Зусім нечакана ў Федэральны пералік падручнікаў, на які арыентуюцца ўсе дзяржаўныя школы і які апублікавала Мінадукацыі і навукі Расіі, не трапілі кнігі, якія раней лічыліся бездакорнымі. Іх высока цэняць настаўнікі, яны выдаюцца мільённымі тыражамі і ёсць у кожнай школьнай бібліятэцы. Але цяпер гэтыя падручнікі прызнаны “неэфектыўнымі” і нават “непатрыятычнымі”.
Федэральны пералік падручнікаў штогод выдаецца Міністэрствам адукацыі і навукі і пастаянна карэкціруецца: уключаюцца новыя кнігі, адны замяняюцца другімі, канфіскоўваюцца няўдалыя. Не першы раз у міністэрстве гавораць пра неабходнасць сур’ёзна прарэдзіць гэты спіс, бо колькасць няякасных падручнікаў карэлюе з аб’ёмам самога спіса. І вось у гэтым годзе пералік скараціўся ў 2,5 разу ў параўнанні з мінулым годам.
Выдаўцы і педагогі ў здзіўленні: пад нож трапілі падручнікі, якія многія гады выкарыстоўваліся настаўнікамі як узор. Становішча такое: кнігі, якія не трапілі ў Федэральны спіс, можна працягваць выкарыстоўваць у школах, калі яны былі закуплены раней. Але закупляць іх далей з 2014 года нельга. Адпаведна, калі ў школе ёсць лінія падручнікаў для, скажам, 5-6-7 класаў, а для 8 яшчэ не набылі, то ў 8 класе будуць ужо іншыя кнігі. Гэта значыць, што настаўнікі павінны мяняць адпрацаваныя методыкі, дзяржава — затрачваць велізарныя сродкі, а выдавецтвы застануцца ні з чым. Калі раней Федэральны спіс быў штогадовым, то з 2014 года ён будзе мяняцца раз у тры гады, а такога інтэрвалу выдаўцы могуць і не вытрымаць.
“Каля 70% расійскіх школ займаюцца па нашых падручніках англійскай мовы — Бібалетавай, Каўфмана, Азарава і г.д., — гаворыць Аляксей Канабееў, галоўны рэдактар выдавецтва “Титул”. — Яны многа гадоў уваходзілі ў Федэральны спіс, міністэрства іх рэгулярна рэкамендавала для выкарыстання ў школах, настаўнікі з задавальненнем з імі працавалі. Раней была навуковая і педагагічная экспертыза, і пры іх паспяховым праходжанні падручнік аўтаматычна трапляў у спіс. Пры фарміраванні пераліку падручнікаў на 2014 год Міністэрства адукацыі змяніла прынцып экспертызы падручнікаў — дадало грамадскую экспертызу, і цяпер рашэнне прымае навукова-метадычны савет пры Мінадукацыі. Мы своечасова падалі на экспертызу ўсе падручнікі, усе дакументы, прайшлі паспяхова ўсіх экспертаў, але ў спіс нас не ўключылі — без пераканаўчых абгрунтаванняў. Чаму? Спаслаліся на “непарадак” у назвах: па дакументах кніга праходзіць як падручнік “Англійская мова”, а на вокладках і тытульных аркушах ёсць дадатковыя назвы — “Enjoy English” і “Happy English”, хоць дзяржаўны стандарт дазваляе выкарыстоўваць дадатковыя загалоўкі.
“Нашы юрысты падалі іск да міністэрства — патрабуем прызнаць незаконным бяздзейнасць Міністэрства адукацыі і навукі ў адносінах да нашых падручнікаў, — расказаў кіраўнік выдавецтва “Мнемозина” Ігар Безвіконны. — У нас проста няма выйсця. З пераліку былі выкінуты цэлыя лінейкі нашых падручнікаў па рускай мове, літаратуры, біялогіі, хіміі, якія выдаваліся шматмільённымі тыражамі доўгія гады! І крыўдна, што адкідаюць падручнікі з-за глупства, фармалістыкі — у адным дакуменце напісана “падручнік 10 класа”, а ў іншым — “падручнік ДЛЯ 10 класа” — і ўсё, гэта памылка!”
