Кобрын рэальны, Кобрын віртуальны

Стапрацэнтнае Заходняе Палессе з яго тыповым краявідам, тыповай гаворкай мясцовых жыхароў, а таксама тыповай тапанімікай. І раптам… Кобрын. Адкуль такая арыгінальная назва? Можа ад кобры, той самай, якая поўзае, шыпіць і нават здольная смяротна ўкусіць чалавека. Канечне, такая версія занадта ўжо дылетанцкая. Навукова апраўданыя іншыя: ад старадаўняга імені Кобр або Кобрун, ад першапачатковага Абрын. Магчыма, і ад слова “кобрыць”, што азначала хавацца, або “кобрыцца” — жыць нелюдзіма, не пакідаючы дом (згодна з тлумачальным слоўнікам Даля). Вось такая тапанімічная загадка. А колькі яшчэ таямніц прыхоўвае кобрынская зямля?

Экскурсія без экскурсавода

Аўтобусная і аўтамабільная экскурсія, вандроўка пехатой і на веласіпедзе, а яшчэ захапляльны рачны круіз на байдарках, — усё гэта нашы традыцыйныя спосабы пазнання роднай зямлі. Апошнім часам набывае папулярнасць і віртуальнае падарожжа, дарэчы, вельмі зручнае. Па-першае, падчас яго ты абсалютна не стамляешся, бо шматгадзінныя пераезды, шматкіламетровыя пераходы тут абсалютна выключаны. Па-другое, такое падарожжа эканамічна выгаднае: не трэба аплачваць ні паслугі экскурсавода, ні білеты на цягнік або аўтобус, ні наведванне музеяў. Віртуальнаму турысту неабходна толькі зручна ўладкавацца на канапе або ў крэсле, уключыць ноўтбук, набраць на пошукавым сайце аб’ект падарожжа, выбраць спасылку, і, калі ласка, — вандруй хоць гадзіну, хоць дзве, хоць суткі, хоць тыдзень.
Стварэнне сайтаў турыстычнай накіраванасці — справа, канечне, важная, асабліва ў Год гасціннасці. Аднак яшчэ далёка не па кожным раёне, а тым больш асобным населеным пункце, можна здзяйсняць працяглую анлайн-вандроўку. Пра Кобрыншчыну так не скажаш: падарожнічаць па гэтым краі можна хоць суткі, хоць тыдзень, хоць месяц, а пры жаданні і ўсё жыццё, прычым як рэальна, так і віртуальна.

Турыстычная энцыклапедыя

Не сакрэт, што асновай распрацоўкі любога віртуальнага падарожжа з’яўляецца рэальная экскурсія. Вось і настаўнікі матэматыкі (сямейны дуэт Якава Якаўлевіча і Віктара Якаўлевіча Лагвіновічаў) сярэдняй школы № 6 Кобрына перад тым, як напісаць на мовах HTML5 і PHP электронную турыстычную энцыклапедыю роднай зямлі, на працягу некалькіх месяцаў прагульваліся з фотаапаратам па вуліцах і завулках, якія раскінуліся па абодва берагі Мухаўца. Тысячы фотаздымкаў, дзясяткі панарам; знойдзеныя на бяскрайніх інтэрнэт-прасторах старыя чорна-белыя выявы горада і ваколіц; дасланыя з Польшчы і Германіі каштоўныя ксеракопіі гістарычных дакументаў, а яшчэ адсканіраваная Віктарам Якаўлевічам таўшчэзная кніга “Памяць” і, канечне, унікальныя краязнаўчыя артыкулы, напісаныя Нінай Рыгораўнай Марчук, — усё гэта дапамагло стварыць самы арыгінальны і інфармацыйна насычаны турыстычны партал пра адзін з беларускіх гарадоў. Нездарма праект “Турыстычны Кобрын” неаднаразова прадстаўляўся на навукова-практычных канферэнцыях, а на сёлетняй выставе “TIBO” настаўнікі атрымалі спецыяльны дыплом за стварэнне лепшага сайта па арганізацыі ўязнога турызму.
— Рэалізацыя праекта пачалася два гады назад з падрыхтоўкі навучэнца цяпер 10 класа Уладзіміра Гангалы да раённай навукова-практычнай канферэнцыі і стварэння каталога кобрынскіх сайтаў. Мы запланавалі сістэматызаваць інтэрнэт-старонкі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў адукацыі горада і раёна. У выніку было сабрана каля 150 сайтаў. Потым пачалі збіраць падрабязную інфармацыю пра Кобрын і яго ваколіцы, каб кожны ахвочы мог у любую хвіліну пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай раёна. Спадзяёмся, што праектам зацікавяцца не толькі ў Беларусі і ён будзе спрыяць прыцягненню ў раён замежных інвестараў і турыстаў, — расказвае Якаў Якаўлевіч.
“Прыцягненне замежных інвестараў і турыстаў”, — гучыць актуальна і надзённа. Ці не праўда? Дзеля гэтай пачэснай справы кобрынскія настаўнікі зрабілі са свайго боку ўсё магчымае: стварылі ўнікальную электронную турыстычную энцыклапедыю, якая на любым пошукавым сайце ўваходзіць у топ-10. Спасылка на www.ikobrin.by ёсць і ў Вікіпедыі, прычым на самых розных мовах.

