Колькасць патрыятычных праектаў для школьнікаў у гімназіі № 43 Мінска ўражвае

- 10:59Репортаж

Сучасным школьнікам сапраўды ёсць чым заняцца: гэта мы ўбачылі на свае вочы ў гімназіі № 43 Мінска. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Колькасць карысных і разнастайных праектаў тут уражвае. Установа адукацыі вялізная: у ёй вучыцца больш за 1800 дзяцей. Многія з іх уцягнуты ў цікавую дзейнасць — асабліва вылучаецца ваенна-патрыятычны напрамак.

Каля ўвахода нас сустракае кіраўнік цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Фрунзенскага раёна Аляксандр Іваноў. Ён гаворыць, што цэнтр працуе тут ужо 10 гадоў і аб’ядноўвае навучэнцаў не толькі гімназіі, але і іншых устаноў адукацыі раёна. Заняткі, якія праводзяцца ў 10-х і 11-х класах, аднолькава падабаюцца і хлопчыкам, і дзяўчынкам. Наогул, гімназія лічыць галоўным напрамкам сваёй дзейнасці менавіта грамадзянска-патрыятычны, ён стаў тут прыярытэтным.

У свой час мы разглядалі розныя напрамкі выхаваўчай работы, але правялі аналіз і вырашылі, што для нашага мік­рараёна, дзе вялікая колькасць дзяцей і падлеткаў, якіх трэба заняць нечым карысным, актуальным будзе менавіта такі кірунак. Пры гэтым трэба было прапанаваць дзецям штосьці сапраўды цікавае, — заўважае дырэктар гімназіі Марыя Кавалеўская.

Так, школьнікі сталі ўдзельнікамі розных грамадзянска-патрыятычных акцый, адкрылі для сябе “Зарнічку”, “Зарніцу” і “Арляня”.

 

Дзесяцікласнік Мікіта Прановіч захапляецца спортам — мнагаборствам, удзельнічае ў “Зарніцы”, мае ўзнагароды. Самая апошняя, якую ён дэманструе, — дыплом ІІІ ступені за ўдзел у конкурсе “Меткі стралок” рэспубліканскай ваенна-патрыятычный гульні “Арляня”. Хлопец гаворыць, што навучыцца метка страляць няпроста — спачатку былі адны нулі. Потым ужо справа пайшла лягчэй, асабліва матывуе дух спаборніцтваў. Самае складанае для стралка — пастаноўка дыхання: страляць трэба на выдыху.

Дарэчы, кожную суботу ў ціры гімназіі збіраецца чалавек 40, пры гэтым цікава, што сярод аматараў пастраляць аднолькавая коль­касць дзяўчынак і хлопчыкаў.

— Наш цір выдатна абсталяваны. Ён адзіны ў Мінску мае лазерны прыцэл. Складаецца з чатырох памяшканняў: першае і самае важнае — памяшканне, дзе захоўваецца зброя. Далей ідзе вучэбны пакой, памяшканні лазернага і пнеўматычнага ціра, — праводзіць экскурсію настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі трэнер па стральбе Фрунзенскага раёна Сяргей Палякоў.

Уражвае колькасць вучэбных стэндаў з інфармацыяй аб рознай зброі і яе канструктарах. Ёсць стэнды, прысвечаныя легендарным снайперам, выдатным беларускім спартсменам.

У ціры сустракаем дзесяцікласніка Святаслава Нікіценку. Ён ужо вызначыўся з будучай прафесіяй: плануе паступаць у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь:

— Па-першае, гэта мой абавязак перад Радзімай, па-другое, гэта перспектыўна, а па-трэцяе, цікава. Ну і пра добры сацыяльны пакет таксама нельга забываць.

На базе 43-й гімназіі право­дзяцца спаборніцтвы “Абаронца Айчыны”, іншыя спартыўныя гульні. Умовы дазваляюць: тут вялікія спартыўныя залы, а таксама стадыён, які наведваюць не толькі гімназісты, але і мясцовыя жыхары. Шмат дзяцей і моладзі ўвечары збіраецца тут, каб проста пагуляць.

Намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Таццяна Сіўцова адзначае, што сакрэт таго, як ахапіць усіх дзяцей нейкай дзейнасцю, заключаецца ў разнастайнасці праектаў. Амаль 2 тысячы навучэнцаў трэба нечым заняць, і ключ да кожнага з іх падбіраецца ў гімназіі індывідуальна.

Ёсць у нас, напрыклад, праект “Піянерская гісторыя маёй сям’і” — дзеці ствараюць сямейныя альбомы, — расказ­вае Таццяна Сіўцова. —  Вядома, кожнаму хочацца расказаць пра сваіх родных. Ёсць і валанцёрскі атрад “Праметэй” для навучэнцаў 8—11 класаў, цырыманіяльны і мемарыяльны атрады, атрад барабаншчыц. Хацелася б адзна­чыць вялікую ўцягнутасць навучэнцаў у дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі — БРПА і БРСМ. Нельга не прыгадаць і наш выдатны музей, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Там стаіць макет танка ў палову натуральнай велічыні, які зрабіў наш настаўнік працоўнага навучання, прадстаўлены ўзнагароды, унікальныя дакументы і артэфакты тых часоў. Нават першакласнікі працуюць у гэтым музеі як экскурсаводы.

— Страявая падрыхтоўка, гістарычныя, спартыўныя конкурсы, арыентаванне на мясцовасці — гэта ўсё “Зарніца” і “Арляня”. У апошняй гульні, дарэчы, мы сталі прызёрамі рэспубліканскага этапу, — дзеліцца дзесяцікласнік Даніла Вячорка. — Мне вельмі падабаецца адчуваць сябе сапраўдным байцом, часткай вялікай каманды.

Дзве барабаншчыцы Яна Лапета і Ксенія Скуратовіч з 9 класа падкрэсліваюць, што заняткі ў атрадзе дапамагаюць ім ісці па жыцці бадзёра і не збівацца з рытму. Яны выступаюць на мерапрыемствах гімназіі, удзельнічаюць у розных конкурсах. А навучэнцы 4 класа спяшаюцца расказаць пра “Зарнічку”.

— Конкурсы, гульні — гэта значна лепш, чым сядзець дома, — лічыць Андрэй Еўжык.

Кожнаму ў гімназіі знайшлася справа па душы. Але не трэба забываць, што за ўсім гэтым ста­іць карпатлівая выхаваўчая работа педагогаў. А як інакш, калі час такі — вырашальны для нас і нашых дзяцей.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара