Кніга — лепшы сябар

У рамках тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі “Кніга — лепшы сябар”, які прайшоў у нашай школе, адбыліся мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю чытання, далучэнне вучняў да літаратурнай творчасці і пашырэнне іх кругагляду.

Адкрыўся тыдзень мерапрыемствам, падчас якога вядомыя літаратурныя героі Нязнайка і Бураціна завіталі ў госці да школьнікаў і расказалі пра ўзнікненне свята кнігі. У 1943 годзе СССР перажываў цяжкія часы. Дарослыя ўсяляк імкнуліся зберагчы дзяцей і палегчыць ім жыццё ў гады ваеннага ліхалецця. Было вырашана парадаваць хлопчыкаў і дзяўчынак з дапамогай свята кнігі, каб хоць на адзін дзень адцягнуць іх ад страху, голаду і гора. Так 23 сакавіка ў Маскве нарадзіўся Дзень дзіцячай кнігі, якому вядомы пісьменнік Леў Касіль даў цудоўную назву “Кніжкіны імяніны”. Гэта свята дапытлівых дзяцей і дарослых, улюбёных у кнігу, свята вясёлых прыгод, новых літаратурных адкрыццяў, сустрэч з цікавымі людзьмі.

У рамках тыдня настаўнік гісторыі С.А.Сярко правёў інфармдайджэст для пяцікласнікаў “Ад глінянай дошкі да друкаванай кнігі”. Дзеці даведаліся пра ўзнікненне пісьменнасці, сістэмы пісьма (клінапіс, іерогліфы, алфавіт) і матэрыялы, якія ў розны час выкарыстоўваліся для вырабу кніг (гліна, папірус, пергамент, папера). Падчас прэзентацыі вучні ўбачылі гліняныя таблічкі, пергаментныя скруткі і старажытныя славянскія кнігі. Больш за ўсё школьнікам спадабалася рэпрынтнае выданне “Бібліі” Францыска Скарыны.

Сярод вучняў 9—11 класаў было праведзена апытанне “Добрая кніга — гэта…”. Сваімі думкам юнакі і дзяўчаты дзяліліся на маленькіх рознакаляровых аркушах у форме кнігі. Па выніках апытання быў аформлены спецыяльны стэнд.

Малодшыя школьнікі прагледзелі ролікі-прэзентацыі і выхаваўчыя мультфільмы пра кнігі (“Як нараджаюцца кнігі”, “Помнікі кнізе” і “У свеце незвычайных кніг”), здзейснілі завочнае падарожжа на дрэваперапрацоўчы завод і ў друкарню, азнаёміліся з помнікамі героям кніг па ўсім свеце.

Вучні пачатковых класаў падрыхтавалі выставу малюнкаў “Мой любімы герой кнігі”. Педагогі ўбачылі, якія казкі і апавяданні падабаюцца дзецям, якія героі ім найбольш блізкія. Сярод іх — “Віні-Пух і ўсе-ўсе-ўсе”, “Кракадзіл Гена і яго сябры”, “Прыгоды Нязнайкі і яго сяброў”, “Казка пра рыбака і рыбку” і інш.

З мэтай развіцця цікавасці да чытання адбылася віктарына па казцы А.Волкава “Чараўнік Ізумруднага горада”. Напярэдадні гульні дзеці чыталі і абмяркоўвалі фантастычныя прыгоды дзяўчынкі Элі і яе сяброў, рыхтавалі малюнкі да гэтага твора. Адказваючы на пытанні віктарыны, вучні паказвалі веды, кемлівасць і ўменне працаваць у камандзе.

Самыя актыўныя чытачы школьнай бібліятэкі атрымалі дыпломы і падарункі.

Фінальным мерапрыемствам тыдня стала акцыя “Падары кнігу школе”, дзякуючы якой фонд школьнай бібліятэкі павялічыўся на некалькі дзясяткаў кніг.

Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі не толькі раскрывае таленты вучняў, але і паказвае, што сучасныя дзеці сябруюць з кнігай.

Таццяна СКІБІНСКАЯ,
загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 18 Брэста.