З мэтай далучэння навучэнцаў да турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, пашырэння іх ведаў аб культурна-гістарычнай спадчыне нашай Радзімы калектывам педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 7 Рэчыцы быў створаны сайт travelbook.by.
Сайт дае магчымасць усім наведвальнікам прыняць удзел у праекце “Кніга падарожніка”, прысвечаным Году гістарычнай памяці. Здзяйсняючы экскурсіі ў складзе школьных экскурсійных груп ці самастойна, можна адзначаць на інтэрактыўнай карце сайта маркерам наведаныя аб’екты гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны краіны і рэгіёна і прымацоўваць спасылку на свае заметкі і фотасправаздачы ў раздзеле “Заметкі падарожніка”.
Travelbook.by — своеасаблівы віртуальны рэсурс для пашырэння адукацыйнай прасторы навучэнцаў праз знаёмства з артыкуламі равеснікаў аб наведаных імі аб’ектах; абмену з іншымі ўдзельнікамі праекта і наведвальнікамі сайта сваімі ўражаннямі, думкамі аб гэтых аб’ектах.
Для зручнасці пошуку інфармацыі заметкі падарожнікаў размяшчаюцца ў інтэрактыўным каталогу, які дазваляе выкарыстоўваць іх як электронны сродак навучання з убудаваным пошукавым механізмам па зададзеных карыстальнікам крытэрыях (катэгорыях і тэгах), і публікуюцца ў катэгорыях “Наша спадчына” (“Культурна-гістарычны турызм”), “Патрыятычны турызм”, “Рэкрэацыйны турызм”, “Культавы турызм”, “Прафарыентацыйны турызм”. Адсартаваныя па катэгорыях артыкулы можна далей гібка сартаваць па тэгах — гарадах і відах аб’ектаў, якія наведваюцца.
Усе артыкулы аказваюць магутнае выхаваўчае ўздзеянне. Некаторыя з іх проста немагчыма чытаць без слёз. Напрыклад, артыкул удзельніка экскурсіі на мемарыяльны комплекс у Чырвоны Бераг з катэгорыі “Патрыятычны турызм”. Пасля яго прачытання ты ўжо не такі, якім быў раней. Або артыкулы ў меню “Памяць сэрца: унукі і праўнукі пра вайну”. Пасля прачытання кожнага з іх — шок, боль, адчуванне, што гэта цябе застала вайна, што гэта гісторыя твайго дзеда ці бабулі, што гэта ты страціў у той вайне блізкіх сваякоў і што гэта тваё асабістае гора і смутак… І затым — твая гордасць за іх, захапленне імі, пакланенне перад іх мужнасцю… Або артыкулы пра экскурсіі, здзейсненыя нашымі навучэнцамі ў рамках праекта “Прафесіі нашых бацькоў”. Асаблівай увагі заслугоўвае раздзел сайта, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.
Калі вы ці вашы навучэнцы захочаце прыняць удзел у праекце, напісаўшы хаця б адзін артыкул, то тым самым унесяце істотны ўклад у выхаванне патрыёта і грамадзяніна нашай краіны.
Наш праект прадугледжвае станоўчую матывацыю яго ўдзельнікаў з мэтай развіцця іх творчай актыўнасці. За паспяховае выкананне краіназнаўчых тэстаў і віктарын карыстальнікі сайта аўтаматычна атрымліваюць медалі і электронныя сертыфікаты знаўцаў (горада, сабора і г.д.), а іх імёны размяшчаюцца на сайце ў спісах пераможцаў краіназнаўчых віктарын; у асабістым кабінеце ўдзельніка праекта захоўваецца статыстыка яго дасягненняў (колькасць артыкулаў і падпісчыкаў); на сайце працуе сістэма падзяк і рэйтынга — магчымасць сказаць дзякуй аўтару за артыкулы, якія спадабаліся, і падзяліцца імі з сябрамі праз сацыяльныя сеткі.
Наталля ГРЫГОР’ЕВА,
педагог сярэдняй школы № 7 Рэчыцы.