Комплексная праверка БелАЭС не выявіла парушэнняў

“Грубыя парушэнні, якія непасрэдна ўплываюць на ўзровень ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, у ходзе комплекснай праверкі не зафіксаваны”, — адзначылі ў Дзяржатамнаглядзе.

У ходзе мерапрыемства правераны 26 суб’ектаў нагляду, у тым ліку заказчык (РУП “Беларуская атамная электрастанцыя”) і генеральны падрадчык (прадстаўніцтва інжынірынгавай кампаніі “АБЭ” ў Беларусі).

Праверка паказала, што дакументальнае афармленне сістэм кіравання і кантролю якасці арганізацый адпавядае патрабаванням нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічных нарматыўных прававых актаў Беларусі. Разам з тым выяўленыя кантрольнымі (нагляднымі) органамі парушэнні паказваюць, што павінна быць прадоўжана работа па ўдасканаленні працэдур у рамках функцыянавання названых сістэм, накіраваная на павышэнне ўзроўню ўзаемадзеяння заказчыка і генпадрадчыка.

Комплексная праверка адпаведнасці дзейнасці, што ажыццяўляецца арганізацыямі на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС, патрабаванням заканадаўства праведзена з 27 лістапада па 27 снежня 2017 года. У праверцы прынялі ўдзел прадстаўнікі кантралюючых (наглядных) органаў: Дзяржатамнагляду, Дзяржпрамнагляду, Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства ўнутраных спраў і спецыялізаванай інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Да ўдзелу ў комплекснай праверцы прыцягваўся таксама эксперт пастаяннай місіі Еўрапейскага саюза ў Беларусі для аказання кансультацыйнай падтрымкі ў мэтах удасканалення наглядных мерапрыемстваў, якія тычацца ацэнкі дзеючых у арганізацыях сістэм кіравання і кантролю якасці, з улікам еўрапейскага практычнага вопыту.