Лейтматывам нацыянальнага павільёна Беларусі на 31-й Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы стаў Год малой радзімы. Аб гэтым заявіў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч на цырымоніі адкрыцця павільёна.
“Па традыцыі кнігагандлёвае прадпрыемства “Белкніга” разам з выдавецтвамі прывезла даволі шмат кніжных навінак, — сказаў журналістам Аляксандр Карлюкевіч. — Перш за ўсё яны прысвечаны ключавым падзеям у грамадска-палітычным і сацыяльным жыцці краіны. Гэта літаратура да Года малой радзімы, кнігі па краязнаўстве, краявым турызме, кнігі, якія расказваюць пра нейкія асаблівасці Беларусі”.
Паводле слоў міністра, кніжныя выдавецтвы Беларусі рэагуюць на просьбы пакупнікоў і наведвальнікаў маскоўскага кірмашу, а таксама беларусаў, якія жывуць у Маскве. “Гэта відаць і па масавых выданнях беларускіх класікаў, і па кнігах, якія прысвечаны беларускай мове, расказваюць пра галоўныя гісторыка-культурныя славутасці Беларусі”, — падкрэсліў ён.
Беларусь прывезла на маскоўскі кірмаш шырокі асартымент мастацкай, адукацыйнай літаратуры, кніг з перакладамі на беларускую мову твораў іншых нацыянальных літаратур. “Шмат кніг, якія паказваюць сувязі беларускіх пісьменнікаў з пісьменнікамі Расіі, — канстатаваў Аляксандр Карлюкевіч. — Прычым гэта кнігі, выдадзеныя не толькі ў Беларусі, не толькі кнігі пісьменнікаў з Татарстана, Башкартастана, Удмуртыі, Чувашыі, Чачні, Калмыкіі, перакладзеныя на беларускую мову, але яшчэ і кнігі беларускіх аўтараў, надрукаваныя на мовах народаў Расіі”.