Аднайменны праект, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай, стартаваў днямі ў выставачнай зале “алмаза ведаў”. Гэты год для айчыннага кнігавыдання стаў вельмі плённым. У рэспубліцы выдавецкай дзейнасцю займаецца звыш 500 суб’ектаў гаспадарання, дзякуючы якім сёлета выдадзена больш за 9 тысяч кніг агульным тыражом звыш 20 млн экзэмпляраў. Найлепшыя кнігі 2019 года прадстаўлены на выстаўцы, якая будзе працаваць да лютага.
“Такая сустрэча — гэта даніна павагі нашым майстрам прыгожага пісьменства, літаратарам, кнігавыдаўцам — людзям, якія робяць значны ўклад у развіццё айчыннай літаратуры і культуры ў цэлым. Прэзідэнт нашай краіны падкрэслівае, што культура — гэта падмурак, на якім фарміруецца і развіваецца нацыя. І кніжнае слова, слова пісьменніка ў гэтым няпростым працэсе займае адно з вядучых месцаў. Таму вельмі важна, у тым ліку на дзяржаўным узроўні, падтрымліваць кнігавыдавецкую справу, спрыяць яе пашырэнню, ствараць належныя ўмовы для папулярызацыі кніжнага чытання, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч. — Беларускую кнігу паважаюць і ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, пра што яскрава сведчаць вынікі Міжнароднага конкурсу краін СНД “Мастацтва кнігі”, дзе сярод дзяржаў Садружнасці па колькасці ўзнагарод за 16 гадоў яго правядзення Беларусь займае першае месца. Гэта стала магчымым дзякуючы руплівай працы вялікай колькасці пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў, Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры”.
Кніжны праект аб’яднаў і сабраў на адзінай выставачнай прасторы сотні выдаўцоў дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прадставілі свае сёлетнія выданні. Новы фармат кніжнай падзеі закліканы падкрэсліць значэнне кнігі, культуры чытання, ролі кнігавыдаўцоў, аўтараў у стварэнні багажу ведаў жыхароў маладой суверэннай беларускай дзяржавы.
Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі звярнуў увагу на тое, што на свята кнігі запрошаны выдавецтвы як дзяржаўныя, так і прыватныя. “Сярод кніг, што прадстаўлены тут, — зусім невялікі працэнт выданняў падведамасных нам дзяржаўных выдавецтваў, а астатнія — гэта прыватныя кнігавыдаўцы. Я спадзяюся, што тыя вынікі, якія мы маем сёння, будуць развівацца, бо пляцоўка для гэтага створана, — сказаў Ігар Бузоўскі і раскрыў галоўную інтрыгу мерапрыемства, назваўшы самую папулярную кнігу года. — Найбольш папулярных аўтараў і кнігі вельмі складана выбіраць. Мы ўзялі аналітыку з OZ.by, “Белкнігі”, “Саюздруку”, іншых кнігагандлёвых арганізацый адносна таго, колькі кніг было набыта, якіх аўтараў, якая кніга была найбольш запатрабаванай у 2019 годзе. У выніку перамагла кніга Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” выдавецтва “Папуры”, што вельмі сімвалічна напярэдадні 90- годдзя класіка, якое мы будзем адзначаць у наступным годзе”.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец адзначыў, што айчынныя аўтары стварылі ў 2019 годзе звыш 100 кніг для дзяцей і варта больш увагі ўдзяляць літаратуры для падрастаючага пакалення і па гісторыі нашай краіны. А настаяцель храма-помніка ў гонар Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны звярнуў увагу на тое, што выкладанню літаратуры ў школе ўдзяляецца ўсё менш увагі. “На жаль, кніга перастала сеяць разумнае, добрае, вечнае, а людзі здрабнелі. І справа не ў тым, што няма дастойных кніг, а ў тым, што няма чытачоў дастойных кніг, але ў гэтым вінаваты мы самі, бо школы зараз сталі менш вучыць чытаць, — лічыць ён. — Давайце гадаваць чытача, пачынаючы з дзіцячага садка, і выхоўваць аўтараў высокай культуры”. Намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын Лілія Ананіч расказала пра новы сацыяльна-творчы праект “Сямейнае чытанне”, які ладзіцца сумесна з Мінінфармацыі. “У грамадстве трэба ўзмацняць работу з кнігай, каб кніга была ў кожнай сям’і”, — дадала яна.
Прадстаўнікам вядучых выдавецтваў уручылі дыпломы за выпуск у 2019 годзе самай вялікай колькасці выданняў па тыражы (Нацыянальнаму інстытуту адукацыі), па назвах (ТДА “Аверсэв”), за папулярызацыю беларускай мовы (выдавецтву “Мастацкая літаратура”), за выпуск кніг, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”), прэзентацыйных выданняў.
Да таго ж арганізатарамі кніжнага свята і выдавецтвамі Беларусі ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” была падорана бібліятэчка дзіцячай літаратуры Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнату. Дарэчы, менавіта ў Бялынічах у 2020 годзе будзе адзначацца Дзень беларускага пісьменства. Акрамя таго, усім гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства быў паказаны спектакль-мюзікл “Пясняр”. Пастаноўка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага прысвечана народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, дзякуючы якому беларуская паэзія і песня сталі часткай сусветнай культуры.
“Сёння ў нашай бібліятэцы распачата яшчэ адна традыцыя кніжнай культуры Беларусі, — адзначыў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі. — Мне хацелася б, каб падчас работы выстаўкі гэтае месца стала пляцоўкай для сустрэч аўтараў, кнігавыдаўцоў. Давайце сустракацца, каб наша кніга 2020 года была яшчэ лепшай”.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.