Кнігу «Іх імёны ў гісторыі Перамогі» стварыў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Аляксандр Кіркалаў

- 11:08Новости

“Іх імёны ў гісторыі Перамогі” —  кнігу з такой назвай стварыў кіраўнік па ваенна-­патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 46 Магілёва Аляксандр Кіркалаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ідэя напісання кнігі не ўзнікла спантанна. Падчас заняткаў з навучэнцамі неаднаразова даводзілася чуць ад іх сямейныя ўспаміны пра продкаў, якія прайшлі франтавымі дарогамі. Ды і няма ў Беларусі сям’і, якую б не закранула трагедыя Вялікай Айчыннай, бо загінуў у той вайне кожны трэці грамадзянін нашай краіны. Так і прыйшло рашэнне сістэматызаваць гэтыя звесткі і захаваць іх у адзіным друкаваным выданні, — падзяліўся Аляксандр Фёдаравіч.

У змест кнігі ўвайшла інфармацыя аб абароне і вызваленні Магілёва, аб знакавых мемарыяльных комплексах, абелісках і манументах у гонар салдат-герояў. Асноўны акцэнт зроблены на біяграфіях сваякоў вучняў і педагогаў сярэдняй школы № 46 горада.

— Усяго на старонках выдання знайшлі адлюстраванне лёсы 43 салдат і афіцэраў. Родныя нашых навучэнцаў і настаўнікаў былі лётчыкамі і танкістамі, ваявалі ў пяхоце і артылерыі, змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў радах падпольшчыкаў і ў партызанскіх атрадах. За свабоду роднай зямлі яны здзяйснялі подзвігі, атрымлівалі баявыя ўзнагароды. Непасрэдна ў маёй сям’і ўдзельнікамі вайны былі 6 чалавек. Дзед Мікалай Кіркалаў служыў у контрразведцы, прайшоў усю Вялікую Айчынную, ваяваў у Японіі. Паказальная гісторыя прадзеда Іларыёна Кіркалава. Ён быў сапёрам, бая­вы шлях пачаў пад Магілёвам, а скончыў у Польшчы. У баях ім быў згублены медаль “За адвагу”. Узнагароду на асабістым падворку знайшлі жыхары Шклоўскага раёна. Нядаўна ва ўрачыстай атмасферы медаль прадзеда быў уручаны нам, яго нашчадкам, — расказаў Аляксандр Кіркалаў.

Мужна змагаліся з фашызмам усе воіны, біяграфіі якіх прадстаўлены ў кнізе. Так, прадзед настаўніцы англійскай мовы Вольгі Петрушэні — Іосіф Свідзінскі — за свае подзвігі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. У васьмікласніка Вадзіма Башарымава ваявалі пяцёра прадзедаў. Адзін з іх — Дзмітрый Чыбікаў — прайшоў не толькі Вялікую Айчынную, але і Грамадзянскую і Першую сусветную войны. Пра­дзядуля навучэнцаў Варвары і Цімафея Лабанавых — Рыгор Ільюшэнка — узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Берліна”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй”.

— Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокі след у гісторыі беларускага народа. Перамога, сённяшні мір і дабрабыт дасталіся нам дарагой цаной. Для зберажэння памяці і стваралася наша кніга, — адзначыў Аляксандр Фёдаравіч.

Па яго меркаванні, трэба ўдзя­ляць большую ўвагу далучэнню пад­растаючага пакалення да захавання гістарычнай праўды. У планах педагога — працягваць стварэнне падобных кніг, а таксама распрацоўваць для школьнікаў экскурсійныя маршруты па месцах баявой славы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота з архіва Аляксандра Кіркалава