КОДзіць — вучням не пашкодзіць!

Інфармацыйныя тэхналогіі ўсё больш распаўсюджваюцца ў нашым жыцці. І кім бы ні сталі нашы дзеці ў будучыні, магчымасць дабіцца поспеху будзе шмат у чым залежаць ад разумення таго, як працуюць высокія тэхналогіі. Менавіта таму кожны год у снежні праходзіць сусветная акцыя “Гадзіна кода”, накіраваная на папулярызацыю вывучэння інфарматыкі і праграмавання.

Удзел у праекце дазваляе пазнаёміцца з ІТ-прафесіямі, якія ўжо сёння ўвайшлі ў лік найбольш запатрабаваных на рынку працы. У гэтым годзе ўпершыню да праекта далучыўся калектыў cярэдняй школы № 23 Гродна. Падчас акцыі разам з мільёнамі школьнікаў ва ўсім свеце нашы дзеці прысвяцілі адну гадзіну ў дзень вывучэнню інфарматыкі, а таксама пазнаёміліся з перспектывамі, трэндамі і кар’ернымі магчымасцямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій.

Рэклама праекта пачалася задоўга да яго правядзення, таму дзеці з нецярпеннем чакалі гэты ўнікальны тыдзень. Мэта “Гадзіны кода” ў нашай школе — не навучыць быць экспертамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій за адну гадзіну, а даказаць, што праграмаванне — гэта вясёлы і творчы працэс, і яно даступна для ўсіх узростаў, для ўсіх школьнікаў, незалежна ад іх ўзроўня ведаў.

У рамках акцыі вучням расказвалі аб прафесіі праграміста, як ствараюцца камп’ютарныя праграмы і чаму трэба гэта ведаць, нават калі ты не збіраешся працаваць у гэтай сферы. Школьнікам наглядна дэманстравалі, што інфармацыйныя тэхналогіі — інструмент стварэння будучыні і нязменны памочнік.

Вучні знаёміліся з новымі тэхналогіямі, а таксама спрабавалі заняцца праграмаваннем. Заняткі праводзіліся ў лёгкай і цікавай форме, так што ўзяць удзел у акцыі змаглі нават малодшыя школьнікі. Сёлета ў праекце ўзялі ўдзел усе вучні з 5 па 11 клас — у рамках ўрока інфарматыкі, а малодшыя школьнікі — на пазакласных занятках. На ўроках дзецям быў паказаны ролік, у якім яны пазналі знаёмых герояў з інтэрнэту. Разам з настаўнікамі абмяркоўваліся важныя паняцці “мова”, “код”, “алгарытмы”, “прафесія праграміста”. І, вядома, кожны вучань паспрабаваў сябе ў ролі стваральніка кода, выконваючы заданні на трэнажоры.

Штодня мерапрыемства акцыі асвятлалася на школьным сайце. Настаўнікам былі прадстаўлены спасылкі на сучасныя метадычныя матэрыялы, якія дапамагаюць падрыхтаваць і правесці цікавы і насычаны ўрок.

Для школьнікаў малодшых класаў былі праведзены міні-конкурсы па інфарматыцы, накіраваныя на папулярызацыю вывучэння інфарматыкі і праграмавання. Для вучняў 9-х класаў — урок “Падарожжа на востраў дзесяці пальмаў”, дзе ў гульнявой форме пазнаёміліся з паняццямі “кадзіраванне” і “дэкадзіраванне”, адпрацавалі атрыманыя веды на практыцы.

4 снежня — менавіта ў гэты дзень адзначаецца дзень інфарматыкі — для ўсіх вучняў школы быў праведзены ўнікальны ўрок “Гадзіна кода: паспрабавалі растлумачыць, што ў праграмаванні няма нічога складанага і асвоіць яго асновы можа кожны. Для вучняў 6-х класаў была праведзена віктарына “Падарожжа з Інфазнайкай”, падчас якой каманды падарожнічалі па краіне Інфарматыка.

Таксама прайшла алімпіяда па інфарматыцы, для вучняў 9 класаў — “Турнір інфарматыкаў “Час КОДзіць”, а для малодшых школьнікаў — конкурс малюнкаў “Камп’ютар у маім жыцці”. Навучэнцы 8 класаў удзельнічалі ў гульні “Ізноў дваццаць пяць”, дзе выконвалі заданні па інфарматыцы рознай ступені складанасці, а вучні 10 і 11 класаў прынялі ўдзел у квэст-гульні “Інтэлектуальнае кафэ” на пашырэнне кругагляду ў галіне інфарматыкі.

Самы актыўныя навучэнцы атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў “Гадзіны кода 2018”.

“Гадзіна кода” — гэта ўнікальны шанс для кожнага школьніка адчуць сябе часткай вялікай і значнай падзеі, заявіць аб сваіх здольнасцях і ўсвядоміць важнасць вывучэння інфарматыкі для поспеху ў будучыні.

Ганна ПАНАСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 23 Гродна.