Дадатковая адукацыя — гэта залаты ключык, які дазваляе дзіцяці адчыніць дзверы ў нязведаны, але вельмі цікавы свет. Трапляючы туды, яно адкрывае для сябе мноства новага, што дапамагае яму раскрыць талент і развіць здольнасці. А свет дзіцячай творчасці дзіўны і загадкавы.
Ужо больш за 60 гадоў кожную раніцу адчыняе дзверы сваім выхаванцам Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці, куды спяшаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі. У сценах гэтай установы іх чакае сустрэча з творчасцю. А кіруе цэнтрам на працягу 17 гадоў Алена Мікалаеўна Ленкавец, высокакваліфікаваны спецыяліст, які дасканала валодае асновамі кіравання, сучаснымі метадамі матывацыі, знаходзіць эфектыўныя шляхі вырашэння праблем, стварае і падтрымлівае атмасферу камфорту ў калектыве. Прыстойнасць, тактоўнасць, душэўная дабрыня — вось што адрознівае Алену Мікалаеўну, таму што сама яна з сям’і настаўнікаў. Маці, Вера Уладзіміраўна Паляшчук, у Востраўскай сярэдняй школе выкладала беларускую мову і літаратуру, а бацька — працоўнае навучанне. Менавіта яны прывілі Алене Мікалаеўне любоў да гэтай прафесіі.
Больш за сто аб’яднанняў па інтарэсах дзейнічае ў цэнтры творчасці. Для вучняў гэта не проста месца, дзе пасля заняткаў у школе можна адпачыць, а напрамак шляху ў далейшае самастойнае жыццё. Многія выпускнікі цэнтра выбіраюць будучую прафесію, звязаную з тэматыкай аб’яднання, якое наведвалі на працягу многіх гадоў. Шмат таленавітых дзяцей выйшла са сцен нашай установы.
Яркая старонка гісторыі цэнтра — узорнае літаратурнае аб’яднанне “Верасок”, год нараджэння якога — 1978-ы. У 1996 годзе “Верасок” быў удастоены ганаровага звання “ўзорны”, а ў сакавіку 2019 года творчы калектыў чарговы раз пацвердзіў яго. Стварыла літаратурнае аб’яднанне заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь выдатнік народнай адукацыі БССР Вера Уладзіміраўна Паляшчук, маці Алены Мікалаеўны. Веры Уладзіміраўны, на жаль, сёння няма сярод нас, але яе словы, сказаныя калісьці, сталі прарочымі: “Маёй сцяжынкай ёсць каму ісці. Насенне, што я сею, прарастае”.
Педагогі, паслядоўнікі Веры Уладзіміраўны, і сёння з гонарам і адказнасцю вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак паэтычным словам выказваць свае пачуцці да любай Радзімы. А Алена Мікалаеўна стварае ўсе ўмовы, каб “Верасок” жыў і квітнеў на працягу доўгіх гадоў, а паэтычнае натхненне не пакідала дзяцей. Вераскоўцы маюць магчымасць знаёміцца з вядомымі паэтамі і іх творчасцю, працаваць са словам, складаць уласныя вершы. Яны пішуць пра ўсё тое, што ўбірае ў сябе дзіцячая душа, і нясуць сваю дзіцячую паэзію ў свет, выступаючы на сцэне і розных пляцоўках. Творчыя здабыткі ўдзельнікаў аб’яднання друкуюцца і на старонках перыядычных выданняў.
У цэнтры адкрыты аб’яднанні па розных напрамках: эколага-біялагічным, спартыўным, турыстычна-краязнаўчым, тэхнічным, мастацкім, даследчым, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Акрамя гэтага, працуе школа ранняга развіцця, што дае магчымасць шасцігодкам падрыхтавацца да навучання ў першым класе. Педагогі ганарацца сваімі выхаванцамі, якія штогод з’яўляюцца пераможцамі творчых конкурсаў раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Алена Мікалаеўна заўсёды падкрэслівае, што для нас, педагогаў, вельмі важна зацікавіць навучэнцаў сваёй справай, падрыхтаваць іх да будучыні і выхаваць сапраўдных грамадзян.
Напярэдадні новага навучальнага года хочацца выказаць словы ўдзячнасці нашаму дырэктару за давер, падтрымку, стварэнне ўмоў і разуменне значнасці работы педагогаў дадатковай адукацыі. А калегам пажадаць, каб кожны дзень работы для іх быў цікавым і плённым. Нашы поспехі — вынік агульных жаданняў і намаганняў педагогаў і вучняў. Нам не трэба спыняцца!
Валянціна МУРАШКА,
педагог дадатковай адукацыі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.