Чатыры дні, з 18 па 21 лютага, у Мінску панавала мастацтва кнігі. У славутым “рамонку” праходзіла ХХVIII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Амаль тры сотні выдавецтваў з 20 краін свету разгарнулі ў выставачным цэнтры своеасаблівыя кнігарні з сотнямі найноўшых выданняў, якія за час працы форуму змаглі паглядзець, пагартаць і набыць амаль 36 тысяч наведвальнікаў. Якім атрымаўся сёлетні беларускі кніжны фестываль, ніжэй у матэрыяле.
Ад “Моста дружбы” да Славянскага кніжнага саюза
У Беларусі ва ўсе часы паважліва ставіліся да кнігі і сёння імкнуцца годна развіваць лепшыя традыцыі нацыянальнага кнігавыдання. Сведчанне высокай кніжнай культуры беларусаў — узнагароды айчынных выданняў, атрыманыя на розных міжнародных конкурсах, у тым ліку на конкурсе “Мастацтва кнігі” краін — удзельніц СНД. Нагадаю, што цэнтральным экспанентам ХХVIII ММКВК была менавіта Садружнасць Незалежных Дзяржаў, якая сёлета святкуе сваё 30-годдзе. І гэты факт прадвызначыў як слоган выставы-кірмашу — “Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны”, які да таго ж падтрымлівае канцэпцыю Года народнага адзінства ў нашай краіне, так і канцэпцыю забудовы нацыянальнай пляцоўкі. Галоўная экспазіцыя была сімвалічна аформлена ў стылі адзінага агульнага дома.
Як адзначыў у сваім прывітальным слове ўдзельнікам і гасцям выставы-кірмашу Аляксандр
Лукашэнка, за перыяд існавання кніжны форум стаў значнай дыскусійнай пляцоўкай не толькі для аўтараў і кнігавыдаўцоў, але і для шырокага кола інтэлектуалаў, якія любяць і шануюць якаснае друкаванае слова. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў дадаў, што выстава-кірмаш — гэта свята для ўсіх краін: “Наш кніжны фестываль адрознівае тое, што за час свайго існавання мы ні разу не перапыніліся. Выключэннем не стаў і гэты год. Мы не маглі сабе дазволіць застацца без традыцыйнага кніжнага свята, з нецярпеннем чакалі яго, каб пазнаёміцца як са сваімі кніжнымі навінкамі, так і з выданнямі нашых сяброў, а гасцям паказаць, на што здольныя айчынныя выдавецтвы”.
А вось спецпрадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой падкрэсліў, што не толькі COVID не ведае меж, але і кніга: “Думаю, мы даўно так шмат не чыталі, як у 2020, у перыяд лакдаўна і каранціну. Кніга чарговы раз даказала сваю неабходнасць менавіта ў гэты перыяд. Ва ўсе часы мова і слова выступалі аб’яднальнікамі народаў і этнасаў, і гэта вельмі важна для разумення”.
Падчас наведвання XXVIII ММКВК Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка выказаў упэўненасць, што цікавасць да кнігі жыве: “Назіраючы за тым, колькі людзей прыйшлі на гэты форум, можна сказаць, што цікавасць людзей да папяровай кнігі вяртаецца пасля эпохі захопленасці электроннымі. На мой погляд, папяровыя кнігі ніколі не знікнуць, гэта мастацтва друкароў і ілюстратараў”.
Міністр адукацыі Ігар Карпенка перакананы, што на кніжным форуме заўсёды можна знайсці кнігі, якія дапамогуць разнастаіць урок: “Кніга — гэта крыніца ведаў, як бы банальна гэта ні гучала. На выставе-кірмашы заўсёды ёсць навінкі, цікавыя кнігі, якія можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Калі настаўнік хоча разнастаіць урок, то, вядома, павінен пастаянна думаць пра тое, як абнавіць змест адукацыі і канкрэтнага ўрока, а ў гэтым якраз і дапамагае кніга. Бясспрэчна, у стагоддзе інфармацыйных тэхналогій існуюць розныя варыянты правядзення заняткаў, але ў той жа час патрымаць у руках добра ілюстраваную надрукаваную кнігу — гэта дарагога варта”.
