Ключык да кожнага

- 11:17Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

У нейкай іншай прафесіі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Асіповіч Юльяна Вараўко сябе нават не ўяўляе. І гэта нядзіўна, бо любоў да настаўніцкай працы ў яе сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне. 

—Пытанне аб тым, з якой прафесіяй звязаць свой жыццёвы шлях, у мяне нават не ўзнікала. Неяк само сабой было зразумела, што буду настаўнікам. Ды а як інакш? Перада мной пастаянна быў наглядны прыклад паспяховай педагагічнай дзейнасці. Наша настаўніцкая дынастыя пачалася з прадзеда — Сяргея Мікалаевіча Чугунова. Ветэран Вялікай Айчыннай, ён прысвяціў плённай працы ў сферы адукацыі не адно дзесяцігоддзе. Услед за ім прафесійную эстафету падхапіла мая матуля, — паведаміла Юльяна Андрэеўна.

Маючы перад вачамі выдатны прыклад для пераймання, пасля заканчэння школы Ю.А.Вараўко вырашыла не здраджваць сямейнай традыцыі. Адукацыю яна працягнула ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. 

— У якасці профілю выбрала пачатковую адукацыю. Дакладна вызначыцца з прафесійным напрамкам мне дапамаглі дні самакіравання ў гімназіі Асіповіч, дзе я вучылася. У асноўным атрымлівалася так, што ўрокі мне даводзілася праводзіць менавіта ў пачатковых класах. Гледзячы ў шчырыя вочы дзяцей, якія з цікавасцю лавілі кожнае маё слова, зразумела: гэта маё, — расказала Юльяна Андрэеўна.

Атрымаўшы настаўніцкі дыплом, яна адправілася на малую радзіму, дзе маладым спецыялістам пачала працаваць у трэцяй гарадской школе. Настаўнічае Ю.А.Вараўко вось ужо трэці год. Але і зараз дакладна памятае свой самы першы ўрок. 

— Напярэдадні Дня ведаў неверагодна хвалявалася. Перажывала, ці змагу ра­біць усё як трэба? Але як толькі ўвайшла ў клас і ўбачыла вучняў, зразумела: разам у нас усё атрымаецца. Так і выйшла, — падзялілася ўспамінамі Юльяна Андрэеўна.

Па яе словах, адразу далёка не ўсё давалася лёгка, не ўсё было так, як у марах. Але, дзякуючы ўсебаковай падтрымцы кіраўніцтва і калектыву школы, яе педагагічнае станаўленне прайшло без складанасцей. Тэрмін размеркавання ў Ю.А.Вараўко ўжо скончыўся, але ў яе планах — працягваць працу і заставацца ў прафесіі. 

У аснове ўрокаў Юльяны Андрэеўны — тэхналогіі праблемнага, развіццёвага і гульнявога навучання, метад праектаў. Заняткі яна праводзіць з ужываннем займальных дыдактычных матэрыялаў, якія сама распрацоўвае і пастаянна ўдасканальвае. Маладая настаўніца шырока прымяняе ІКТ і мультымедыйныя прэзентацыі. У рамках дадатковай адукацыі праводзіць заняткі па курсе “Робататэхніка WeDo”, у гульнявой форме далучае дзяцей да праграмавання, фізікі, матэматыкі і робататэхнікі. 

Па меркаванні Ю.А.Вараўко, сучаснаму педагогу трэба ўмець ствараць роўныя ўмовы для паспяховасці ўсіх навучэнцаў. Але неабходна памятаць пра тое, што кожнае дзіця — асоба і ў кожнага свой індывідуальны тэмп развіцця.

— Імкнуся знайсці свой ключык да сэрца і ўнутранага свету кожнага вучня, разгледзець моцныя і слабыя бакі дзіцяці, каб максімальна рэалізаваць яго патэнцыял. А яшчэ — стараюся знахо­дзіць паразуменне з класам, будаваць узаемаадносіны з навучэнцамі на павазе і поўным даверы, — адзначыла Ю.А.Вараўко.

Як вынік, на занятках у Юльяны Андрэеўны заўсёды пануе ажыўленая атмасфера. Дзеці адчуваюць сябе спакойна і ўпэўнена. Пры рашэнні задач, не баючыся зрабіць памылку, выказва­юць свае думкі і прапановы. У сваю чаргу настаўніца адзначае нават самы маленькі поспех навучэнцаў. 

Адметна, што Юльяна Андрэеўна пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, знахо­дзіць новыя магчымасці для паляпшэння якасці навучання. Яна рэгулярна наведвае пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, удзельнічае ў разнастайных навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах прафесійнага майстэрства. 

— Асаблівым для мяне сталі ўдзел і перамога ў сваёй намінацыі ў абласным фестывалі “Прызванне — педагог”. Гэты конкурс надаў упэўне­насць у тым, што мой прафесійны выбар быў правільны і што я сапраўды знаходжуся на сваім месцы, — расказала Ю.А.Вараўко. 

…Сёння Юльяна Андрэеўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам: штораніцы яна ідзе на любімую працу, якая прыносіць ёй радасць і задавальненне.

— Разумею, што ад мяне ў нейкай ступені залежыць, якімі мае вучні стануць у будучыні. Па гэтай прычыне імкнуся даць ім не толькі пэўны набор ведаў. Канечне, сістэма ведаў — першачарговае, але не менш важнае — выхаванне. Прывіць навучэнцам правільныя духоўныя і маральныя каштоўнасці,  выхаваць іх дастойнымі людзьмі — у тым ліку і ў гэтым бачу сваю мэту, — падкрэсліла настаўніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Ю.А.Вараўко.