Кніга — шлях да сяброўства

Сёлета спаўняецца 27 гадоў устанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю. З гэтай нагоды, а таксама дзеля ўмацавання двухбаковых сяброўскіх сувязей паміж народамі штаб-кватэра інстытутаў Канфуцыя Ханьбань пачала праект рухомай выставы кітайскай дзіцячай літаратуры “Свет эрудыцыі кітайскіх дзяцей”.

“У першыню такая выстава прайшла ў 2016 го­дзе ў рамках Франкфурцкага кніжнага кірмашу, — расказвае дырэктар з кітайскага боку Інстытута Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ Ван Ліцзюнь. — Пры падтрымцы 50 інстытутаў Канфуцыя з 12 краін са “Светам эрудыцыі кітайскіх дзяцей” пазнаёміліся ў Германіі, Італіі, ЗША, Мексіцы і Бразіліі. Мы спа­дзяёмся, што, дзякуючы гэтай выставе, беларускія навучэнцы змогуць бліжэй пазнаёміцца з кітайскімі казкамі і лепш зразумець сваіх аднагодкаў з Паднябеснай”.

На выставе сабрана амаль 100 лепшых арыгінальных ілюстраваных кніг для дзяцей, выдадзеных за апошнія 5 гадоў. Іх яркія і разнапланавыя вокладкі прывабяць увагу не толькі школьнікаў малодшага ўзросту, але і старшакласнікаў, а таксама настаўнікаў.

“У гэтых кнігах апісваюцца кітайскія традыцыі і мудрасці. Яны будуць цікавыя для дзяцей, бо ў іх шмат яркіх малюнкаў, створаных знакамітымі мастакамі Кітая. Я веру, што казкі падораць беларускім дзецям прыемныя ўспаміны і дапамогуць ім у жыцці”, — адзначыла Ван Ліцзюнь.

Выстава рухомая, таму азнаёміцца з ёй можна будзе ў розны час у розных месцах. 23 верасня яна адкрылася ў гімназіі № 23 Мінска, 25-га пераехала ў гімназію № 40, 27 верасня выстава размесціцца ў навуковай бібліятэцы БНТУ, 1 кастрычніка адправіцца ў гімназію № 18, а 3-га ў Навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік” пройдзе яе закрыццё. Наведвальнікаў “Свету эрудыцыі кітайскіх дзяцей” чакае не толькі літаратура, але і мерапрыемствы рознага кірунку: чытанні, калёквіумы па пытаннях адукацыі з каментарыямі экспертаў, тэатральныя фестывалі і сустрэчы з аўтарамі. Акрамя таго, навучэнцы змогуць паўдзельнічаць у конкурсах каліграфіі, ілюстрацый і чытальнікаў.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.