Кодэкс выхавальніка

Калі запытаць кіраўніка ці работніка любой установы, у якой ёсць пэўныя дасягненні, аб сакрэтах поспеху, першае, што пачуеш у адказ: “Гэта работа каманды”. І сапраўды, згуртаванасць калектыву, узаемаразуменне паміж яго членамі, накіраванасць на агульныя мэты і задачы — аснова плённай працы. У розных установах адукацыі прымяняюцца розныя метады згуртавання калектыву, а работнікаў ясляў-сада № 6 Маладзечна з’яднаў… кодэкс. Як гэта магчыма? Супрацоўнікі ўстановы дзеляцца вопытам.

— Быў момант, калі мы востра адчулі неабходнасць прымаць меры для з’яднання калектыву, — расказвае загадчык ясляў-сада Таццяна Іванаўна Сазановіч. — На пэўным этапе існавання ўстановы адбылася змена кіраўніцтва, была цякучка кадраў, а ў выніку і незадаволенасць бацькоў некаторымі аспектамі. Мы вырашылі зрабіць усё магчымае, каб калектыў стаў вялікай, дружнай, творчай, дынамічнай камандай, якая заўсёды рухаецца наперад. Шукалі розныя метады і спосабы і прыйшлі да неабходнасці стварэння карпаратыўнага кодэкса.

Установа пачала работу над праектам “Карпаратыўны кодэкс як інструмент кіравання арганізацыйнай культурай установы дашкольнай адукацыі”. Першапачатковы аналіз сітуацыі ва ўстанове выявіў супярэчнасці паміж фармальна замацаванымі нормамі арганізацыйнай культуры і нефармальнымі каштоўнасцямі працоўнага калектыву, патрабаваннямі да якасці адукацыйнага працэсу і немагчымасцю вырашыць гэтую задачу традыцыйнымі сродкамі ўплыву на паводзіны педагагічнага калектыву. Была пастаўлена задача распрацаваць карпаратыўны кодэкс.

Супрацоўнікі ясляў-сада пачалі знаёміцца са структурай і зместам кодэксаў іншых арганізацый, адзначаючы моманты, якія маглі б быць карыснымі. Потым разам абмяркоўвалі кожнае палажэнне, выбраныя палажэнні фармуляваліся адпаведным чынам. Так і з’явіўся карпаратыўны кодэкс.

Стваральнікі падкрэсліваюць, што гэта не збор законаў — гэта філасофія ўстановы, увасобленая ў словах, галоўныя каштоўнасці калектыву, запісаныя на паперы. У кодэксе зафіксаваны на першы погляд простыя ісціны, усім вядомыя. Аднак, калі паразважаць, то разумееш, што многія відавочныя рэчы кожны разумее і трактуе па-свойму, ад гэтага і няма згоды. А калі ўсё падрабязна апісана ў кодэксе, то і разуменне ва ўсіх аднолькавае. Кодэкс змяшчае комплекс найбольш важных палажэнняў і норм, якія прымаюцца супрацоўнікамі, ён задае арыенціры паводзін, дзеянняў і правіл вырашэння праблем знешняй адаптацыі і ўнутранай інтэграцыі работнікаў. Ён размешчаны на сайце ўстановы ў вольным доступе і выдадзены ў выглядзе брашуры.

