Кніга… У тваіх руках

- 11:58Культура

Такога ў Беларусі яшчэ ніколі не было. Паўтысячагадовая гісторыя беларускай кнігі ўзарвалася ў тысячах маладых беларускіх сэрцаў.  Гэта была не спланаваная піяр-акцыя. Гэта было паўсюднае натуральнае відовішча.

У супермаркеце, у аптэцы, нават у ЗАГСе… Людзі спачатку перакладвалі з адной рукі ў другую кнігу, а потым пыталіся: “Мы хацелі б распісацца 14 — лютага. Ці ёсць яшчэ месцы?”, “Мне апошнія два тыдні пастаянна баліць жывот. Што прапішаце?”, “Заўтра ў пляменніцы дзень нараджэння. Яна фанацее па “Марвелах”… У вас ёсць майкі з “Марвелам”?” Дзе вы, неонавыя піяршчыкі?

Дзе ваш хэштэг #Ilovebooks?

Я гэта не прыдумаў. Быў сведкам. Кніга — у розных іпастасях — стала сябрам беларусаў на працягу ўсяго мінулага тыдня, пакуль у сталіцы праходзіла ХХVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

Кніга на мінулым тыдні стала знакам.

Знакам таго, што ты далучаны да тысячагадовай кніжнай культуры.

Знакам таго, што ты маеш час адхіснуцца ад “іміджу” і дакрануцца да “логаса”.

Знакам таго, што ты ўвесь — калісьці напісаны тымі, у каго была ў руках кніга.

Адмысловым знакам ХХVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу стаў круглы стол “Роля кнігі ў фарміраванні культуралагічнага, духоўна-маральнага развіцця грамадства”. Гэтая па­дзея таксама стала знакавай. Хоць бы таму, што адбылася ў Мінскім храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяры, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай.

Цытуем найбольш знакавыя вытрымкі з трохгадзіннай гутаркі.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел: “У свой час шмат гаварылася пра смерць тэатра. Але тэатр жывы. І кніга жывая. Яна дае чалавеку права выбудоўваць у сваёй свядомасці сюжэты, якіх няма ў кнізе. Чалавек, які чытае кнігу, становіцца героем сюжэтаў свайго жыцця, творча выбудоўвае гэтыя сюжэты — і праваслаўныя, і каталіцкія. Духоўныя законы дзейнічаюць у такой жа ступені, як і фізічныя. Мабыць, прыйшоў час іх праверыць на сабе”.

Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Мінска протаіе­рэй Фёдар Повны: “Прарок Май­сей, калі паміраў, склаў песню для сваіх суайчыннікаў, якую Бог запаведаваў чытаць перад кожным народам кожныя сем гадоў. Каб ніхто не забываў пра тое, што “народ Ізраілевы Богам дадзены”. Але я сёння задумваюся: ці не праецыруецца гэты запавет прарока на іншы народ? Народ, які вырашыў, што яго ўсынавіў Бог. Гісторыя цывілізацыі паказвае, што росквіт любой нацыі ўспрымаецца ёй як Боскае благаславенне. Але сёння многія наракаюць, што Бог, асабліва ў Парыжы, вельмі змяніўся. Я не думаю. Проста, гледзячы на тое, што адбываецца ў прыгарадах Парыжа, усё мацней запэўніваешся яшчэ ў адным выказванні Майсея: “Народ з верай выцясняе народ без веры”. Да чаго я ўсё гэта кажу? Да таго, што рэлігія з’яўляецца неад’емнай част­кай нацыянальнай свядомасці. Яна — яе базіс. У ёй — патэнцыял развіцця. Толькі Бог задае максімальную кропку росту для кожнага асобнага чалавека. Духоўнасц­ь — гэта аснова для развіцця нацыянальнай свядомасці… А што зараз нам прапаноўваецца? Нам прапаноўваецца жыць фатаграфіямі і GIF-камі. І дапускаць гэта як спосаб аптымізацыі інфармацыйнай прасторы. Але ладна мы… Але дзеці! У якіх яшчэ проста няма навыкаў крытычнага асэнсоўвання! Для людзей, якія не набылі навыкі крытычнага одуму, гэта крытычная зброя. І тут найлепшая цэль — фрагментаваная свядомасць. А ведаеце, што самае страшнае? Тое, што царква ўцягваецца ў гэты працэс. Колькі розных праваслаўных блогаў зараз з’явілася! Трэба памятаць толькі тое, што царква не заклікае. Царква сустракае, суцішае і вядзе да таго, каго заклікае сам Гасподзь. Царква дае чалавеку сістэму каардынат, якая не спасцігаецца фрагментамі. Мяне палохае тое, што сённяшнія дзеці не валодаюць нават звязнай мовай. Для многіх нецэнзурныя словы замяня­юць эпітэты, запаўня­юць паўзы ў іх мове. Гэта сапраўды страшна… Людзі навукі закліканы да таго, каб працягваць сваю думку. Яны заглядваюць глыбей і вышэй. Таму і нашы дзеці павінны абавязкова чытаць “Вайну і мір”, “Злачынства і пакаранне”, “Новую зямлю”… І яны абавязкова павінны пісаць сачыненні. Таму што толькі чалавек з развітым мысленнем можа спасцігаць мудрасць. З любой кнігі. З кнігі прыроды. З кнігі жыцця. З кнігі быцця. З кнігі другога чалавека. Ад гэтага наогул залежыц­ь адказ на глабальнае пытанне для чалавека “Быць або не быць, любіць або не любіць?”.

Літаратар Ніна Чайка: “Толькі што мы святкавалі 500-годдзе беларускай кнігі. Якіх мы толькі опусаў не наглядзеліся! І Скарына ў пацёртых джынсах семкі лузае ля “Паштамта”, і Ефрасіння папрашайнічае ля “ГУМа”… Наша задача — вярнуц­ь сапраўдную гісторыю”.

Епіскап Юрый Касабуцкі: “Добра, што мы ў нашай дыскусіі звярнуліся да пытанняў У.Маякоўскага “Что такое хорошо?”, “А что такое плохо?”. Гэтыя пытанні ляжаць у аснове, бо, сапраўды, ёсць кнігі добрыя, а ёсць дрэнныя. Дэструктыўныя ў сваёй аснове. Кніга можа фарміраваць чалавека, але можа з той жа аддачай яго разбураць. І яшчэ, што трэба заўсёды памятаць: кніга — гэта найлепшы сябар чалавека. Ніякі фізічны сябар яе не заменіць. І тады тым больш адчуваеш стан абесчалавечвання, калі сёння заходзіш у кнігарню. Ты проста апынаешся ў нейкай бізнес-машыне, якой супрацьстаіць твая душа. І тады ты пачынаеш разумець: “Табе не патрэбны гэтыя кнігі, якія табе рэкламуюць. Табе патрэбны добрыя кнігі. Кнігі, якія робяць з цябе чалавека…” Але чалавек павінен навучыцца збіраць вакол сябе добрыя рэчы. Для гэтага неабходна рэклама, менавіта добрыя сацыяльныя праекты”.

Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі: “Сёння вельмі цяжка адказаць на пытанні “Якая самая папулярная кніга?”, “Які самы папулярны пісьменнік?”. Нам навязвае свой рэйтынг Oz.by. Глядзіш на гэты рэйтынг — і бярэ жах… Нам трэба рабіць свае рэйтынгі. Нам трэба пісаць пра тых лю­дзей, якія ствараюць добрую літаратуру. У тым ліку трэба думаць пра папулярызацыю асобных аўтараў. Каб іх разбудзіць. Каб пра іх ведала моладзь”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.