Кола года

- 14:35Нам пішуць

У Палошкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Клімавіцкага раёна важнае значэнне надаецца патрыятычнаму выхаванню. З самага маленства дзеці знаёмяцца з народнымі святамі, абрадамі і традыцыямі свайго роднага краю. У нашай установе адукацыі ўжо стала добрай традыцыяй у межах шостага школьнага дня ладзіць цікавае мерапрыемства “Кола года”.

“Кола года” — гэта свята, на якое збіраюцца вучні, каб пашырыць свае веды пра родны край, беларускую культуру, вусную народную творчасць, абрады і народныя традыцыі. Нават назва нікога не пакідае абыякавым, кожны імкнецца зазірнуць у актавую залу школы, каб на свае вочы пабачыць, што ж адбываецца. Гэта сапраўдны фэст эмоцый, натхнення і захаплення звычаямі, традыцыямі беларусаў. Свята “Кола года” праходзіць у стылі беларускіх вячорак. Падрыхтоўка — вялікая папярэдняя праца з дзецьмі, бацькамі. Збіраецца фальклорны матэрыял: казкі, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, замовы, песні, танцы — у іх усе радасці і пакуты, усе надзеі і мары людзей. Гэта найбагацейшая спадчына, гісторыя жыцця нашага народа, яго мінулае і сучаснае. Вучням і настаўнікам вельмі падабаецца быць і ўдзельнікамі, і гледачамі “Кола года”. Мерапрыемства заўсёды праходзіць “на выдатна”!

Наталля КАЗЛОВА,
педагог-арганізатар
Палошкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.