Комікс “Не для чужых вачэй” — у падарунак дзецям

Больш за тысячу дзяцей з Мінска і Віцебска атрымалі ў падарунак комікс  “Не для чужых вачэй” — другую частку прыгодніцкай гісторыі ў карцінках аб дзіцячым зроку. Гэта стала магчымым дзякуючы дабрачыннаму праекту “Я вижу!”, які рэалізоўваецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя. Усе, хто не паспеў атрымаць папяровыя асобнікі комікса, могуць пазнаёміцца з ім у анлайн-версіі па спасылцы a1comics.by.

З 2016 года ў Беларусі рэалізоўваецца ўнікальны дабрачынны праект “Я вижу!” па дыягностыцы, раннім выяўленні паталогій органаў зроку ў дзяцей школьнага ўзросту з сельскай мясцовасці і аказанні ім афтальмалагічнай дапамогі. Арганізатары праекта знайшлі чарговы спосаб у займальнай форме расказаць школьнікам пра тое, наколькі важна клапаціцца пра зрок. У першай частцы комікса “Погляд у мінулае”, якая выйшла на беларускай мове, чытачы пазнаёміліся з галоўнай гераіняй Алесяй, якая знайшла стары дзённік і незвычайныя акуляры свайго дзядулі, з дапамогай якіх разам з сябрамі шукала выйсце з розных незвычайных сітуацый. У другой частцы “Не для чужых вачэй” разам са сваімі прыяцелямі Ільёй і Багданам дзяўчынка адпраўляецца на школьную экскурсію ў парк старажытных камянёў, дзе расшыфроўвае іншапланетныя пасланні, пакінутыя на старажытных валунах. Шанс сутыкнуцца з пазаземнымі цывілізацыямі такі прывабны! Але залішняя цікаўнасць не заўсёды даводзіць да дабра. У выніку дзеці апынуліся ў касмічным караблі. Чытачам неабходна дапамагчы Алесі і яе сябрам разгадаць таямніцу дзядулевага дзённіка і выбрацца з мудрагелістай пасткі.  

Як і ў папяровай версіі, у электронным коміксе прыгоды ге­рояў дапоўнены спецыяльнымі рэбусамі і практыкаваннямі для вачэй. Пазнаёміцца бліжэй з персанажамі гэтай гісторыі ў анлайн-фармаце таксама можна ў Viber і Telegram — для месенджараў выпушчана спецыяльная серыя стыкераў. Фінальны выпуск комікса “Я вижу!” выйдзе ў пачатку 2020 года. Арганізатары праекта паклапоцяцца пра тое, каб яго змаглі прачытаць усе жадаючыя. Спачатку традыцыйна ў друкаванай версіі, якая будзе распаўсюджвацца праз сетку магазінаў кампаніі OZ — партнёра выпуску серыі коміксаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.