На пляцоўках выставы-кірмашу адбылося больш за 100 разнастайных мерапрыемстваў. З найбольш значных — круглы стол “Кніга і слова. Погляд у будучыню” і сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”. Яго ўдзельнікі абмеркавалі творчасць сучасных маладых аўтараў і іх магчымасці ў рэалізацыі свайго творчага патэнцыялу. У гэтым дапамагае і літаратурны конкурс “Мост дружбы”, што праводзіцца з 2012 года. “Гэты праект дазволіў адкрыць каля 400 новых імён Расіі і Беларусі, якія атрымалі магчымасць апублікавацца ў конкурсным альманаху, што выходзіць раз на два гады. У мінулым годзе на конкурс паступіла каля 80 твораў, і 40 з іх пасля папярэдняга адбору былі прадстаўлены на разгляд экспертнага журы. І трэба сказаць, што моладзь па-рознаму ўяўляе будучыню, — патлумачыў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. — Бо па стылістыцы і па тым, якія думкі там закладзены, гэта ўжо творы сталых пісьменнікаў, якіх цікава чытаць і над чыімі словамі хочацца думаць”.
Конкурсы накшталт “Моста дружбы” становяцца прыступкай у будучую прафесію, пераканана беларускі аўтар Маргарыта Латышкевіч: “Творчае спаборніцтва дае матывацыю для пісьменніцтва і самасцвярджэння і магчымасць для публікацыі. У сувязі з гэтым мне хочацца згадаць пра літаратурныя часопісы. Напрыклад, тая ж “Маладосць” застаецца добрым стартам для многіх маладых пісьменнікаў. Таму будучыня не недзе там, далёка, а тут, побач. Мы працуем на яе і ў сілах стварыць платформу для тых, хто будзе працягваць пісьменніцкую, журналісцкую, рэдактарскую, выдавецкую справу”.
Пра пісьменніцкую місію гаварылі і на VII Міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”. Па ініцыятыве арганізатара — Міністэрства інфармацыі Беларусі — ён прайшоў у новым фармаце: афлайн і анлайн. У выніку колькасць удзельнікаў значна пашырылася. Сімпозіум сабраў каля 100 літаратараў, выдаўцоў, вядомых грамадскіх дзеячаў з розных краін і даказаў, што высокае мастацкае слова сцірае межы, дазваляе вырашаць любыя праблемы. Падчас дыскусіі ўдзельнікі разглядалі працэсы, што адбываюцца ў свеце, праз прызму высокага слова, якое дапамагае аб’ектыўна і дакладна аналізаваць трансфармацыі ва ўсіх сферах грамадства. На гэтай сустрэчы прагучала ініцыятыва стварыць Славянскі кніжны саюз, які б аб’яднаў літаратараў па ўсім свеце. Ідэя была падтрымана прадстаўнікамі Балгарыі, Расіі, Беларусі, Сербіі, Эстоніі і Малдовы.
1-я і 60-я інтрыгі
20 лютага раскрылася адна з галоўных інтрыг XXVIII ММКВК у час падвядзення вынікаў І Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу LitUP, аб’яўленага Міністэрствам інфармацыі ў студзені 2021 года. Яго асаблівасць у тым, што канкурсантамі маглі стаць як знакамітыя аўтары, так і пачаткоўцы, да таго ж членамі журы былі не вядомыя літаратары, а прадстаўнікі вядучых айчынных дзяржаўных выдавецтваў. Як расказала дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна, у шорт-ліст прэтэндэнтаў было адабрана 16 аўтараў з 200. У суботу шматлікія госці выставы-кірмашу маглі не толькі пазнаёміцца з прэзентацыяй праектаў канкурсантаў, але і пачуць абмеркаванне аўтарытэтнага журы.
Пераможцамі конкурсу сталі сем самых цікавых і крэатыўных праектаў. Сярод іх як імёны ўжо вядомых аўтараў (Людміла Адзінцова, Іна Зарэцкая, Бажэна Ганушкіна), так і пакуль яшчэ невядомых. Сярод іх — студэнтка з Мінска Дар’я Нейжмак з праектам “Якога колеру іней”, які расказвае пра страх адзіноты і ўнікальнасць кожнага чалавека, і салдат тэрміновай службы Станіслаў Сабалеўскі з анімацыйнай казкай-коміксам з элементамі дапоўненай рэальнасці. У герояў гэтай гісторыі, па словах аўтара, розныя характары, інтарэсы, але ўсе яны нацэлены на адзіны станоўчы вынік.
Вялізная колькасць маладых таленавітых аўтараў сведчыць пра тое, што беларусы не толькі любяць кнігу, але і самі гатовыя сваёй творчасцю папаўняць фонд беларускай літаратуры. “Мяне ўразіла, што аўтары прынеслі вельмі розныя рукапісы. Усе ведаюць, што Беларусь — гэта край паэтаў. А сёння сярод аўтараў былі і дзіцячыя пісьменнікі, і раманісты, і публіцысты. Наша выдавецтва выбрала сабе аднаго фіналіста, але і пра астатніх будзем памятаць”, — паведаміў член журы дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак.