Яўген Ямбург, сустаршыня Грамадскага савета пры Мінадукацыі і навукі Расіі, прывёў прыклад, калі падручнік па англійскай мове забракавалі за выкарыстанне ў вершы слова gay ў значэнні “вясёлы”. Эксперт палічыў, што гэта — прапаганда гомасексуалізму. Аляксей Венедыктаў, галоўны рэдактар “Эхо Москвы”, працытаваў водгук эксперта па рускай мове Любові Ульяхінай на падручнік матэматыкі для пачатковай школы Людмілы Петарсан: “Змест падручніка матэматыкі не спрыяе фарміраванню патрыятызму: гномы, эльфы, факіры са змеямі, тры парасяці наўрад ці могуць выха-ваць прынцыпы патрыятызму”.
Расійскую акадэмію адукацыі і выдавецтва “Просвещение” — найстарэйшага і найбуйнейшага ўдзельніка рынку падручнікаў — кіраўнікі іншых выдавецтваў абвінавачваюць у спробе лабіравання ўласных інтарэсаў з дапамогай Мінадукацыі і навукі.
“Калі выдавецтвы сыходзяць з рынку, то не з-за павелічэння нашай долі, — тлумачыць Вера Сцяпыгіна, кіраўнік прэс-службы “Просвещения”. — Яна застаецца нязменнай на працягу некалькіх гадоў і вагаецца ў межах 1-2%. У нас таксама ёсць падручнікі, якія па розных прычынах не прайшлі педагагічную экспертызу. Іх аказалася 36 — крыху менш за 10% ад агульнай колькасці (усяго мы падавалі на экспертызу 415 падручнікаў). Частку з іх будзем дапрацоўваць, ад некаторых адмовімся. У рэшце рэшт, ці добры падручнік для таго, каб па ім займаліся дзеці, вырашае не выдавецтва, а школа і педагогі, якія выбіраюць яго для сваёй работы”.
Прадстаўнік жа Расійскай акадэміі адукацыі Антон Чацвярткоў лічыць, што ўсе прэтэнзіі да кваліфікацыі экспертаў Расійскай акадэміі адукацыі маюць ускосныя адносіны да самой акадэміі, паколькі гэтыя эксперты прыцягваюцца збоку: “Гэта не супрацоўнікі акадэміі, але яны прафесійныя настаўнікі, метадысты, сярод іх шмат кандыдатаў і дактароў навук. Тая ж Любоў Ульяхіна, якую цяпер усе прыгадваюць у сувязі з адмоўным водгукам на падручнікі матэматыкі Людмілы Петарсан, — заслужаны настаўнік з вопытам работы звыш 20 гадоў, уладальнік гранта горада Масквы. А зараз яе імя палошчуць у прэсе як чалавека некампетэнтнага, што зусім не адпавядае рэчаіснасці! Дарэчы, журналісты вырываюць з кантэксту фразы, як адбылося з гэтым “антыпатрыятызмам матэматыкі”. Той факт, што на малюнку намаляваны Мікі Маус ці Санта Клаус, — далёка не галоўная прэтэнзія да гэтага падручніка. Куды важней, наколькі падручнік зразумелы дзецям. У гэтым выпадку эксперту не спадабалася азначэнне “многавугольнік — гэта замкнёная лінія без самаперасячэнняў”… Хіба 7-гадовыя дзеці зразумеюць такую фармулёўку? Або задача па матэматыцы: намалявана птушка на галінцы і медзведзяня пад дрэвам. Пытанне: хто ўверсе, а хто ўнізе? Дзе тут наогул матэматыка? Гэта, хутчэй, “навакольны свет”. Або іншая задача, у якой на малюнку вагаў баклажан (лёгкі і друзлы ўнутры), які роўны па вазе кавуну або дыні, чаго ніяк не можа быць. Такім чынам закладваецца няправільнае светаадчуванне ў дзяцей”.
З-за шырокага рэзанансу (прычым у асноўным негатыўнага) пытанне вынеслі на абмеркаванне Грамадскага савета пры Міністэрстве адукацыі. Пасля доўгіх спрэчак гэты савет прыняў рашэнне рэкамендаваць Мінадукацыі і навукі ўдасканаліць існуючы дакумент так, каб на працягу трох гадоў з яго можна было не толькі выключаць, але і ўключаць у яго падручнікі. Акрамя таго, Грамадскі савет настойліва прасіў міністэрства весці сур’ёзную тлумачальную работу па дзеючых падручніках. Цалкам магчымая сітуацыя, калі кніга, атрымаўшы таўро “антыпатрыятычная”, будзе выкінута са школы заўзятай адміністрацыяй. А пацерпяць у выніку дзеці.