Кніга ў духоўнай культуры нацыі

- 16:52Нам пішуць, Рознае

26 мая 2016 года ў Мінску па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі Паўла ў рамках XX Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў адбылася канферэнцыя “Духоўнае адраджэнне грамадства і праваслаўная кніга”.

Прывітальныя словы ўдзельнікам канферэнцыі сказалі епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін, пратаіерэй Ігар Карасцялёў, настаяцель прыхода ў гонар іконы Божай Маці “Усіх Тужлівых Радасць”.
Галоўны бібліятэкар НІА бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі В.А.Рынкевіч падвяла вынікі супрацоўніцтва бібліятэк Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы па духоўна-маральнай асвеце праз кнігу і чытанне.

На канферэнцыі “Духоўнае адраджэнне грамадства і праваслаўная кніга” з дакладамі выступілі 15 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі. Асабліва ўразіў прысутных даклад магістра гістарычных навук Я.М.Котусева на тэму “Аляксандр Мень: подзвіг і спадчына”.

Трэба адзначыць, што ў рабоце канферэнцыі прыняла ўдзел і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Скідзеля А.М.Воўчак. Яна выступіла з дакладам “Духоўная паэзія і яе роля ў духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні вучняў”, у якім адзначыла, што духоўная паэзія вучыць уменню радавацца жыццю, быць шчаслівымі, верыць, спадзявацца, любіць; гатоўнасці да рашэння жыццёвых праблем, глыбокай адказнасці за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх; здольнасці да міласэрнасці, спачування іншым людзям, павагі да старэйшых.

Пры падвядзенні вынікаў канферэнцыі было адзначана, што сапраўды “испокон века книга растит человека” і яе роля ў духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення вельмі вялікая.
Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя новых кніг і асноўных напрамкаў дзейнасці выдавецтва Беларускага Экзархата. Удзельнікі канферэнцыі ў падарунак атрымалі кнігі “Пісьмы духоўным дзецям” ігумена Нікана і “Бог” А.І.Осіпава.

Наталля САЛАВЕЙ,
намеснік дырэктара вы вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Скідзеля Гродзенскай вобласці.