Ці можна жыць шчасліва і камфортна ў невялікім райцэнтры, дзе няма шырокіх праспектаў, гіпермаркетаў, 3D-кінатэатраў, нават каледжа або ліцэя, не гаворачы ўжо пра ўніверсітэт? А калі гэты населены пункт яшчэ і закранула чорнае крыло Чарнобыля? Складаныя пытанні… “Навучыць чалавека быць шчаслівым нельга, але выхаваць яго так, каб ён быў шчаслівым, можна”, — менавіта гэтыя словы Анатоля Сямёнавіча Макаранкі з’яўляюцца для педагогаў і навучэнцаў гімназіі Веткі своеасаблівым жыццёвым дэвізам.
Удзельнікі комплексна-мэтавай праграмы “Крыніца Веткаўшчыны”, якая рэалізуецца ў веткаўскай гімназіі і накіравана на ўстойлівае развіццё аднаго з самых самабытных куточкаў Гомельшчыны, — па-сапраўднаму шчаслівыя людзі. Канечне, чалавечае шчасце — паняцце шырокае і неадназначнае. Для адных яно заключаецца ў магчымасці атрымліваць высокую зарплату, для іншых — наведваць прэстыжныя рэстараны або кавярні, для некага шчасце — гэта магчымасць прысвячаць вольны час сям’і або хобі. Веткаўскім педагогам для шчасця патрэбна нямнога: усяго толькі кожны дзень наведвацца ў край, багаты на гісторыка-культурную спадчыну, на старадаўнія традыцыі і абрады.
— Нягледзячы на тое, што многія нашы настаўнікі не карэнныя веткаўчане і прыязджаюць на работу з Гомеля, яны моцна палюбілі гэтую маляўнічую зямлю. Ініцыятыўная група паставіла перад сабой важную задачу: паказаць мясцовым жыхарам, што іх малая радзіма — цудоўная зямля і толькі ад іх саміх залежыць колер жыцця — будзе ён шэрым або стане пералівацца вясёлкавымі фарбамі. Імкненне захоўваць культуру, традыцыі Веткаўскага раёна, сфарміраваць выхаваўчае асяроддзе гімназіі на прынцыпе рэгіянальнай унікальнасці і падштурхнула нас да стварэння комплексна-мэтавай праграмы “Крыніца Веткаўшчыны”, — дзеліцца намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Яна Ігараўна Мачэхіна.
Праграма стала неад’емнай часткай адукацыйнай прасторы не толькі гімназіі. Да яе рэалізацыі рэгулярна далучаюцца іншыя ўстановы адукацыі раёна. Канечне, чарнобыльская трагедыя ўносіць ноткі песімізму ў жыццё веткаўчан, таму адна з асноўных задач рэалізацыі праграмы — дапамагчы людзям пераадолець уплыў негатыўных фактараў, выхаваць пакаленне, якое б усведамляла сваю адказнасць за захаванне ўнікальнасці малой радзімы.
Першымі крокамі ў рамках праграмы стаў падбор удзельнікамі ўзорнай вакальнай студыі “ФарСі” стараверскіх песень. Актыўную работу вядуць і ўдзельнікі гімназічнага гуртка “Спадчына”. Вучні часта інсцэніруюць калядкі, вячоркі, гукаюць вясну. З асаблівым нецярпеннем дзеці і дарослыя чакаюць надыходу Масленіцы. І нездарма. Акрамя спартыўных і забаўляльных конкурсаў, спаборніцтваў, тэатральных пастановак, спальвання пудзіла зімы, у кожнага ўдзельніка свята ёсць цудоўная магчымасць пакаштаваць самыя смачныя сімвалы веснавога сонейка — бліны. Ды не проста бліны, а бліны са смятанай, варэннем, мёдам, і запіць усе гэтыя прысмакі цудоўнай гарбатай. Гурткоўцы праводзяць святы-сустрэчы з веткаўскімі паэтамі, мастакамі. У падрыхтоўчай рабоце, вывучэнні народных абрадаў дапамагаюць супрацоўнікі Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава і Веткаўскага гарадскога дома культуры. Акрамя Масленіцы, галоўнай іскрынкай “Крыніцы Веткаўшчыны” з’яўляецца інсцэніроўка ўнікальнага абраду пахавання стралы.
Як вядома, Веткаўскі раён моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС. Нездарма ў рэалізацыі праграмы адначасова з гісторыка-культурным, эстэтычным быў уключаны і экалагічны напрамак. На занятках экаклуба Greenplanet, які дзейнічае з 2011 года, вывучаюцца такія дакументы, як “Хартыя Зямлі”, “Парадак дня на XXI стагоддзе”, “Дэкларацыя тысячагоддзя”, “Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года”. Юнымі эколагамі рэалізаваны праекты “Праблемы ўтылізацыі смецця”, “Чысты двор — чыстая вуліца — чысты горад”, “Вадаёмы Веткі і наваколля”, “Вывучэнне якасці вады ў вадаёмах горада Веткі”, “Птушкі на кармушцы”. Гімназісты ўдзельнічалі ў акцыях “Утылізацыя батарэек”, “Паасобны збор бытавых адходаў”, “Папяровы бум”. Сумесна з супрацоўнікамі адміністрацыі зон адчужэння і адсялення быў замераны ўзровень забруджанасці пэўных участкаў уздоўж ракі Сож і каля возера Арэхаўка, у выніку выбраны найбольш чыстыя месцы для правядзення спартыўна-патрыятычнай гульні “Следапыт”.
— Традыцыйнай стала і акцыя “Я — веткаўчанін”, падчас якой юныя гісторыкі збіраюць звесткі пра стараверства Веткаўшчыны, сістэматызуюць матэрыял аб жыцці і дзейнасці знакамітых жыхароў краю. Географы і біёлагі займаюцца вывучэннем расліннага свету, філолагі пішуць нарысы, працуюць над выразнасцю чытання, а задачай гуртка інфармацыйных тэхналогій з’яўляецца дапамога ў афармленні матэрыялаў. Цяпер вядзецца работа над стварэннем праектаў “Ганаровы грамадзянін горада Веткі”, “Спадчына маёй сям’і”, рыхтуюцца фотавыставы “Ветка ў мінулым, сучаснасці і будучыні”, “Гісторыя адной сям’і”, — паведаміла Яна Ігараўна.
Што трэба для ўстойлівага развіцця таго ці іншага раёна? Канечне, стварэнне працоўных месцаў, развіццё сацыяльнай інфраструктуры. А яшчэ важна фарміраваць у мясцовых жыхароў любоў і павагу да роднага краю, выхоўваць іх, паводле Макаранкі, шчаслівымі людзьмі. Гэтым якраз паспяхова займаюцца ў веткаўскай гімназіі.
Ігар ГРЭЧКА.