Колеры “Вясёлкі”

- 14:42Магілёўшчына

У прыроднай вясёлкі, якую можна назіраць пасля цёплага летняга дажджу, як вядома, сем колераў: чырвоны, аранжавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы. У круглянскай “Вясёлкі” каляровая палітра куды больш разнастайная. “Вясёлка” — гэта назва раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а яго своеасаблівыя колеры — аб’яднанні па інтарэсах, якія працуюць на базе ўстановы дадатковай адукацыі.

Круглянская “Вясёлка” падобная на дзівосны востраў дзяцінства ў акіяне святла і дабра. Гэта незвычайны дом, куды пасля заняткаў і на канікулах спяшаюцца дзеці і падлеткі, каб паказаць свой талент і абмяняцца з сябрамі радасным настроем. А яшчэ “Вясёлка” — гэта своеасаблівы свет, які рухаецца ў рытме сучаснага жыцця, і рухаюць яго няўрымслівыя дзеці і творчыя педагогі дадатковай адукацыі. Сёння цэнтр — гэта ўзорная студыя “Дэкор”, актавая зала з музычнай апаратурай, аб’яднанні “Эўрыка”, “Творчае натхненне”, “У свеце матэматыкі”, эколага-біялагічныя аб’яднанні “Кветкі ў далоньцы”, “Чалавек і кветкі”, “Залатая саломка”, аб’яднанні мастацкага профілю “Творчая мазаіка”, “Калейдаскоп”, “Палітра”, “Чароўнае цеста”, фізкультурна-спартыўныя “Алімпіец”, “Юны валейбаліст”, “Баскетбол”, “Сілуэт”, турыстычна-краязнаўчыя “Турызм”, “Крыніца здароўя”, ваенна-патрыятычны “Юны стралок”, сацыяльна-педагагічныя “Юныя сябры міліцыі”, “Юны інспектар дарожнага руху”. Палітра “Вясёлкі” яркая, стракатая.

Возьмем, напрыклад, колеры аддзела дзіцячай творчасці. Педагогі гэтага структурнага падраздзялення ствараюць для дзяцей свет прыгажосці, казкі, музыкі, фантазіі, творчасці. Яны дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам знайсці цікавую справу, якая будзе захапленнем усяго жыцця, а магчыма, будучай прафесіяй. Калектыў аддзела прымае актыўны ўдзел у выставах і конкурсах “Анімаёўка”, “Сябруюць дзеці на планеце”, “Сонечная палітра”, “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, “Прытрымліваемся законаў дарог”. З лістапада 2017 года адкрыта аб’яднанне па інтарэсах “Робататэхніка”, якое наведваюць 30 навучэнцаў.

— Асабліва яркімі з’яўляюцца колеры ўзорнай студыі “Дэкор”. Творчы почырк калектыву — гэта арыгінальная выдумка, цэласнасць і адзінства мастацкага сэнсу. Таленавітыя дзеці раскрываюць свае здольнасці пад кіраўніцтвам педагога Вольгі Мікалаеўны Луставай. Кожны ўдзельнік студыі адчувае сябе стваральнікам, прыдумвае, вынаходзіць, фантазіруе, сачыняе, робіць на занятках першыя крокі да высокага звання “майстар”. Аддзел экалогіі і краязнаўства мае нямала перамог на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Работы з прыроднага матэрыялу зачароўваюць самабытнасцю, унікальнасцю і непаўторнасцю.

Аб’яднанні па інтарэсах спартыўнага профілю займаюць асаблівае месца ў рабоце цэнтра, таму што будучае пакаленне павінна быць фізічна здаровым, гарманічна развітым і мэтанакіраваным. Уладзімір Кузьміч Верам’ёў, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Крыніца здароўя”, перакананы, што лепш за ўсё садзейнічаюць гэтаму падарожжы. У любое надвор’е ён са сваімі выхаванцамі ў дарозе. Велатурызм стаў для іх часткай жыцця. Маршруты падарожжаў разнастайныя: Лепель, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Новалукомль, Бялынічы, Усакіна. Штогод Уладзімір Кузьміч удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах на лепшы турыстычны паход і кожны раз займае прызавыя месцы. Гэты год не стаў выключэннем: удзельнікі “Крыніцы здароўя” занялі тры першыя месцы ў абласным конкурсе, а таксама 2-е і 3-е месцы ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”, — паведаміла дырэктар “Вясёлкі” Таццяна Леанідаўна Трабушэўская.

У рамках рэалізацыі ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” у Круглым на працягу двух гадоў працуе дзіцячы парламент. Яго ўдзельнікі неаднойчы сустракаліся з былым начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Круглянскага райвыканкама, а цяпер старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Мікалаевічам Храмцовым (Сяргей Мікалаевіч суправаджаў супрацоўнікаў “Настаўніцкай газеты” падчас наведвання ўстаноў адукацыі Круглага) і абмяркоўвалі важныя пытанні развіцця адукацыі ў раёне. На сустрэчы з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Дзмітрыем Дзмітрыевічам Гобаравым гаварылі пра асаблівасці правядзення выбараў, важнасць узаемадзеяння малодшага і старэйшага пакаленняў. 30 сакавіка прайшла першая сесія раённага Савета дэпутатаў, у якой удзельнічалі і прадстаўнікі дзіцячага парламента. Навучэнцы расказвалі пра свае справы ў Год малой радзімы, выказвалі прапановы, якія будуць унесены ў агульнараённую праграму. Напрыканцы нашай сустрэчы старшыня дзіцячага парламента Ганна Кулікоўская прапанавала прыняць удзел у галасаванні і вызначыць пяць цудаў Круглянскага раёна на сайце ўстановы.

Цэнтр “Вясёлка” даўно стаў каардынатарам раённых мерапрыемстваў розных напрамкаў. Задачы па выхаванні, навучанні і захаванні здароўя ў жыцці маладога пакалення не вырашаюцца ў адзіночку. Важным з’яўляецца міжведамаснае ўзаемадзеянне з сацыяльнымі партнёрамі. Частымі гасцямі мерапрыемстваў “Вясёлкі” з’яўляюцца прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела МНС, ДАІ, раённага гісторыка-краязнаўчага музея, дзіцячай школы мастацтваў, ветэранскай арганізацыі. Толькі дзякуючы сумесным намаганням педагогаў “Вясёлкі” і партнёраў свет дзяцінства круглянскіх навучэнцаў шчаслівы, яркі і творчы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.