Інтэрнэт-крыжаванка

Каб пераканацца ў тым, якую тытанічную краязнаўчую работу зрабілі кобрынскія педагогі, дастаткова пагартаць некалькі старонак незвычайнай турыстычнай энцыклапедыі. Сабраная інфармацыя прадстаўлена ў наступных раздзелах: “Каталог сайтаў”, “Кобрын”, “Турысту”, “Адпачынак”, “Аб праекце”. У кожным раздзеле некалькі падраздзелаў, а ў тых падраздзелах яшчэ падраздзелы, а вось у тых падраздзелах тысячы фотаздымкаў і сотні артыкулаў. Вось такая інтэрнэт-крыжаванка.
Узяць, напрыклад, раздзел “Кобрын”. Ён складаецца з падраздзелаў “Пра Кобрын”, “Кобрынскі раён”, “Матэрыялы пра Кобрыншчыну”, “Фотаархіў Кобрыншчыны”, “Даведачнае бюро”, “Асобы”, “Творчасць землякоў”, “Навіны рэгіёна”, “Навіны ад Кобрын-інфа”, “Кнігі аўтараў Кобрыншчыны”, “Ганаровыя грамадзяне”, “Відэа пра Кобрыншчыну”, “Кобрын 360 — 3D-тур”, “3D-аб’екты“. Як ужо адзначалася, у раздзелах ёсць падраздзелы, а ў тых падраздзелах яшчэ падраздзелы. Так, падраздзел “Пра Кобрын” складаецца з падраздзелаў “Усе вуліцы Кобрына”, “Прадпрыемствы раёна”, “Адукацыя раёна”, “Установы культуры”, “Некаторыя службы”, “Ахова здароўя раёна”, “Экалогія Кобрына”.
Асабліва цікавыя віртуальныя 3D-туры. Дзякуючы больш чым 300 панарамам можна завочна перайсці па мосце праз Мухавец, палюбавацца прыгажосцю драўляных і каменных кобрынскіх храмаў, прагуляцца па ўтульных вулачках гістарычнага цэнтра. Аднак наколькі б арыгінальнай ні была 3D-экскурсія, яна, канечне, не заменіць рэальнай прагулкі па горадзе, тым больш такім багатым на помнікі архітэктуры і з такой асаблівай атмасферай, як Кобрын. У прынцыпе, аўтары праекта і не ставілі за мэту замяніць рэальнае падарожжа віртуальным, сайт ствараўся для таго, каб запаліць у сэрцах інтэрнэт-карыстальнікаў жаданне прыехаць да берагоў Мухаўца і ўжо не анлайн, а ўжывую прагуляцца па Кобрыне.

