У адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы № 40 “Аб аптымізацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” колькасць работнікаў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі скароціцца да 118 чалавек, у іх ліку 108 дзяржслужачых.
У адпаведнасці з патрабаваннямі кіраўніка дзяржавы па скарачэнні дзяржаўнага апарату, колькасць дзяржаўных служачых Адміністрацыі прэзідэнта скарачаецца на 30%. Указ уступае ў сілу 1 мая 2017 года.
Указам актуалізаваны функцыі і паўнамоцтвы Адміністрацыі прэзідэнта. Новая структура дасць магчымасць забяспечыць эфектыўнасць далейшай работы гэтага дзяржоргана ва ўмовах скарачэння колькасці яго работнікаў.
Галоўнымі задачамі адміністрацыі вызначаны забеспячэнне рэалізацыі Прэзідэнтам Беларусі паўнамоцтваў у галінах дзяржаўнай кадравай палітыкі, ідэалогіі беларускай дзяржавы, права, сацыяльна-эканамічнай палітыкі, знешняй палітыкі, дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату, а таксама па рабоце са зваротамі грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб.
Рэфармуецца інстытут памочнікаў кіраўніка дзяржавы. Уводзяцца дзве новыя пасады памочнікаў прэзідэнта.
Узаемадзеянне кіраўніка дзяржавы з заканадаўчай і судовай галінамі ўлады будзе забяспечвацца памочнікам прэзідэнта па пытаннях заканадаўчай і судовай дзейнасці, а кантроль за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы па пытаннях дзейнасці банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый — памочнікам прэзідэнта па пытаннях развіцця фінансава-крэдытнай сістэмы.
Новым Палажэннем аб прэс-сакратары Прэзідэнта Беларусі прадугледжваецца значнае пашырэнне функцый і паўнамоцтваў прэс-сакратара, у тым ліку па каардынацыі дзейнасці найважнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Прэс-сакратар па пасадзе прыраўноўваецца да памочніка прэзідэнта і ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку дзяржавы. Агульная каардынацыя дзейнасці прэс-сакратара ажыццяўляецца кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.