У кодэксе задэклараваны правілы ўзаемадзеяння з калегамі і бацькамі выхаванцаў, з грамадскасцю, нормы ўзаемадзеяння кіраўніка з супрацоўнікамі, знешні выгляд супрацоўнікаў, арганізацыя працоўнага месца, стандарты паводзін, стаўленне да маёмасці дашкольнай установы. Першы варыянт карпаратыўнага кодэкса дапрацоўваўся на пасяджэннях удзельнікаў педагагічнага праекта, пакуль не стаў аптымальным. Усе палажэнні напісаны простымі словамі, зразумела і добразычліва. Вось так, напрыклад, гучаць палажэнні раздзела “Працоўнае месца”: “Асноўны прынцып — працоўнае месца адлюстроўвае стаўленне супрацоўніка да работы. На працоўным стале павінны знаходзіцца рэчы, якія маюць непасрэднае дачыненне да выканання сваіх абавязкаў; перад адыходам з работы супрацоўнік павінен навесці парадак на сваім працоўным месцы; асноўныя дакументы заўсёды павінны знаходзіцца на працоўным стале ў папцы; пры перадачы змены выхавальнікі абавязаны расказаць аб самаадчуванні дзяцей, усіх здарэннях; недапушчальна трымаць на працоўным месцы прадметы, якія могуць нанесці шкоду здароўю выхаванцаў; не дапускаецца ў працоўны час чытаць мастацкую літаратуру, часопісы, якія не маюць дачынення да работы”.

У рамках рэалізацыі праекта для фарміравання арганізацыйнай культуры было вырашана распрацаваць таксама сімволіку ўстановы. Так, у ясляў-сада з’явіліся ўласны лагатып, візітоўка, элемент стылю адзення супрацоўнікаў. Таксама па меры назапашвання вопыту сумеснай дзейнасці фарміраваліся традыцыі, якія аказваюць значны ўплыў на настрой, паводзіны і развіццё калектыву, аб’ядноўваюць людзей. Найбольш значныя з іх былі вылучаны калектывам і замацаваны ў карпаратыўным кодэксе, як, напрыклад, пасвячэнне ў педагогі, ушаноўванне юбіляраў, мерапрыемствы да Дня настаўніка, конкурсы сярод педагогаў.

Дасягненню пастаўленых перад установай задач, рэалізацыі праекта спрыяе бесперапыннае павышэнне кампетэнцыі і стымуляцыя асобаснага росту супрацоўнікаў ясляў-сада. Так, напрыклад, кіраўнік праекта Т.І.Сазановіч набывала веды на семінарах “Узмацненне лідарскага складніка ў кіраванні адукацыйнай установай”, “Коўчынг у адукацыі”, “Правядзенне трэнінгаў з дарослымі”. Навучанне дазволіла сфарміраваць новую сістэму каштоўнасцей і ўстановак, кіраўніцкіх ведаў і ўменняў, канкрэтызаваць патрабаванні да прафесійных ведаў і навыкаў педагогаў.

Згуртаванню ўдзельнікаў, павышэнню эфектыўнасці карпаратыўнага ўзаемадзеяння супрацоўнікаў спрыяла выкарыстанне тэхналогіі метафарычнай дзелавой гульні ў фармаце The World Caf. Таксама ва ўстанове ладзіліся трэнінгі на камандаўтварэнне, арганізаваныя педагогам-псіхолагам В.І.Кульпановіч. Для навучання педагогаў правільнаму аналізу і вырашэнню праблемных сітуацый быў выкарыстаны метад кейсаў, або метад сітуацый, які прадугледжвае разгляд і вырашэнне рэальных сітуацый з жыцця і практычнай дзейнасці педагога. Кіраўніцкія кейсы распрацаваны і праведзены кіраўніком педагагічнага праекта Т.І.Сазановіч, педагагічныя — выхавальнікам дашкольнай адукацыі Н.Г.Гуцько.

Для новых супрацоўнікаў, якія прыходзяць працаваць у яслі-сад, створана праграма адаптацыі. Яна ўключае ў сябе індывідуальны падыход да рэжыму і рытму працоўнага працэсу, умоў працы, працоўнага месца, пабудовы адносін з калегамі, прадастаўленне ў поўным аб’ёме інфармацыі аб будучай працы. Праграма скарачае перыяд акліматызацыі новых спецыялістаў. Рытуалам стала ўручэнне кодэкса новым работнікам ясляў-сада.

“Мы — каманда!” — сёння ўпэўнена кажуць супрацоўнікі ясляў-сада № 6 Маладзечна. Гэтае адчуванне дапамагае ім дружна рухацца ў адзіным напрамку і атрымліваць асалоду ад сваёй работы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.