Кніга вечнага жыцця

- 10:51Вышэйшая школа

“О, родная зямля! Ты — кніга вечнага жыцця…” Гэтыя словы народнага паэта Беларусі Максіма Танка маглі б стаць эпіграфам маштабнага мерапрыемства, якое прайшло 12—13 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, што носіць яго імя, бо менавіта яно, сваё, роднае, традыцыйнае, народнае — усё тое, што ляжыць у аснове вялікай кнігі нашага вечнага жыцця, было ў аснове і ў фокусе Рэспубліканскага семінара-практыкуму для кіраўнікоў творчых калектываў фальклорна-этнаграфічнага кірунку “Народнае мастацтва: жывая традыцыя і творчы эксперымент у падрыхтоўцы спецыяліста”.

Педагагічны ўніверсітэт невыпадкова стаў пляцоўкай для правядзення такога мерапрыемства. У 2016 годзе на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі” творчыя калектывы БДПУ, якія працуюць у звязаных з фальклорам жанрах, паказалі бліскучыя вынікі і, адпаведна, узялі першыя месцы: народны ансамбль беларускай музыкі і песні “Ярыца” пад кіраўніцтвам Аляксандра Шугаева ў намінацыі “Фальклорны тэатр”, народны ансамбль народнай музыкі, танца і песні “Рэй” пад кіраўніцтвам Віктара і Людмілы Васіленя ў намінацыі “Ансамбль песні, музыкі і танца”, ансамбль цымбалістаў “Вярба” пад кіраўніцтвам Вольгі Андрыенка ў намінацыі “Ансамбль народнай музыкі”.

Удзельнікаў семінара-практыкуму вітала першы прарэктар БДПУ Святлана Копцева, якая адзначыла вялікую работу ўніверсітэта па вывучэнні і захаванні беларускага фальклору, далучанасць да яе студэнтаў практычна ўсіх кафедр. Святлана Іванаўна заўважыла, што нацыянальны кампанент прысутнічае ў многіх універсітэцкіх мерапрыемствах: студэнцкай “Беларусіядзе” з беларускімі народнымі гульнямі, “Гарбузовым фэсце” як альтэрнатыве Хэлоўіну і іншых акцыях, звязаных з вывучэннем і папулярызацыяй фальклору.

Удзельнікі семінара мелі магчымасць пабываць на экскурсіі па БДПУ з наведваннем універсітэцкага музея, адчуць педагагічны ўніверсітэт як адну вялікую тэрыторыю творчасці.

Тон праблемнай размовы ў рамках навукова-метадычнай пляцоўкі “Полімастацкі падыход як умова развіцця творчага патэнцыялу будучага спецыяліста” задала дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ірына Рыжыкава. Выступіўшы на тэму “Да ўстойлівага развіцця грамадства — праз мастацтва”, яна, у прыватнасці, адзначыла: “Пытанне паляпшэння функцыянавання сістэмы адукацыі ў Беларусі выступіла прадметам сур’ёзнага абмеркавання на Рэспубліканскім педагагічным савеце, які прайшоў з удзелам кіраўніка дзяржавы 24 жніўня 2017 года. У якасці важнай умовы адаптацыі нацыянальнай сістэмы адукацыі да патрабаванняў часу той форум вызначыў удасканаленне выхаваўчай работы ўстановы адукацыі. А значным рэсурсам, які можа істотна павысіць і ўмацаваць яе адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял, выступае мастацтва. Асабліва важна выкарыстоўваць сродкі мастацтва пры падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Яна павінна ажыццяўляцца на аснове галоўнай ідэі (незалежна ад прадмета выкладання): кожны педагог з’яўляецца носьбітам нацыянальнай культуры”.

Што тычыцца канкрэтна БДПУ імя Максіма Танка, то сёння задачу падрыхтоўкі будучых педагогаў-музыкантаў, мастакоў, харэографаў, мастацкіх кіраўнікоў творчых калектываў вырашае факультэт эстэтычнай адукацыі, які ўдала спалучае ў сваёй адукацыйнай дзейнасці традыцыі і навацыі, прапаноўвае актуальныя адукацыйныя праграмы як на першай ступені вышэйшай адукацыі, так і ў магістратуры. Спецыфіка арганізацыі адукацыйнага працэсу на факультэце заключаецца ў тым, што выкладанне вучэбных дысцыплін і арганізацыя ўсіх відаў пазааўдыторнай актыўнасці студэнтаў выбудоўваецца на аснове агульных заканамернасцей і роднаснасці навуковага і мастацкага пазнання. “Нашы студэнты маюць магчымасць бачыць, як тая ці іншая мастацкая з’ява асэнсоўваецца і педагогам-даследчыкам, і педагогам-практыкам”, — падкрэсліла Ірына Рыжыкава. Адмысловай нагляднай ілюстрацыяй гэтай прынцыповай тэзы сталі выступленні загадчыка кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі БДПУ, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Аксаны Коўрык “Традыцыйны касцюм беларусаў: структура і міфарытуальныя вытокі”, старшага выкладчыка гэтай кафедры Вольгі Парфяновіч “Багацце спадчыны мінулага” (з прэзентацыяй дыпломных праектаў студэнтаў — дэфіле ў беларускіх нацыянальных касцюмах).

