Кнігі ў падарунак

Кніга ніколі не перастане быць скарбам для думаючага інтэлігентнага чалавека. Значнай падзеяй для Мінскага абласнога ІРА і ўсёй педагагічнай грамадскасці Мінскай вобласці стала папаўненне бібліятэкі інстытута кнігамі Дома рускага замежжа імя Аляксандра Салжаніцына. У МАІРА пры садзейнічанні Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы ў дар 300 выданняў.

Дом рускага замежжа імя Аляксандра Салжаніцына — гэта комплекс, які фарміруе фонд помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры і спалучае функцыі музея, архіва, бібліятэкі, навукова-даследчага, інфармацыйна-выдавецкага і культурна-асветніцкага цэнтра. Дзейнасць дома прысвечана гістарычнаму феномену рускага замежжа, ён рэалізоўвае “Праграму кніжнай дапамогі”, у рамках якой перадае кнігі ў дар установам і арганізацыям розных краін.

Бібліятэка МАІРА папоўнілася выданнямі вядучых расійскіх выдавецтваў: творамі рускай класікі і сучасных расійскіх пісьменнікаў, выданнямі па гісторыі, філасофіі, літаратуразнаўстве, альбомамі жывапісу. Скарыстацца імі могуць усе жадаючыя, якіх, безумоўна, знойдзецца мноства сярод 10 тысяч педагогаў, што за год наведваюць інстытут.

— Гэта сапраўднае багацце, якое дастанецца педагогам Мінскай вобласці, — адзначыла рэктар МАІРА Святлана Уладзіміраўна Сітнікава, выказваючы ўдзячнасць Дому рускага замежжа. — Мы зробім усё магчымае, каб педагогі пра гэты скарб ведалі і карысталася ім. Акрамя выставы-прэзентацыі, у інстытуце, магчыма, арганізуем перасовачную выставу.

Падчас цырымоніі перадачы кніг Павел Аляксандравіч Трыбунскі, старшы навуковы супрацоўнік аддзела літаратуры і друкаванай справы Дома рускага замежжа, кандыдат гістарычных навук, расказаў пра выданні, якія перадаюцца ў дар, і адзначыў, што кнігі падбіраюцца з улікам той краіны і арганізацыі, якая атрымае падарунак. Падборка знаёміць са знакавымі выданнямі апошніх 5—7 гадоў.

Удзел у цырымоніі ўзялі таксама кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі С.М.Крупо, які падзякаваў МАІРА за супрацоўніцтва і сумесныя праекты, а таксама паэт галоўны рэдактар маскоўскага часопіса “Юнацтва” В.Ф.Дудараў, які правёў літаратурна-творчую сустрэчу з педагогамі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.