Кнігі аб’ядноўваюць народы

7—10 кастрычніка праходзілі Дні дзіцячай і юнацкай літаратуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Суседзі падрыхтавалі для нашых вучняў, педагогаў, бібліятэкараў і зацікаўленых людзей вялікую праграму, падчас якой яны маглі бліжэй пазнаёміцца з расійскімі аўтарамі, абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця дзіцячай і юнацкай літаратуры і знайсці спосабы ўзаемадзеяння дзвюх краін у гэтай галіне.

Праект пачаўся з нефармальнай часткі: урачыстая цырымонія адкрыцця, дзе выступіў Санкт-Пецярбургскі тэатр HAND MADE, сабрала больш за 500 чалавек. Наступным днём удзельнікі разышліся па шматлікіх пляцоўках для тэарэтычнай работы.

У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў выдавецтваў, педагогаў і пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Намеснік кіраўніка прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў нашай краіне Леанід Макураў адзначыў, што сёння, у час гаджэтаў, становіцца ўсё больш складана зацікавіць малодшае пакаленне літаратурай.

— Напэўна, дарослыя таксама вінаваты ў тым, што яны падкідваюць сваім дзецям лёгкія задачы, якія не патрабуюць удумлівасці і ўвагі. Кніга, якая для ўсіх нашых папярэдніх пакаленняў была настаўнікам, якая развівала фантазію і мысленне, адыходзіць на другі план, — выказаў думку Леанід Макураў. Яе падтрымаў генеральны дырэктар выдавецтва “Дзіцячая літаратура” Уладзімір Шаталін і расказаў цікавы выпадак:

— Нядаўна мы ўдзельнічалі ў кніжным кірмашы: паставілі свой стэнд, праводзілі сустрэчы з аўтарамі і заклікалі на іх баць­коў з дзецьмі. Адзін бацька падышоў. Я яму кажу: “У нас тут прысутнічае аўтар дзіцячай літаратуры Генадзь Кісялёў, у вас ёсць магчымасць мець з ім зносіны”. Ён адказвае: “Не ведаю такога”. Зноў я: “Дык можаце якраз пазнаёміцца”. А ён мне сказаў, што яму б лепш пазнаёміцца з аўтарам папулярных дэтэктываў. На гэтым прыкладзе добра бачна, што праблема зусім не ў дзецях.

Таксама Уладзімір Шаталін адзначыў: каб вырашыць праблему нежадання чытаць, трэба працаваць у розных кірунках. Акрамя размоў з бацькамі, варта, напрыклад, павысіць статус бібліятэкара. Тэму папулярызацыі кнігі сярод дзяцей працягнуў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў:

— Зараз задача пісьменніка не толькі пісаць кнігі, але і актыўна ўдзельнічаць у культурна-асветніцкай рабоце. Мы з калегамі за год арганізоўваем больш за 500 мерапрыемстваў. У гэтай бібліятэцы працуе наш тэатр паэзіі. Мы стараемся супрацоўнічаць з усімі дарослымі і дзіцячымі бібліятэкамі Бе­лару­сі, а таксама з аўтарамі і саюзамі іншых краін.

Пасля праблем удзельнікі сустрэчы перайшлі да варыянтаў узаемадзеяння Беларусі і Расіі ў галіне развіцця дзіцячай літаратуры. Першым крокам стала запрашэнне нашага боку да ўдзелу ў Міжнародным конкурсе імя Сяргея Міхалкова на лепшы твор для падлеткаў. Ён праходзіць з 2008 года і шукае таленавітых аўтараў. У гэтым годзе заяўкі прымаюцца да 10 снежня.

Акрамя круглага стала, у шэрагу навучальных устаноў Мінска прайшлі сустрэчы з пісьменнікам Ігарам Шаўчуком, дзіцячым паэтам, празаікам і перакладчыкам Марыяй Лукашкінай, пісьменнікам, сцэнарыстам і публіцыстам Святланай Воўкавай, мастаком-ілюстратарам Юрыем Багачовым, мастаком-дызайнерам Вольгай Ражанок і інш. 9 кастрычніка такія ж мерапрыемствы прайшлі ў Гомелі і Брэсце.

Дні дзіцячай і юнацкай літаратуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь сталі цудоўнай магчымасцю нагадаць усім, што кнігі з’яўляюцца крыніцай дабра, спрыяюць правільнаму выхаванню дзяцей і наладжваюць сувязі ў сям’і.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.