Колькасць акрэдытаваных наглядальнікаў павялічылася

- 12:23Выбары 2015

Пры Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў акрэдытаваны чацвёрты наглядальнік. Гэта вынікае з матэрыялаў, апублікаваных на сайце Цэнтрвыбаркама.

На пасяджэнні ЦВК 17 ліпеня прысутнічалі наглядальнікі ад “Белай Русі” (Сяргей Пігараў), Беларускага хельсінкскага камітэта (Дзмітрый Чарных) і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (Эдуард Нарышкін). Зыходзячы з матэрыялаў сайта Цэнтрвыбаркама, цяпер у лік наглядальнікаў увайшоў таксама прадстаўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Еўдакімчык.
Выбары Прэзідэнта Беларусі адбудуцца 11 кастрычніка 2015 года. Калі спатрэбіцца другі тур галасавання, то ён пройдзе не пазней за 25 кастрычніка. Бліжэйшы важны этап выбарчай кампаніі – збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Ён пройдзе з 23 ліпеня па 21 жніўня ўлючна. На гэты момант ЦВК зарэгістраваў тры ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча. На пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 20 ліпеня плануецца прыняць рашэнні аб рэгістрацыі або нерэгістрацыі іншых груп. Усяго ў ЦВК паступіла 14 заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына прагназуе, што ў выніку будзе зарэгістравана пяць ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Аб гэтым кіраўнік ЦВК заявіла журналістам пасля пасяджэння камісіі.
Лідзія Ярмошына не стала ўдакладняць, якія менавіта групы могуць быць зарэгістраваны ў далейшым. Аднак яна адзначыла, што дакументы, пададзеныя па пошце, – гэта падстава для адмовы. Менавіта такім чынам падаў сваю заяўку Сяргей Заблоцкі. “Не прадстаўлены ні даверанасці, ні лісткі з пашпарта, якія пацвярджаюць грамадзянства, пражыванне на тэрыторыі Беларусі і ўзрост”, – растлумачыла старшыня ЦВК.
Акрамя таго, не ўсе групы ўтвораны ў неабходным складзе – не менш як 100 чалавек. “Праўда, прэтэндэнты заяўляюць, што сёння данясуць спісы. І гэта магчыма”, – сказала Лідзія Ярмошына.
Прыём заявак на рэгістрацыю груп завершыўся 17 ліпеня ў 19.00.