Колеры Кітая на віцебскай палітры

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Каля 300 работ прадставілі юныя мастакі на гарадской адкрытай выставе-конкурсе малюнка і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Беларусь — Кітай — 2017”, якая адкрылася ў дзіцячай школе мастацтваў № 3 Віцебска “Маладзік”.

Кітайская музыка, танцы і эцюды з элементамі ўсходніх адзінаборстваў, каларытныя ліхтары з іерогліфамі, чайная цырымонія і традыцыйны беларускі каравай, выявы пагад, драконаў, імператараў і прыгажунь у нацыянальных сукенках, выступленні віцяблян у беларускіх строях — у невялікай па памеры зале сустрэліся дзве вялікія культуры. Высветлілася, што яны сугучныя і спалучаюцца надзвычай арганічна, як і работы аўтараў розных узростаў. А самі мастакі, хаця ніколі не былі ў Кітаі, маюць даволі выразнае ўяўленне аб гэтай далёкай краіне і вялікую цікавасць да яе загадак і таямніц. Па ацэнцы спецыялістаў, выстава атрымалася ўнікальная па тэхніках, разнастайнасці падыходаў, жанраў, стыляў. Такое багацце рэдка дзе можна пабачыць. Рэалізаваць сябе ў поўнай меры ў гэтым кірунку дзецям дапамагла якраз кітайская тэматыка.

— Прадстаўнікі замежжа ўносяць у наша жыццё, у тым ліку ў работу факультэта, свае нацыянальныя асаблівасці, колеры, адценні. Асабіста на мяне праца са студэнтамі з КНР настолькі паўплывала, што я запісалася на курсы па вывучэнні кітайскай мовы, арганізаваныя ў ВДУ, — прызналася падчас адкрыцця выставы дэкан мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава Юлія Бежанар. — Вялікі дзякуй “Маладзіку”, які прымае на практыку нашых студэнтаў, у тым ліку замежных. Мы рэалізуем многа сумесных праектаў і выстаў, у школе мастацтваў знаходзіцца філіял нашай кафедры дызайну. Работа вядзецца вялікая і плённая.

— Добрыя работы, у якіх адчуваецца кітайскі стыль, — ацаніў выставу студэнт мастацка-графічнага факультэта Хань Юнганг. – Усе малюнкі эмацыянальныя і пазітыўныя, юныя мастакі ўдала выкарыстоўваюць чырвоны — наш нацыянальны колер. Цудоўна атрымалася перадаць на паперы вобразы кітайскіх пагад і легендарных цмокаў. Для мяне было нечаканым, але вельмі прыемным адкрыццём, што віцебскія мастакі-пачаткоўцы настолькі цікавяцца Кітаем.

Дзякуючы энтузіязму ўдзельнікаў, адкрыццё выставы ператварылася ў запамінальнае свята, атмасферу якога, напэўна, найбольш дакладна перадае выведзены іерогліфамі верш на кітайскіх ліхтарах, што ўпрыгожылі выставачную залу: “Нас падзяляе вялікая адлегласць, але мы сябры”.

Як праінфармавала дырэктар ДШМ № 3 “Маладзік” Вольга Сіўцова, выстава-конкурс арганізавана з мэтай умацавання сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і Кітаем, прыцягнення дзяцей рознага ўзросту да вывучэння гісторыі і культуры дзвюх краін, выяўлення таленавітых і адораных дзяцей. З работамі можна будзе азнаёміцца да 15 жніўня, імёны пераможцаў стануць вядомы 24 чэрвеня.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.