт студэнцкіх атрадаў, спартакіяда студэнцкага актыву Магілёва “Моладзь Style”.

Акрамя таго, у 2018 годзе будзе працягнута рэалізацыя агульнасістэмнага інфармацыйна-асветніцкага праекта павышэння прававой культуры “Магілёў. Прававы марафон: лістапад 2017 — люты 2018”, прымеркаванага да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Актыўны ўдзел у ім прымаюць валанцёры, члены БРСМ і маладзёжнага парламента, студэнты.

Часткай патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення стане літаратурна-гістарычны форум “І памяць кніга ажывіць”, акцыі “Свечка памяці”, “Мы — грамадзяне Беларусі”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”, “Спяём гімн разам”.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.