Колькі крокаў да паэзіі?

- 14:31Выхаваўчая прастора, Рознае

Сёння праблема беларускай мовы абмяркоўваецца ў грамадстве асабліва актыўна. Прафесійнае бачанне шляхоў вырашэння гэтай праблемы прадстаўляюць педагогі, у тым ліку і на старонках нашай газеты. А нядаўна свой варыянт прапанаваў і Нацыянальны адукацыйны партал. “Нестандартны варыянт” — менавіта такую назву атрымаў праект, у якім паспелі прыняць удзел ужо больш за два дзясяткі ўстаноў.

Саму па сабе форму — сеткавы флэшмоб — напрыканцы гэтага лета прыдумаў баскетбаліст Бостанскага каледжа Піт Фрэйтс, аўтар нашумелага “ледзянога” марафону. Паралельна праходзіў двухдзённы марафон “Карэніна. Жывое выданне” — анлайн-чытанне па чарзе гэтага знакамітага твора. А выкарыстаць мікс гэтых двух праектаў, каб прыцягнуць увагу беларускіх школьнікаў да беларускай мовы і літаратуры, прапанаваў Сяргей Сяргеевіч Аляшэўскі, начальнік упраўлення арганізацыйнага суправаджэння дыстанцыйных адукацыйных паслуг Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Умовы ўдзелу простыя: вы здымаеце на відэа сваё арыгінальнае прачытанне класічных твораў працягласцю не больш за тры хвіліны, затым адрасуеце гэты ролік сямі школам: па адной з кожнай вобласці і Мінска, прапаноўваючы тым самым працягнуць праект-акцыю. Адрасаты на працягу трох дзён павінны таксама зняць ролік і разаслаць свой відэазаклік яшчэ ў сем школ і г.д. Усе гэтыя ролікі і спіс устаноў, якія прынялі ўдзел у праекце, змяшчаюцца на Нацыянальным адукацыйным партале.
Першым удзельнікам “Нестандартнага варыянта” стала нараўлянская сярэдняя школа № 3, дзе працуе настаўнік беларускай мовы і літаратуры Міхаіл Валер’евіч Шаўчэнка. Адзінаццацікласнік Ягор Мельнік сваім урыўкам з “Новай зямлі” Якуба Коласа і распачаў чытацкі марафон.
“Перад удзельнікамі мы не ставім задачу зняць прафесійнае відэа, — гаворыць Сяргей Сяргеевіч. — Таму не бяда, калі няма добрай тэхнікі. Сэнс праекта ў тым, каб заахвоціць дзяцей чытаць беларускія творы, паспрабаваць падысці да іх асэнсавання нестандартна. На першым этапе, ці кроку, мы патэлефанавалі першай сямёрцы ўдзельнікаў і растлумачылі правілы. Астатнія школы відэавыклік атрымліваюць толькі па электроннай пошце. І, бадай, самае галоўнае — удзел школ у праекце выключна добраахвотны, мы толькі прапаноўваем, а не дадаём педагогам абавязкаў. І ніхто не прымушае адразу хапацца за відэакамеру, калі няма жадання. Але тым не менш пятая частка з задавальненнем далучаецца да нас. Некаторыя нават не чакаюць анлайн-запрашэння, адразу дасылаюць да нас свае ролікі”.
Цяпер за “нестандартнымі” падзеямі сочаць не толькі наведвальнікі партала, аддаць свае галасы за самыя цікавыя ролікі могуць і карыстальнікі сацыяльных сетак, відэахостынгу YouTube. Прычым геаграфія наведвальнікаў шырокая: акрамя краін СНД, актыўна вызначаюць лідараў і жыхары ЗША, Аўстраліі, Італіі, Вялікабрытаніі і шэрага іншых краін.
Сюжэты вучнёўскіх ролікаў самыя розныя, утрымліваюць у сабе мноства жанраў. Тут і касцюміраваныя замалёўкі, і пастаноўкі цэлай акцёрскай трупы, і проста чулае прачытанне. Мяркуючы па водгуках, найбольш цікавыя ўрыўкі са спектакляў. Большасць з іх на ваенную тэматыку. Асабліва ўдалым атрымалася “экранізацыя” верша Ніла Гілевіча “Часцей, часцей прыпамінай…” ад старшакласнікаў гродзенскай гімназіі № 1 імя Я.Карскага. Арыгінальным было выступленне малодшых школьнікаў гімназіі № 4 Магілёва з лялечным спектаклем. Навучэнцы гімназіі імя Янкі Купалы (Мазыр) прадставілі вершы ў вобразах: нават без гуку можна зразумець сэнс твора. Лепшыя ролікі ўжо атрымалі па паўсотні “лайкаў” на партале і па некалькі тысяч праглядаў на YouTube. Безумоўна, папулярнасць у сетцы будзе ўлічвацца прафесійным журы. А пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы ад партала.
Сяргей Сяргеевіч упэўнены, што інтэрнэт-магчымасці ў галіне вывучэння неабмежаваныя. Ён праводзіць семінары, на якіх расказвае, якім чынам можна аб’яднаць дзве прасторы: вучэбны кабінет і сеціва. На яго думку, зацікавіць навучэнцаў можна не толькі маштабнымі праектамі. Нават звыклае прачытанне вершаў каля дошкі можна відазмяніць: напрыклад, арганізаваць анлайн-галасаванне сярод вучняў школы, і дзве вышэйшыя адзнакі атрымаюць тыя з іх, хто атрымае больш анлайн-галасоў.
“Дзеці жывуць у сеціўным свеце, і мы вымушаны іх даганяць, павінны прысутнічаць і ў сацсетках, і ў мультымедыйным кантэнце, каб лічбавы разрыў не быў занадта вялікім”, — упэўнены Сяргей Сяргеевіч.
Раіса Станіславаўна Сідарэнка, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, зазначае: “Мы нават не чакалі такога водгуку. Ахоплена ўся краіна, усе ўстановы адукацыі: і асобныя вучні, і цэлыя класы, і педагогі. Мы планавалі зрабіць некалькі крокаў — было ўжо дзевяць, і спыняць іх, баюся, прыйдзецца прымусова. Па тым матэрыяле, які мы атрымліваем, адразу відаць, як успрымаюць праект установы адукацыі, калі прымаюць выклік. Хоць і была пара ролікаў, відаць, знятая дзеля птушачкі, але большасць праектаў ідуць ад душы: глядзіш — нават прабірае халадком. Мы гаворым аб праблемах беларускай мовы, гэта і ёсць ад зін з варыянтаў іх вырашэння”.
Раіса Станіславаўна адзначае, што не толькі класіка заслугоўвае ўвагі, але і сучасная літаратура. І яна не выключае, што на апошнюю на партале таксама будзе звернута ўвага моладзі. Але гэта ўжо будзе зусім іншы праект.

Святлана НІКІФАРАВА.