Ад Абрына да Кобрына

У тым, што гэтае жаданне абавязкова ўзнікне, можна не сумнявацца. Аднак невялікае папярэджанне: перад тым, як набраць на пошукавіку “Кобрын” і выбраць спасылку на электронную турыстычную энцыклапедыю, памятайце, што пасля віртульнага падарожжа вам абавязкова захочацца здзейсніць рэальнае. Калі вы гатовы адкласці свае справы і ў бліжэйшыя выхадныя адправіцца ў тыя мясціны, дзе Кобрынка ўпадае ў Мухавец, дзе пачынаецца знакаміты Дняпроўска-Бугскі канал, то, калі ласка, — наперад. Рэальнае падарожжа будзе такім жа захапляльным, як і віртуальнае, асабліва калі вашымі экскурсаводамі стануць загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава Алена Мікалаеўна Рысь і загадчыца аддзела турыстычна-краязнаўчай работы Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Валянціна Аляксееўна Ігнацюк.
Пачаць гэтую экскурсію можна, напрыклад, каля Свята-Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора, дзе знаходзіцца самы знакаміты кобрынскі помнік. Закладзены ён быў 15 ліпеня 1912 года ў 100-гадовы юбілей з дня першай перамогі расійскіх войск над арміяй Напалеона ў межах Расійскай імперыі. Лёс помніка не самы зайздросны, аднак дзякуючы заснавальніку і першаму дырэктару ваенна-гістарычнага музея Аляксею Міхайлавічу Мартынаву ён быў адноўлены ў 1951 годзе.
Ад помніка наш маршрут пралягаў да Замкавай плошчы, адтуль па вулачцы, выкладзенай у даваенны час трылінкай (шасцігранным каменем), да праваслаўнага Спаскага манастыра, каля сцен якога і адбылася капітуляцыя саксонскага корпуса Напалеона. Прагуляліся мы і па кобрынскім арбаце, і па прысадах парку імя Суворава, паведаміла Алена Мікалаеўна і пра гісторыю Дома Суворава, пастаялі каля помніка ўладзіміра-валынскаму князю Уладзіміру Васількавічу і яго жонцы, якой ён, згодна з Іпацьеўскім летапісам, падарыў у 1287 годзе горад Кобрын. І, канечне, азнаёміліся з багатай экспазіцыяй ваенна-гістарычнага музея, унікальнасці фондаў якога пазайздросціць любы сталічны музей. Прыкладна так можна сказаць і пра школьныя музеі. Перад тым, як наведацца ў некаторыя з іх, Валянціна Аляксееўна Ігнацюк таксама правяла аглядную экскурсію, праўда, расказвала яна не пра славутыя мясціны горада, а пра плённую краязнаўчую работу, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі раёна.

Кожнай школе — па музеі

Па словах Валянціны Аляксееўны, гурткі або клубы турыстычна-краязнаўчай накіраванасці працуюць у кожнай школе раёна. У гэтым навучальным годзе налічвалася 120 турыстычна-краязнаўчых і патрыятычных аб’яднанняў, у іх займаліся 1850 навучэнцаў. 21 гурток дзейнічае на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ад Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Сярод іх найбольш творча і плённа працуюць гурткі на базе Батчынскай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 3 Кобрына, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава.
Навучэнцы і педагогі актыўна і вынікова ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць у рамках акцый “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Я — грамадзянін Беларусі”. У мінулым годзе юныя краязнаўцы актыўна ўключыліся ў рэспубліканскую патрыятычную акцыю “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”. Штогод праводзяцца традыцыйныя раённыя краязнаўчыя алімпіяды і краязнаўчыя злёты навучэнцаў. Сёлета гэтыя мерапрыемствы прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Асаблівая выхаваўчая роля належыць музеям. На сённяшні час на базе ўстаноў адукацыі раёна дзейнічаюць 24 музеі і 10 музейных пакояў. У астатніх школах створаны краязнаўчыя куткі ці куткі баявой славы. Актыўная работа па зборы экспанатаў і правядзенні заняткаў па музейнай педагогіцы ладзіцца кіраўнікамі і саветамі гісторыка-краязнаўчых музеяў Гарадзецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Астроміцкай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ, этнаграфічнага музея сярэдняй школы № 3 і літаратурна-краязнаўчага музея сярэдняй школы № 7 Кобрына.
— Варта адзначыць шматгадовую, плённую працу кіраўніка гарадзецкага музея Галіны Пятроўны Чыжэўскай. Школьны музей “Гісторыя вёскі Гарадзец” — гэта тры вялікія музейныя пакоі. Выхаванцы Галіны Пятроўны пастаянна ўдзельнічаюць у краязнаўчых мерапрыемствах рэспубліканскіх акцый і дабіваюцца высокіх вынікаў, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды. Так, Маргарыта Данілевіч у конкурсе творчых работ “Дакументальны сведка вайны” стала пераможцай раённага, абласнога і рэспубліканскага этапаў і ўзнагароджана дыпломамі І ступені. Прыемна, што пра гэтую заслужаную перамогу паведамляла “Настаўніцкая газета”, — дзеліцца Валянціна Аляксееўна.
Каб арганізаваць работу школьных музеяў на неабходным прафесійным узроўні, іх кіраўнікам патрэбна метадычная дапамога ад супрацоўнікаў дзяржаўных музеяў сістэмы культуры. Нездарма школы Кобрыншчыны цесна супрацоўнічаюць з калектывам ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава. Добрыя адносіны наладжаны і з кобрынскім занальным архівам, цэнтральнай раённай бібліятэкай, раённым літаратурна-паэтычным аб’яднаннем “Белы бусел”. Кобрынскія педагогі рэгулярна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх семінарах кіраўнікоў музеяў, рэспубліканскіх краязнаўчых чытаннях, дзе часта дзеляцца вопытам работы.

