Князь Манака зацікавіўся спартыўным супрацоўніцтвам з Беларуссю

- 16:10Інфармацыйная гадзіна

Князь Манака Альбер II зацікавіўся супрацоўніцтвам з Беларуссю ў спартыўнай сферы, паведаміў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор’я Мікалай Іванчанка, які прымаў удзел у VIII Міжнародным форуме “Мір і спорт” у Княстве Манака.
Візіт парламентарыя ў Манака адбыўся па запрашэнні кіраўніка і заснавальніка асацыяцыі “Мір і спорт”, пераможца і прызёра чэмпіянатаў свету, прызёра Алімпійскіх гульняў па сучасным пяцібор’і Жаэля Бузу, які таксама займае пасаду віцэ-прэзідэнта Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор’я.
Форум праходзіў пад патранатам князя Манака Альбера II, які ў мінулым неаднаразова ўдзельнічаў у Алімпійскіх гульнях (у якасці бабслеіста), а таксама мае чорны пояс па каратэ, з’яўляецца членам Міжнароднага алімпійскага камітэта. “Яго зацікавілі нашы прапановы наконт заключэння пагадненняў паміж нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі і федэрацыямі пяцібор’я дзвюх краін. Кантакты, якія мы цяпер завязалі ў Манака, важныя яшчэ і таму, што менавіта там знаходзіцца штаб-кватэра Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор’я”, — расказаў дэпутат.
“Галоўнае, што дадуць пагадненні, якія беларускі бок плануе падпісаць з Манака, — выкарыстанне нашых спартыўных збудаванняў у поўным аб’ёме. Я маю на ўвазе спаборніцтвы высокага ўзроўню. А затым праз спорт мы зможам выйсці ўжо на іншыя кантакты: культурныя, эканамічныя. Не будзем забываць, што Манака — гэта адзін з буйных сусветных фінансавых цэнтраў. Наогул у Манака рэгулярна праходзяць буйныя культурныя і бізнес-форумы. Мы там павінны сістэмна прысутнічаць. Мы можам гэта рабіць”, — дадаў Мікалай Іванчанка.
У чэрвені 2015 года ў Беларусі прайшлі фінал Кубка свету па пяцібор’і і пасяджэнне выканкама Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор’я. Гэта і дало магчымасць пачаць наладжваць адносіны з Манака.
Мікалай Іванчанка таксама дадаў, што ў Манака нядрэнны вопыт рэалізацыі экалагічных праектаў, які можна пераняць беларускаму боку.