Колькасць самазанятых вырасла

- 10:28Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі ў 2018 годзе вырасла колькасць самазанятых грамадзян, паведаміў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.

“У 2018 годзе больш за 16 тысяч чалавек ужо аказваюць паслугі, якія не патрабуюць рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, — рост у параўнанні з мінулым годам на 5 тысяч чалавек. Імі выплачана ў бюджэт каля Br1 млн адзінага падатку. Пры гэтым штомесяц ва ўсіх рэгіёнах краіны расце колькасць такіх грамадзян і паступленняў у бюджэт ад іх”, — заявіў ён.

Пры гэтым, паводле слоў міністра, найбольш запатрабаванымі відамі дзейнасці з’яўляюцца рэпетытарства — больш за 3 тысячы чалавек, цырульніцкія і касметычныя паслугі — 1,5 тысячы чалавек, фотаздымка — больш за 300 чалавек. “Лічу, што далейшая работа падатковых органаў павінна быць накіравана на актывізацыю растлумачальнай работы з насельніцтвам у цесным узаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады”, — падкрэсліў ён.

Сяргей Налівайка нагадаў, што ўказ № 337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб” быў прыняты ў 2017 годзе для стымулявання занятасці насельніцтва і спрашчэння ўмоў ажыццяўлення дзейнасці фізічнымі асобамі.

Права ажыццяўляць дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка фізічным асобам было прадастаўлена з 2009 года. Першапачаткова было вызначана 6 відаў паслуг, што не адносяцца да прадпрымальніцкай дзейнасці, пры ажыццяўленні якіх грамадзяне выплачваюць адзіны падатак. Стаўкі ўстанаўліваюцца абласнымі Саветамі дэпутатаў і Мінскім гарсаветам. Пры гэтым у грамадзян няма абавязку па вядзенні ўліку, выкарыстанні касавых апаратаў, а таксама па прадстаўленні якой-небудзь справаздачнасці. Адзіны абавязак — паведаміць падатковаму органу і да пачатку дзейнасці выплаціць фіксаваную стаўку падатку.

“Для далейшага ўключэння фізічных асоб у легальную дзейнасць указам № 337 быў пашыраны пералік відаў дзейнасці, якія не адносяцца да прадпрымальніцкай, сярод іх: рамонт і вытворчасць адзення і абутку; тынкавальныя і малярныя работы; мураванне печаў і камінаў; рамонт камп’ютараў і навучанне рабоце на камп’ютары; паслугі цырульніка. Таксама дакумент прадаставіў грамадзянам права прадаваць вырабленыя імі хлебабулачныя, кандытарскія вырабы і гатовую кулінарную прадукцыю на гандлёвых месцах на рынках або ў іншых месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі органамі. Цяпер такіх відаў дзейнасці 30. Яны не патрабуюць атрымання ліцэнзіі або іншых спецыяльных дазволаў. Гэтыя віды дзейнасці найбольш чаканыя і запатрабаваныя грамадствам”, — канстатаваў міністр.