12 фартушкоў

Для пацвярджэння сваіх слоў Валянціна Аляксееўна прапанавала наведаць музеі сярэдняй школы № 3 Кобрына і Гарадзецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Калі гарадзецкі музей расказвае пра ўсе аспекты жыцця вёскі, то музей трэцяй школы выключна этнаграфічны, прычым з вузкай спецыялізацыяй. Усе яго экспанаты звязаны з ткацтвам, прычым кобрынскім. А кобрынскае ткацтва — гэта своеасаблівая паэма, у якой словы — кросны, а радкі — чырвоныя, чорныя, белыя ніткі. І злучаюцца гэтыя радкі своеасаблівай рыфмай — узорамі. Найбольш арыгінальная рыфма ў традыцыйнага жаночага фартушка.
Па словах кіраўніка музея Валянціны Аляксандраўны Карунас, кобрынскія фартушкі шыліся з дзвюх полак, злучаных своеасаблівым, дэкаратыўным швом — размярэжкай. Узор на фартухах размяшчаўся ў выглядзе трох папярочных геаметрычных тканых бардзюраў, якія чаргуюцца з трыма папярочнымі вышыванымі бардзюрамі. Кожны бардзюр — гэта набор адмысловых узораў-сімвалаў чырвонага і чорнага колераў. Аднак галоўная адметнасць кобрынскага фартушка заключалася ў спосабах яго нашэння. Некалі кобрынскія жанчыны апраналі два фартушкі, каб асноўны арнамент ніжняга фартушка было бачна з-пад верхняга.
На аснове 12 фартушкоў, якія захоўваюцца ў музеі, былі даследаваны асаблівасці заходнепалескай арнаментыкі, і ў выніку напісана работа “Сімволіка і рэгіянальныя асаблівасці беларускага фартушка (на аснове параўнання кобрынскага і бездзежскага фартушкоў)”. Акрамя таго, вучнямі створаны работы “Паўночнае золата”, “Бабулін ручнік”, “Пояс — кола, сімвал сонца”, “Выкарыстанне арнаменту ў аздобе беларускага нацыянальнага адзення (на прыкладзе кобрынскага строю)”, “Легенды пра лён”. Цяпер юныя краязнаўцы плануюць даследаваць мясцовую намітку. А работы тут дастаткова. Толькі завівання кобрынскай наміткі існуе каля 18 спосабаў. Асаблівы галаўны ўбор быў і ў кобрынскай свацці: з “рожкамі”.

Дрэнныя адзнакі, прэч!

Музей Гарадзецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, канечне, не можа пахваліцца такой колькасцю фартушкоў, аднак тут дастаткова іншых унікальных экспанатаў, а па багацці асноўнага і дапаможнага фондаў ён пераўзыходзіць многія школьныя музеі раёна.
— Музей быў створаны ў 2004 годзе. Спачатку экспанаты размяшчаліся ў адным пакоі, потым з’явіўся пакой баявой славы. Апошнім быў аформлены этнаграфічны пакой. У асобны пакой тут можна вылучыць імправізаваную сялянскую хату з сапраўдным чаротавым дахам. Хоць фартушкоў у нас і не шмат, аднак у вялікай колькасці захоўваюцца, напрыклад, работы гуртка “Умелыя рукі”, якім кіравала народны майстар Ганна Антонаўна Казлова. На жаль, яе ўжо няма з намі. Багатая экспазіцыя і пакоя баявой славы, аднак, шчыра кажучы, яе афармленне маральна састарэла, таму плануем правесці рэканструкцыю і зрабіць яе больш сучаснай. Акрамя ваенных лістоў, рэшткаў зброі тут захоўваецца і багатая картатэка жыхароў Гарадзецкага сельсавета, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Картатэка — вынік карпатлівай пошукавай работы нашых настаўнікаў і вучняў, — расказвае Галіна Пятроўна.
Адметнасць гарадзецкага музея і ў тым, што частка экспазіцыі размешчана ў сценах былога касцёла, да якога пасля вайны была прыбудавана школа. Сярод унікальных экспанатаў рэшткі дубовага чоўна, якім больш за 300 гадоў. Знойдзены яны ў Каралеўскім канале, па якім праз сучасную Кобрыншчыну праплываў на апошні сейм Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Арыгінальнай з’яўляецца драўляная пастка для пацукоў, а таксама трашчотка для адпужвання вераб’ёў. Што ні экскурсія, то вучні абавязкова просяць дазволу ў Галіны Пятроўны патрашчаць. Вераб’ёў у музеі, канечне, няма, таму дзеці такім чынам, напэўна, адганяюць дрэнныя адзнакі.
Падобны экспанат-любімчык ёсць і ў музейным пакоі, экспазіцыя якога была перавезена ў Гарадзец з Аніскавіцкай сярэдняй школы, закрытай у мінулым годзе. Гэтым прадметам ужо не патрашчыш, у яго трэба біць, а каб добра гучала, то біць моцна, бо гэта бубен, абцягнуты цялячай скурай. Раней ён ствараў радасны настрой на вяселлях, а цяпер, напэўна, як і трашчотка, сваім гучаннем прыцягвае ў атэстат высокі бал. Сярод музейных суседзяў бубна — упрыгожаны адмысловымі ўзорамі куфар 1956 года, выява якога сустракаецца ў падручніках па выяўленчым мастацтве. Побач ручнікі пачатку ХХ стагоддзя. А вось сцены музейнага пакоя ўпрыгожваюць карціны, вышытыя крыжыкам на льняным палатне. Ёсць дзіцячыя хадункі, пераносная калыска. Цікавым з’яўляецца галаўны ўбор свацці, праўда, у адрозненне ад кобрынскага, у яго ўжо няма “рожак” — за Каралеўскім каналам, відаць, іншыя традыцыі. Асобныя экспанаты прысвечаны перыяду Вялікай Айчыннай вайны, расказваюць і пра землякоў воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Параўнаем

Што выбраць: рэальную экскурсію, скажам, на аўтобусе, або віртуальнае падарожжа на канапе? Апошнім часам гэтае пытанне даволі часта ўзнікае перад турыстамі, края-знаўцамі і проста аматарамі даўніны. І гэта нядзіўна, бо бяскрайнія прасторы інтэрнэту імкліва напаўняюць сайты, якія прапануюць сваім наведвальнікам не выходзячы з дому азнаёміцца з адметнасцямі таго ці іншага рэгіёна, населенага пункта. Усё часцей аўтарамі гэтых сайтаў становяцца настаўнікі.
Канечне, ніякая, нават самая арыгінальная віртуальная экскурсія не параўнаецца з рэальнай прагулкай па старадаўніх звілістых вулачках. Як не параўнаецца сядзенне на канапе з тым узвышаным пачуццём, якое авалодвае табой, калі стаіш у старадаўнім храме, дзе маліліся твае продкі. Аднак нельга забываць і пра перавагі віртульнага пада-рожжа: яго аператыўнасць, фінансавую выгаду. І яшчэ. Віртуальнае падарожжа, асабліва 3D-туры, гэтак жа паспяхова фарміруюць любоў да роднай зямлі, як і рэальная экскурсія па горадзе, музеі. Падарожжа па Кобрыне рэальным і Кобрыне віртуальным яскрава ў гэтым пераканала.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.