Акрамя таго, 20 лютага падвялі вынікі і 60-га нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Гран-пры атрымала кніга-альбом “Храм-помнік зямлі беларускай”, падрыхтаваная выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” сумесна з Паліграфкамбінатам імя Якуба Коласа. Віншуючы пераможцаў, міністр інфармацыі Ігар Луцкі сказаў, што “цяжка было вызначыць лепшае выданне, але гэта не выбар міністэрства, а выбар грамадства ў асобе кампетэнтнага журы”. Па словах В.Ванінай, кніга прысвечана храму-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску, які з’яўляецца сімвалам духоўнага адзінства нашай краіны.
“Інжынерыя” чалавечых душ
Сярод менш значных, але не менш цікавых мерапрыемстваў — урокі-прэзентацыі, арганізаваныя і праведзеныя студэнтамі факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. На пляцоўцы Дома кнігі “Светач” студэнтка 4 курса Настасся Арцюшкевіч правяла ўрок па новай кнізе В.Кажуры “Слоўца да слоўца. Амонімы для пачатковай школы” для навучэнцаў гімназіі № 29 Мінска. У бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшоў адкрыты ўрок студэнткі 3 курса Юліі Махнач па казцы “Тоўстая кніга” А.Стэльмах з удзелам другакласнікаў пачатковай школы № 39 Мінска.
А вось на самой кніжнай выставе-кірмашы на дзіцячай пляцоўцы вучні 4 класа сталічнай гімназіі № 16 разам са студэнткай 4 курса Аленай Шырко сталі ўдзельнікамі займальнага ўрока-прэзентацыі новай кнігі з шахматнымі казкамі К.Хадасевіч-Лісавой “Загадка прынцэсы Агнесы”. “Сучасны настаўнік павінен як валодаць класічнымі асновамі прафесіі, так і пастаянна пашыраць свой кругагляд вось такімі новымі нестандартнымі формамі, — пераканана намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі Ірына Буторына. — Вельмі прыемна, што на такіх уроках прысутнічаюць і студэнты малодшых курсаў, якім вельмі карысна не толькі назіраць, але і насычацца крупінкамі метадычнай мудрасці. Дарэчы, прэзентацыю мы праводзілі разам з пісьменніцай, таму што ёй таксама важна разумець, як дзеці ўспрымаюць яе твор”.
“Каму, як не настаўнікам, цікавіцца сённяшнім літаратурным жыццём, прывучаць да кнігі дзяцей. Тое, што будзе ўкладзена ў вучняў у дзяцінстве, застанецца з імі на ўсё жыццё. Нездарма настаўніка называюць інжынерам чалавечых душ, і зробленыя ў дзяцінстве інвестыцыі ў будучыні дадуць плён, таму што нацыя наша будзе і развітая, і творчая, і зацікаўленая. Калі дзеці будуць чытаць і любіць кнігі, выхоўвацца на духоўных каштоўнасцях і арыенцірах, то з іх вырастуць адукаваныя грамадзяне”, — сказала Кацярына Хадасевіч-Лісавая.
Увогуле штогод факультэт пачатковай адукацыі актыўна ўдзельнічае ў кніжным форуме. “Сёлетняя выстава-кірмаш атрымалася насычанай і разнастайнай, прыемна, што ў нашых выдавецтвах выходзяць новыя кнігі, з’яўляюцца новыя імёны і жанры, — дадала І.Буторына. — Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — гэта магчымасць звычайным чытачам аператыўна даведвацца аб выхадзе новых кніг за апошні год, пашыраць свой кругагляд і сустракацца з любімымі пісьменнікамі. Я лічу, што, нягледзячы на новыя інфармацыйныя тэхналогіі, папяровая кніга ўсё роўна будзе жыць. І педагогам варта падтрымліваць цікавасць да яе самымі неардынарнымі спосабамі”.
Сотні кнігавыдаўцоў, разнажанравая літаратура для чытачоў усіх узростаў, круглыя сталы і гарачыя дыскусіі, пісьменнікі-пачаткоўцы і ўжо прызнаныя зоркі друкаванага слова, акцыі, прэзентацыі, майстар-класы, воркшопы, конкурсы — усяго і не пералічыць. І хоць сёлета наш знакаміты кніжны форум не пабіў ніводнага мінулагодняга рэкорду, галоўнае, што ён адбыўся, і, нягледзячы ні на якія абставіны, хатнія паліцы беларускіх чытачоў папоўніліся кніжнымі навінкамі, а душы — пазітывам і ўпэўненасцю ў тым, што, як і раней, людзей і краіны яднае сяброўства і кнігі.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.