У рамках навукова-метадычнай пляцоўкі “Народная мудрасць як аб’ект навуковага даследавання” адбылася прэзентацыя дзвюх знакавых кніг — “Песні пакінутых вёсак” і “Жорсткі раманс: узнікненне і бытаванне на Беларусі”, укладзеных і падрыхтаваных, адпаведна, Наталляй Мазурынай і Аленай Кукрэш. Праектнай дзейнасці студэнтаў як сродку пагружэння ва ўнікальны свет духоўных каштоўнасцей беларусаў было прысвечана выступленне старшага выкладчыка кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва БДПУ кіраўніка праекта “Фестываль народных культур” Марыі Шатаравай.

Вялікім узрушэннем для ўдзельнікаў семінара-практыкуму быў канцэрт калектываў БДПУ “Рэй”, “Ярыца” і “Вярба”, у выкананні якіх можна было пачуць і ўбачыць і каляндарныя песні, і беларускі гарадскі фальклор, і жартоўныя замалёўкі, прычым нярэдка разам з сённяшнімі студэнтамі на сцэне выступалі і выпускнікі ўніверсітэта.

Таксама адбыліся паказальныя майстар-класы вядучых спецыялістаў-педагогаў: заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь дацэнта кафедры музычна-педагагічнай адукацыі БДПУ Васіля Браіма (“Характэрныя прыёмы народна-песеннага выканальніцтва”), дацэнта кафедры музычна-педагагічнай адукацыі БДПУ Аляксандра Шугаева і хормайстра Цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ Ларысы Красна (“Народная песня: асаблівасці інтэрпрэтацыі і ансамблевыя выканальніцкія традыцыі”), старшага выкладчыка кафедры тэорыі і методыкі выкладання мастацтва БДПУ Людмілы Васілені (“Стылізацыя народнага беларускага танца”), мастацкага кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля “Берагіня” Мётчанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Барысаўскага раёна Мікалая Козенкі (“Этнічнае выхаванне як форма далучэння дзяцей і моладзі да спадчыны Бацькаўшчыны”). Сапраўдным святам для ўдзельнікаў семінара-практыкуму стаў выязны майстар-клас народнага артыста Беларусі мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча Міхася Дрынеўскага на базе Вялікага тэатра оперы і балета.

Загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч пазнаёміла прысутных са стракатай палітрай перадавога педагагічнага і творчага вопыту кіраўнікоў калектываў фальклорна-этнаграфічнага кірунку. Шматлікія пытанні, звязаныя з народнымі традыцыямі ў вачах моладзі ХХІ стагоддзя, інтэрпрэтацыяй і адаптацыяй аўтэнтычнага фальклору, навукова-даследчай працай і валанцёрскай дзейнасцю студэнтаў у галіне фалькларыстыкі, былі абмеркаваны ў ходзе жывой дыскусіі, у якой узялі ўдзел спецыялісты з БДУ, БрДУ імя А.С.Пушкіна, БрДТУ, ВДУ імя П.М.Машэрава, Пінскага ДПТК лёгкай прамысловасці, Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа і іншых устаноў адукацыі, а таксама з Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

“Колькі б ты сам ні ведаў, колькі б ты сам ні займаўся практычнай работай, на такіх семінарах заўсёды знаходзіш для сябе нейкае вельмі каштоўнае зернетка, якое абавязкова прыдасца табе ў тваёй будучай працы, — падзяліўся ўражаннямі пасля заканчэння семінара-практыкуму мастацкі кіраўнік народнага хору “Крынічанька” Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці неаднаразовы пераможца фестывалю “АРТ-вакацыі” Алег Лебедзеў. — Слухаеш сваіх калег і адразу прыкідваеш: а што мне можа падысці? Тут, напрыклад, шмат гаварылася пра аўтэнтыку, але мы ў сваім калектыве займаемся не аўтэнтычным, а сцэнічным фальклорам. Тым не менш разумееш, што нават у сцэнічным фальклоры трэба ўсё адно абапірацца на аўтэнтыку, сілкавацца жывой традыцыяй. І мы гэта паспяхова робім. На аснове нашых палескіх і нават спецыфічна пінскіх абрадаў (напрыклад, вясельнага абраду дарэння “матэрыі”, які практыкавалі выключна жанчыны) ствараем нашы сцэнічныя нумары, эксперыментуем, адаптуем аўтэнтычныя песні да сцэны. А нашым дзецям, што вельмі радуе, падабаецца спяваць народныя песні, асабліва старыя песні. Іх не трэба прымушаць іх спяваць. Галоўнае, кіраўнік калектыву фальклорнага кірунку павінен навучыць дзяцей разумець народную песню, каб яны самі гэтым потым цікавіліся і спявалі. У нашым хоры спяваюць дзеці ўжо другога пакалення, дочкі тых мам, якія ў мяне спявалі. Бачыце, перадаецца ж неяк… Калі ты будзеш спяваць, значыць, і тваё дзіця заспявае”.

Інфармацыйныя і метадычныя матэрыялы па выніках семінара можна знайсці на вэб-партале artviva@tut.by.

Мікола ЧЭМЕР.