Кола бяспекі

У сярэдняй школе № 12 Гродна склалася цікавая практыка выхавання бяспечных паводзін навучэнцаў. Каманда юных інспектараў дарожнага руху — неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў. Восенню мінулага года ў школе пачаў дзейнічаць цэнтр бяспекі дарожнага руху.
І вось новы праект, які атрымаў назву “Кола бяспекі”.

Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Руднік, праект накіраваны на павышэнне ўзроўню прававых ведаў дзяцей і навучанне іх правілам бяспечных паводзін ва ўсіх сферах жыцця.

Праект складаецца з чатырох блокаў: бяспека на дарогах; правільныя паводзіны ў грамадскіх месцах і школе, паводзіны на прыродзе і дзеянні пры надзвычайных сітуацыях, правілы бяспекі дома і здаровае харчаванне.

— Праект атрымаў такую назву, таму што разлічаны на цыклічнасць і бесперапынны ўдзел усіх нашых навучэнцаў, — расказвае Таццяна Яўгенаўна. — Кожны тыдзень у школе рэалізуюцца мерапрыемствы аднаго блока, а рыхтуюць і праводзяць іх самі навучэнцы па прынцыпе “роўны навучае роўнага” ў сябе ў класе і іншых класах. Канечне, дапамагаюць ім у гэтым настаўнікі.

Пры складанні плана работы ўлічваліся прапановы дзяцей, што іх хвалюе, якую тэму яны самі хацелі б абмеркаваць. Кожны клас вядзе пашпарт праведзеных мерапрыемстваў, дзе фіксуюцца ацэнкі, пажаданні ўдзельнікаў. Мерапрыемствы праводзяцца ў розных формах — дыспуты, віктарыны, трэнінгі. Навучэнцы 8 “Б” класа правялі трэнінгі па бяспецы інтэрнэту. Класны кіраўнік Алена Пераходцава гаворыць, што дзеці самі вызначылі небяспекі ў сетцы і прапанавалі алгарытм дзеянняў, склаўшы памятку з дзвюх частак: вызначэнне небяспекі і парады, як гэтага пазбегнуць. Памятку размясцілі на сайце школы. Рыхтуюць такія заняткі і для навучэнцаў 5 класа. Правесці іх вырашылі ў гульнявой форме, нават з выкарыстаннем прыпевак.

Ад навучэнцаў спартыўнага класа паступіла прапанова зрабіць майстар-клас па самаабароне. Вучні таксама вырашылі правесці даследаванне па выяўленні ўмоў знаходжання дзяцей у мікрараёне школы.

У планах — правядзенне прававога кіналекторыя “Перайсці мост”, турніраў-віктарын “Правы спажыўцоў” і “Знаўцы бяспечных паводзін”, трэнінгу “Небяспечныя сітуацыі кантактаў з незнаёмымі людзьмі”, скарбонкі добрых парад “Як зрабіць школу бяспечнай”, гульні-эксперыменту “Дзень без тэлефона”, урока-практыкуму “Культура харчавання”, гульні “Захавальнікі вады”, адкрытага мікрафона па дзеяннях у экстрэмальных сітуацыях “Што я ведаю аб эвакуацыі”, квеста “10 крокаў да бяспекі”, інтэрактыўных заняткаў “Як не стаць ахвярай махляроў”, сустрэчы з прадстаўнікамі МНС і ІСН “Мы ў адказе за сваю бяспеку” і “Падлетак. Правапарушэнне. Злачынства”.

— Ідэю такога праекта падтрымалі бацькі, і яны будуць удзельнічаць у яго рэалізацыі, — гаворыць дырэктар школы Ала Галавенка. — Для размовы з дзецьмі мы запросім бацькоў нашых навучэнцаў, якія працуюць у Дзяржаўтаінспекцыі, міліцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх.

Падвядзенне вынікаў праекта намечана на май. Гэта будзе свята бяспекі, дзе выступяць агітбрыгады ад кожнага класа. Ад класаў будуць прадстаўлены сацыяльныя ролікі, якія можна будзе выкарыстоўваць у далейшай прафілактычнай рабоце па выхаванні бяспечных паводзін.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.