Колькасць жадаючых аздаравіцца штогод павялічваецца

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі гэтым летам аздаравіліся 381 400 дзяцей — на 13,5 тысячы больш, чым у 2017 годзе. Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

“У 2018 годзе летняе аздараўленне прайшлі 381 400 дзяцей, у тым ліку 161 тысяча — у лагерах з кругласутачным знаходжаннем, 220,5 тысячы — у лагерах з дзённым знаходжаннем. Гэта на 13,5 тысячы дзяцей больш, чым у 2017 годзе. Пры планаванні летняй аздараўленчай кампаніі мы выкарыстоўваем заяўны прынцып. Прыемна, што колькасць жадаючых аздаравіцца штогод павялічваецца. Гэта сведчыць пра попыт на такі від адпачынку”, — сказаў Генадзь Балбатоўскі.

Асаблівая ўвага ўдзялялася сіротам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. “Больш за 13,5 тысячы дзяцей гэтых катэгорый прайшлі летняе аздараўленне, што вышэй за запланаваныя лічбы больш як на 11 працэнтаў. Акрамя таго, у лагерах розных тыпаў аздаравілася больш за 4 тысячы дзяцей-інвалідаў — на 17 працэнтаў больш за планавыя лічбы”, — прывёў даныя дырэктар.

Паводле слоў Генадзя Балбатоўскага, на рэалізацыю мерапрыемстваў летняй аздараўленчай кампаніі было выдзелена больш за Br43 млн (у 2017 годзе — Br39,5 млн), на ўмацаванне матэрыяльнай базы стацыянарных лагераў з розных крыніц было накіравана Br11 млн. “За цэнамі на паслугі лагераў быў забяспечаны кантроль, каб не дапусціць іх неабгрунтаванага завышэння. Сярэдні кошт пуцёўкі ва ўстановы з кругласутачным знаходжаннем тэрмінам на 18 дзён і больш склаў Br428, у параўнанні з 2017 годам ён узрос у межах макраэканамічных паказчыкаў — прыкладна на 5 працэнтаў”, — удакладніў кіраўнік.

У Беларусі гэтым летам функцыянавала больш за 6250 лагераў, у 2017 годзе гэтая лічба складала 6100.